З'явіўся інтэрнэт-гід па старых гарадзенскіх могілках
04.11.2015 21:58
—
Новости Культуры
|
Турыстам і жыхарам Гродна прапануюць прыняць удзел у онлайн- і офлайн-экскурсіі па старых гарадзенскіх могілках. Віртуальную карту некропаля стварылі гісторыкі з суполкі «Варштат ідэй». На віртуальнай мапе пазначаныя 50 пахаванняў на каталіцкіх і праваслаўных могілках. Гэта месцы спачыну вядомых асобаў, якія паўплывалі на развіццё горада: дзеячы навукі і культуры, прадстаўнікі ўлады, вайскоўцы, духавенства. Аўтары мапы таксама вылучылі надмагіллі, якія маюць высокую мастацкую каштоўнасць, адлюстроўваюць сімволіку смерці і журботы. Вандроўнік па могілках убачыць тут месцы пахавання маці Максіма Багдановіча Марыі Багдановіч, уласнікаў дома ля Савецкай плошчы купцоў Мураўёвых, паэта Міхася Васілька, генерала Сяргея Ланскога, аўтара надмагілляў Баляслава Шышкевіча. Цікава, што большая частка магіл — на каталіцкіх могілках, бо яны лепш захаваліся. Кожны пункт мапы прадстаўляе сабой інфармацыю пра памерлага і асаблівасці яго пахавальнага помніка ды фотаздымак, як выглядае надмагілле. Акрамя помнікаў тут можна ўбачыць царкву Святой Марфы і капліцу Уваскрасення Хрыстова з праваслаўнага боку. Віртуальная мапа размешчана на GoogleMaps у адкрытым доступе. Тэкст у ёй па-беларуску. У будучым плануецца павялічваць колькасць каштоўных надмагілляў. Папяровы аналаг мапы старых могілак можна ўзяць бясплатна ў «Краме Ц» на Вялікай Траецкай вуліцы і галерэі «Ткалля» на Замкавай вуліцы. Папяровую мапу намалявала мастачка Наталля Клімовіч. Яна адрозніваецца тым, што ў ёй зроблены акцэнт на значнасць асобаў, а не на мастацкую каштоўнасць помнікаў. Колькасць пунктаў менш, чым у інтэрнэт-версіі. Аўтары дапаможніка па «горадзе памерлых» заахвочваюць як да віртуальнай, так і да рэальнай экскурсіі - з мапай на мабільным ці планшэце ў руцэ. Праект увасобілі ў жыццё, бо гарадзенскія могілкі - самыя старыя ў Беларусі. Яны па сваёй значнасці і каштоўнасці стаяць побач з некропалямі Росы ў Вільні, Лычакоўскімі ў Львове, Павонзкаўскімі ў Варшаве. — Гэты праект спрыяе пашырэнню памяці гарадзенцаў і паглыбленню гісторыі. Мапа адлюстроўвае мастацкія густы былых часоў і пахавальную традыцыю мінулага, — адзначыла гісторык Таццяна Касатая. Гісторыкі плануюць звярнуцца ў Міністэрства культуры Беларусі з просьбай аб унясенні гарадзенскіх старых могілак у ахоўны спіс спадчыны, каб абараніць ад разбурэння як асобныя каштоўныя магілы, так і цэлы комплекс некропаля.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Турыстам і жыхарам Гродна прапануюць прыняць удзел у онлайн- і офлайн-экскурсіі па старых гарадзенскіх могілках. Віртуальную карту некропаля стварылі гісторыкі.
|
|