«Галіяфы» раскансервуюць Траецкае прадмесце. 21.by

«Галіяфы» раскансервуюць Траецкае прадмесце

30.11.2015 18:24 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Гэтым разам кніжная крама адчыніць свае дзверы ў Траецкім прадмесці 3 снежня. “Нельга сказаць, што я не хвалююся, адкрываючы кнігарню другі раз”, — распавёў дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнеў.




Кніжная крама выдавецтва “Галіяфы” праіснавала пяць месяцаў і была закрыта ў лютым 2015 года.

“Адкрыццё крамы зараз — гэта быў даволі прадуманы крок”, — падкрэсліў Вішнеў. Па яго словах, рызыка застаецца вялікай: “Уласнымі сіламі мы зладзілі папярэднюю краму, і гэтым разам адрываем кнігарню такім жа чынам”.

Дызайнер Дзяніс Трапашка, які зараз працуе над выглядам новай кнігарні, сціпла перакананы, што гэта будзе лепшая крама ў горадзе, калі не ў свеце. Праўда, за тры дні да адкрыцця на падлозе яшчэ ляжаць дошкі, якія стануць сцелажамі. Але каманда ўпэўнена, што ўсё паспеюць: “Гэта ўжо наша традыцыя”.




Сярод запрошаных на адкрыццё крамы — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, пісьменнік і перакладчык Альгерд Бахарэвіч, літаратар і мастак Адам Глобус, паэт Сяржук Сыс. Каб вытрымаць гендарны баланс, 3 снежня ў краму завітаюць Вольга Гапеева, Вольга Шпалага і Таццяна Бурлак. На мерапрыемстве выступяць група «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk», музыканты Уладзіслаў Бубен і Яўген Рагозін.

Новая пляцоўка стане не толькі месцам для продажы кніг выдавецтва. Тут будуць ладзіць прэзентацыі, вечарыны, клубныя сустрэчы і іншыя імпрэзы. Ад даты адкрыцця і да Новага году распісаныя ўсе вечары. Першым вялікім праектам стане тыдзень Бум-Бам-Лiту, яго адкрыццё адбудзецца 8 снежня.

“Кнігарня будзе дзейнічаць у шмат якіх накірунках. Галоўным стрыжнем, вядома, будзе літаратура. Але мы знойдзем месца і для іншых мастацтваў, каб крама стала гібрыднай пляцоўкай”, — распавёў Вішнеў.

Новая месца для кнігарні шукалі ледзь што не цэлым светам.

“Былі розныя і цікавыя варыянты. Крызісныя з’явы, што зараз адбываюцца ў розных галінах, далі нам магчымасць выбару прасторы. Гэтага не было, калі мы адкрываліся на Валгаградскай. Цяпер шмат чаго пабудавалі, шмат вызвалілася месцаў, таму ў нас быў вялікі выбар, — адзначыў Зміцер. — Арэнда тут вышэй, чым у некаторых іншых раёнах горада. Але мы вырашылі, што лепей адкрыцца у Траецкім, бо само месца даволі сваеасаблівае. Тут ёсць адчуванне менскай прасторы”.

На погляд Вішнева, пэўная творчая атмасфера у прадмесці на сёння закансерваваная, яна занадта музейная і нават савецкая: “Мы спадзяемся, што наша кнігарня трошкі развесяліць гэта месца, будзе ажыўляць прастору. Вакол выдавецтва сфарміравалася пэўная суполка. У кнігарні яны змогуць сустракацца з чытачамі і распавядаць пра сябе і абменьвацца думкамі з калегамі”.

По словах Вішнева, таксама будзе адноўлена літаратурнае аб’яднанне “Вобла”, “што будзе тут збірацца штотыднёва, яго будзе весці Ігар Жалткоў. Гэта такая міні-школа для аўтараў-пачаткоўцаў, якія хочуць прыйсці ў прафесійную літаратуру. Таксама аднавім літаратурную кавярну, ужо прывезлі каваапарат”.

Траецкае прадмесце — адна з найвыбітнейшых турыстычных кропак горада. Тут ужо ёсць крамы з сувенірамі, і кнігарня будзе вельмі дарэчы: “Гэта будзе такі творчы ўзаемаабмен. Замежнікі змогуць набыць і карціны беларускіх майстроў, і творы беларускіх пісьменнікаў”.

Зміцер Вішнеў адзначыў, што ў беларускай літаратуры апошнім часам з’явілася некалькі гучных імёнаў, але іх пакуль мала:

“Выбітных пісьменнікаў можна пералічыць па пальцах. З’явілася шмат маладых аўтараў, якім трэба яшчэ працаваць, якія могуць вырасці ў сур’ёзных літаратараў. Але яны яшчэ не расквітнелі напоўніцу. Спадзяюся, што наша пляцоўка дапаможа ім ў развіцці. А калі казаць пра наведвальнікаў, то і на сёння ў літаратуры нашай краіны для чытача з любым густам можна падабраць вартыя яго ўвагі кнігі”.

“У нас моцная каманда. У ёй яшчэ ёсць вакантныя месцы, але нават з тымі людзьмі, якія ў яе ўжо ўвайшлі, мы спадзяемся, што зладзім тут месца, якое будзе цікава людзям з рознымі інтарэсамі і поглядамі”, — перакананы Вішнеў.



Марыя ГРЫЦ
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адноўленая кнігарня стане мульціпраектам для турыстаў і менчукоў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика