Унікальныя кнігі Радзівіллаў прадставілі ў Мінску
17.04.2015 15:24
—
Новости Культуры
|
16 красавіка ў рамках ХІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў у музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (3-ці паверх) адкрылася выстава "Радзівілы і кніга", прысвечаная адметным творчым асобам аднаго з самых славутых магнацкіх родаў Еўропы. Многія з выданняў яшчэ ніколі не выстаўляліся і трапілі ў Беларусь зусім нядаўна.
– Тыя самыя буржуі, ці як яны іначай зваліся ў савецкіх энцыклапедыях, выпадкова сталі членамі старага вялікакняскага грамадства, паўнацэннымі ўдзельнікамі культурнага працэсу, і сёння ўжо кажуць "нашы Радзівілы" ў самым добрым разуменні. Яны шмат зрабілі, каб Беларусь стала краем багатай культуры. Яны добра вядомы як мецэнаты, эканамічныя рэфарматары, кіраўнікі палітыкі, ваяры, – кажа намеснік дырэкатара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай прадстаўнікі роду ўвайшлі ў шэрагі арыстакратыі Расіі, Прусіі, Аўстра-Венгрыі. Радзівілы – "некаранаваныя каралі", найбуйнейшы магнацкі род ВКЛ, якія вёў выдавецкую і асветніцкую дзейнасць, стварыў першы ў Беларусі прафесійны тэатр. Адна з найбунейшых у краіне бібліятэк, заснаваная родам у XVII стагоддзі, у сярэдзіне XVIII стагоддзя налічвала 9 тысяч тамоў, а ў 1772 годзе – больш за 20 тысяч тамоў. Калекцыя ўключала ў сябе кнігі антычных аўтараў, гістарычныя і юрыдычныя выданні, рэфармацыйныя творы. "Для Беларусі радзівілаўскі кнігазбор – прыклад уважлівага стаўлення да кнігі, да ўласнай і агульнаеўрапейкай інтэлектуальнай культуры. Гэта прыклад сапраўднай магнатэрыі", – кажа Аляксандр Суша. У экспазіцыі прадстаўлены экзэмпляры кніг ХVІ–XX стст. Сярод іх брэсцкія выданні 1566 года з друкарні, якая была заснавана Радзівілам Чорным і стала адной з першых на тэрыторыі Беларусі. На выстаўцы прадстаўлена знакамітая "Перэгрынацыя…" – дзённік падарожжаў Мікалая Крыштофа Радзівіла ў выданнях на лацінскай (1610) і польскай (1604) мовах. ![]() ![]() У наведвальнікаў выставы ёсць магчымасць убачыць адзіны на Беларусі экзэмпляр XVIII стагоддзя драматычных твораў Уршулі Радзівіл "Камедыі і трагедыі" з гравюрамі Міхала Жукоўскага, зробленымі па эскізах княгіні. ![]() Экспазіцыя змяшчае выключна цікавае, урачыста аздобленае першае выданне ўнікальнага музычнага твора оперы "Фауст" (Берлін, 1835) кампазітара, мецэната, палітыка, пачынальніка "берлінскай эры Радзівілаў" Антонія Генрыка Радзівіла. Гэта адзіны кампазітар, з якім нямецкі паэт Гётэ супрацоўнічаў як лібрэтыст. На выставе прадстаўленыя выданні творчай і эпісталярнай спадчыны Марыі Дароты Радзівіл – ініцыятаркі адраджэння Нясвіжскага замка і бібліятэкі ў канцы ХІХ стагоддзя. ![]() Многія з выданняў былі нядаўна вернутыя ў Беларусь пры падтрымцы дзяржавы і прыватных асоб і экспануюцца ўпершыню. З апошніх здабыткаў – мапа ВКЛ, перавыданне 1640 года з аднаго з атласаў, якая купленая з дапамогай дзяржавы. Кнігі Марыі Дароты Радзівіл з роду дэ Кастэлян – падарунак Веронікі Банькоўскай са Швейцарыі. ![]() Экспазіцыя будзе прадстаўленая па 31 траўня 2015 года. ![]() Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У экспазіцыі прадстаўлены экзэмпляры кніг ХVІ-XX стст. Многія з выданняў яшчэ ніколі не выстаўляліся і трапілі ў Беларусь нядаўна. |
|