У Магілёве кніг Святланы Алексіевіч не купіць — разабралі. 21.by

У Магілёве кніг Святланы Алексіевіч не купіць — разабралі

28.10.2015 20:20 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


За тры тыдні, як Святлане Алексіевіч прысудзілі Нобелеўскую прэмію, яе кнігі ў магілёўскіх кнігарнях не з'явіліся. А тыя, што былі, паразбіралі. Тым часам попыт на кнігі нобелеўскай лаўрэаткі, кажуць у кнігарнях, не спадае.




Кнігары кажуць: кнігі Святланы Алексіевіч разабралі адразу ж, як стала вядома, што яна ляўрэатка Нобелеўскай прэміі. Паводле загадчыкаў крамаў, да прысуджэння прэміі вялікага попыту на творы Алексіевіч не было.

«Кніг было нямала, але попыт малы быў на іх, — кажа загадчык магілёўскай кнігарні «Буква». — Адну кнігу куплялі на месяц. Гэта было да ўручэння прэміі. Як толькі усё здарылася, кніг ня стала ў нас. Новых паставак пакуль не было».

Паводле суразмоўцы, людзі пастаянна пытаюцца, ці ёсць у продажы кніжкі Алексіевіч. На пытанне, дзе раней набывалі яе кнігі, загадчык крамы адказаў: «Бралі ў менскім выдавецтве, а яны, у сваю чаргу, прывозілі з Масквы».

У іншых кнігарнях ня ўтойвалі, што кніг Алексіевіч у продажы было няшмат. Цяпер таваразнаўцы шукаюць, дзе іх прыдбаць.

«Мы замовілі гэтыя кніжкі, але з прычыны вялікага ажыятажу на ўсясветным узроўні нашу замову ня выканалі, — тлумачыць загадчыца яшчэ адной магілёўскай кнігарні. — Кніжкі проста разабралі ў Маскве. Іх там няма. Таму і ў нас іх пакуль няма».

У аб’яднанні «Магілёўкніга», якому падпарадкоўваецца бальшыня кнігарань гораду, запэўнілі: кнігі Алексіевіч з'явяцца на наступным тыдні. Іх прывязуць з маскоўскіх выдавецтваў.

Тым часам мінакі на магілёўскіх вуліцах, зь якімі ўдалося пагутарыць, прызнаваліся, што няшмат ведаюць пра творчасць першага беларускага нобелеўскага ляўрэата.

«Ці чулі вы пра такую пісьменніцу Святлану Алексіевіч?» — пытаюся ў магілёўцаў.

«Так, вядома», — заяўляе адзін зь першых суразмоуцаў. На пытанне, што ведае мужчына з творчасці пісьменніцы, прызнаецца: «Нічога. Я зь беларускіх пісьменнікаў нікога не чытаю. Ня умею чытаць па-беларуску». Заўвага журналіста, што Алексіевіч ня піша па-беларуску, магілёўца збянтэжыла. «Я усё адно не чытаў. Пра Нобелеўскую прэмію ёй я чуў. Цікава даведацца будзе, за што ёй яе ўручылі. Абавязкова, мо і кнігу яе прачытаю», — заключыў суразмоўца.

«Не, ня чула пра Алексіевіч, — падхоплівае наступная суразмоўніца. — І пра нобелеўскую прэмію, што ёй уручылі, нічога ня чула. Кажу як ёсць, шчыра».

«Яна нібыта Нобелеўскую прэмію атрымала», — нясмела выказваецца яшчэ адзін мінак. Мужчына перадпэнсійнага веку прызнаецца: кніжак Алексіевіч не чытаў. «Цяпер, пасля Нобелеўскай прэміі, хочацца прачытаць, але дзе тыя кніжкі купіць?», — заўважае ён.

На пытанне, чаму Аляксандр Лукашэнка гэтак нервова ўспрымае выказванні Святланы Алексіевіч, суразмоўца адказвае: «Наагул ягонае стаўленне да людзей дужа кепскае. Хоць ён і крычыць, што ён народны прэзідэнт».

Гутарка з наступным суразмоўцам выдалася працяглай. Адзін з твораў Алексіевіч, «У войны не женское лицо», мужчына чытаў. «Як празаік яна слабенькая, а вось як чалавек, які дужа добра перадае эмоцыі і сітуацыі, то яна ўражвае», — выказвае свой пункт гледжання на творчасць пісьменніцы магілёвец.

«Калі браць расейскамоўную літаратуру, то цяпер дужа цяжка некага знайсці, вартага Нобелеўскай прэміі, — дадае ён. — Яна ж выключна ў расейскай традыцыі піша і жыве. Яе цяжка далучыць да беларускіх пісьменнікаў».

На пытанне пра прычыны негатыўнтага стаўлення кіраўніка беларускай дзяржавы да Святланы Алексіевіч суразмоўца адказаў: «Тут чыста адміністрацыйны комплекс — маўляў, гэта чалавек, якому я нічога не магу зрабіць, бо гэта ляўрэат Нобелеўскай прэміі. Крыўдна з кімсьці яшчэ дзяліць вядомасць. Вось выбары, як вы, відаць, ведаеце, не прызналі, а выхадцу зь Беларусі далі прэмію».

Пра веданне творчасці Святланы Алексіевіч заявіла наступная суразмоўніца, жанчына сталага веку. Яна прызналася, што чытала толькі ўрыўкі з аднаго з твораў пісьменніцы ў адным зь літаратурных часопісаў. «Чытала пра жанчын, якія прайшлі вайну. Гэта былі страшныя гісторыі. Дужа эмацыйныя», — сказала жанчына.

Кепскіх выказванняў пісьменніцы пра Беларусь суразмоўніца ня чула, аднак пра прычыны негатыўнага стаўлення Аляксандра Лукашэнкі да Алексіевіч выказала меркаванне: «Яна такі чалавек, які кажа праўду, і дужа вострую праўду, а вось праўда не заўжды ўсім падабаецца».




Алесь АСІПЦОЎ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да прысуджэння прэміі вялікага попыту на творы Алексіевіч не было. Але яе кнігі разабралі адразу ж, як стала вядома, што яна ляўрэатка Нобелеўскай прэміі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика