"Бабулі паказалі, як трэба скакаць". У Гомелі прайшоў карагодны этнафэст
19.05.2014 19:58
—
Новости Культуры
|
Прыемна здзівіў Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава ў мінулую нядзелю. Яго супрацоўнікі зладзілі шыкоўны этнафэст з удзелам фальклорных калектываў і лепшых гомельскіх гуртоў.
![]() На працягу дня ў Цэнтральным парку гучалі беларускія песні. Пляцоўка каля філіяла музея была такой прывабнай і пазітыўнай, што нават выпадковыя мінакі, якія спыняліся паслухаць адну песню, забываліся на свае справы і заставаліся да сканчэння свята. Адкрытыя галасы ў адкрытай прасторы - гэта магія. ![]() "Такога ў Гомелі яшчэ не было", - сказаў малады хлопец свайму сябру, які прытанцоўваў у такт музыцы. І сапраўды, такога маштабнага этнафэста з удзелам мясцовых гуртоў у горадзе раней не адбывалася. Этнакультура аб'яднала людзей усіх узростаў: тут былі дзеткі, падлеткі, юнакі і бабулі з дзядулямі. І ўсім было цікава разам, і надвор'е спрыяла. - Дзень музеяў супадае якраз з такім святам, калі на Веткаўшчыне "Стралу" вадзілі, то бок з веснавымі карагодамі. Можа, сёння нам гэтыя карагоды дапамаглі хмары разагнаць, і вячэрні блок таксама адбыўся без дажджу, - усміхаецца загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка. ![]() Арт-праект "Вокны" фатографа Алега Белавусава ўпрыгожваў будынак філіяла Веткаўскага музея: на вялікіх па памеры здымках адлюстраваны традыцыйныя беларускія абрады. - Карагодны фэст адбываецца ў рамках Міжнароднага дня музеяў. Гэта быў трэці, завяршальны дзень "Ночы музеяў", - распавёў Пятро Цалка. - Першы блок свята - аўтэнтычна традыцыйны. Разам з намі святкавалі фальклорныя калектывы Веткаўскага, Гомельскага і Чачэрскага раёнаў. Яны паказалі веснавую традыцыю карагодаў, якая засноўвалася на абрадах "Страла" Веткаўскага раёна, "Сула" Гомельскага раёна. Жанчыны прадэманстравалі, як гэта адбывалася раней - і вакальна, і харэаграфічна. Дарэчы, яны паказалі вясёлую частку традыцыйнай культуры - танцы, прыпеўкі. Бабулі, нягледзячы на ўзрост, паказалі, як трэба скакаць - з задорам, з весялосцю, з бадзёрасцю. ![]() На рамесніцкай пляцоўцы пад спевы можна было назіраць за ткацтвам дзяўчат з клуба "Параскева", за разьбой па дрэве гомельскага майстра-рэзчыка Барыса Васількова. ![]()
Да іх падыходзілі і людзі больш сталага ўзросту, затрымліваліся надоўга, было бачна, што яны ўспамінаюць сваё дзяцінства, калі гэтыя рамёствы былі яшчэ справай звычайнай. Ну і самае галоўнае: выстава ў музеі працавала бясплатна, і людзі, якім раней нешта перашкаджала зайсці ў музей, з задавальненнем разглядалі экспазіцыі "Дорога длиною в 400 лет", "Жывое рамяство" + "рЭвалюцыя неглюбскага ручніка" і клуб "Параскева" і іншыя. Напачатку туды заходзілі па 5-6 чалавек, напрыканцы фэста жадаючых было так шмат, што выстрайвалася чарга. Працаваў музей да 23 гадзін. ![]() Супрацоўнікі музея адзначылі, што фэст адбыўся і дзякуючы Юрыю Суліму. Дырэктар будаўнічай кампаніі "Лінія зносу" па сваёй дзейнасці далёкі ад культуры. Але бацька Суліма нарадзіўся ў Ветцы, і Юрый упэўнены, што нельга забывацца на свае карані.
- Гэты чалавек сапраўды разумее вартасць, гісторыю, культуру. Шмат культурных праектаў, якія ладзіць Веткаўскі музей, праходзяць пры яго падтрымцы, - распавялі яны. Тым часам а 20-й гадзіне пачалася музычная праграма "Як пушчу стралу...". Публіка заўважна змянілася: людзей больш сталага ўзросту стала значна меней, затое прыйшла моладзь. Гурт "Ягорава гара" спяваў больш лірычная песні. Пасля яго быў выступ фолк-фэнтэзі-гурта "Млын Сонца". ![]() Калі на пляцоўцы з'явіўся acoustic-ethno-rock-jazz-гурт BIFOLK, слухачы ўжо былі добра разагрэтыя беларускімі песнямі - хлопалі і таньчылі на ўсю моц. ![]() Трэба адзначыць, што ўсе тры гурты працуюць у фальклорным накірунку, апрацоўваючы традыцыйную культуру. Дзякуючы такім музычным праектам тое, што адышло з цягам часу, не ўспрымаецца сёння як архаіка. Наадварот, адчуваецца цесная сувязь паміж мінуўшчынай і сучаснасцю. Галоўнае, такая музыка падабаецца і старым, і малым. Напрыканцы ўсіх чакала яркае відовішча - фаер-шоу тэатра агню Atesh, пасля якога фэст быў скончаны. Але ніхто не хацеў разыходзіцца. На пляцоўку зноў выйшаў гурт "Ягорава гара", і ўсе дружна спявалі разам вясёлую песню "Лёлі-лелі, каліна, лелі, ягада мая", якую вывучылі па ходзе. Дадому пачалі разыходзіцца, калі ў парку ўжо не гарэлі ліхтары. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы ўсіх чакала фаер-шоу, пасля якога фэст быў скончаны. Але ніхто не хацеў разыходзіцца. На пляцоўку зноў выйшаў гурт "Ягорава гара", і ўсе дружна спявалі... |
|