Калі гандаль добры на "Казюкі", то і год будзе ўдалы. Свята рамеснікаў прайшло ў Гродне. 21.by

Калі гандаль добры на "Казюкі", то і год будзе ўдалы. Свята рамеснікаў прайшло ў Гродне

04.03.2017 19:36 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Традыцыйнае свята рамеснікаў «Казюкі» ў Гродне сёлета прыпала на выходны: пляцоўка кірмаша ў параўнанні з мінулым годам павялічылася, майстроў і наведнікаў стала больш, дадаўся таксама зусім новы элемент — прысвячэнне маладых майстроў у рамеснікі. Пры гэтым далёка не ўсе мінакі, што праходзілі праз Савецкую плошчу, ведалі, што ж гэта за свята.

Свята «Казюкі» прысвечана святому Казіміру — польскаму каралевічу і літоўскаму княжычу, які памёр маладым у Гродне, быў прызнаны святым і лічыцца заступнікам майстроў і рамеснікаў. Гродна і Вільня — гарады, дзе асобу святога асабліва шануюць і 4 сакавіка праводзяць у яго гонар кірмашы.


Савецкая плошча, дзе ў гэтым годзе размясцілі кірмаш, цалкам адпавядае тэматыцы свята — тут цягам стагоддзяў ішоў бойкі гандаль. На «Казюкі» тая традыцыя адраджаецца, пры чым гандлююць літаральна ўсім: ганчарнымі вырабамі, музычнымі інструментамі, вышыванкамі, плюшавымі забаўкамі, кавальскімі вырабамі і нават шпакоўнямі. Былі тут і традыцыйныя гродзенскія велікодныя вербы, занесеныя ў спіс культурнай спадчыны.









На плошчы змагло размясціцца значна больш рамеснікаў, чым раней на вуліцы Савецкай. Некаторыя, каб заняць добрае месца, нават прыходзілі яшчэ ў цемры — у 6 гадзін раніцы. Сярод майстроў ёсць павер’е — калі на «Казюкі» будзе добры гандаль, то такі ж ён будзе і ўвесь год.

Сваю творчасць прадстаўлялі не толькі індывідуальныя асобы, але таксама і цэнтры рамёстваў з розных раёнаў Гродзеншчыны. Было месца і для інтэрактыву — можна было адчаканіць манету, паспрабаваць сябе ў кавальстве.


Навінкай свята было прысвячэнне ў майстры маладой сям'і рамеснікаў Цярцічных. Галоўны майстар на сцэне ацэньваў іх вырабы — гадзіннікі з дубовага дрэва. Ён хадзіў з драўлянай лыжкай — калі стукаў па ілбе маладому рамесніку, значыць трэба рыхтавацца яшчэ год, калі ж стукаў па далонях — значыць прымае ў супольнасць творцаў. Сям’я Цярцічных атрымала лыжкай па руках.


Прысвячэнне ў майстры сям'і Цярцічных

Прысвячэнне ў майстры сям'і Цярцічных

«Мы займаемся сувенірамі: робім гадзіннікі, магніцікі, а нядаўна пачалі рабіць гумкі для валасоў, гальштукі-матылькі з шпону — спалучаем дрэва і дэкупаж», — расказаў Аляксей Цярцічны. У яго сям'і ўсе займаюцца нейкай творчасцю: бацька ўжо 20 гадоў апрацоўвае дрэва, маці робіць лялькі і тканыя паясы, сястра — мастачка. Таму і жонка Ірына, трапіўшы ў сям’ю мужа, хутка далучылася і знайшла сябе ў дэкупажы.

Першы гадзіннік яны зрабілі амаль выпадкова — застаўся не выкарыстаным матэрыял з сабачай будкі. З часам палепшылася якасць і знешні выгляд іх работ, але ідэя не змянілася — гадзіннік выкананы з дуба, на ім ёсць нейкая цікавая выява. Працаваць з дрэвам Аляксею падабаецца, ён з дзяцінства звязаны з гэтай працай, а са сталярскай працы бацькі пэўны час нават утрымлівалася сям’я.

У планах сям'і Цярцічных — паляпшаць сваю адукацыю ў мастацкай сферы і, магчыма, перайсці ў будучыні ад дэкупажу да роспісу.










Акрамя беларускіх майстроў, на «Казюкі» ў Гродна прыехалі і госці з Літвы ды Польшчы, пры чым з апошняй — цэлы аўтобус з 27 чалавек з ваяводскага цэнтра культуры ў Беластоку. Дарэчы, пра бязвізавы рэжым яны яшчэ не чулі, але групавая віза ўсё роўна абыходзіцца танней, чым турыстычны пропуск.

Хаця Казюкі афіцыйна ладзяцца ў Гродне Саюзам палякаў і гарадскімі ўладамі ўжо шмат гадоў, не ўсё наведнікі кірмаша добра ўяўлялі, на якое свята патрапілі і хто такі святы Казімір. Дарэчы, ужо шмат гадоў у Гродне гэта свята праходзіць двойчы: на Савецкай яго ладзіць афіцыйны Саюз палякаў, а пазней сваё свята арганізуе СПБ, які не прызнаюць беларускія ўлады, але з якім супрацоўнічае Варшава. Сёлета альтэрнатыўныя «Казюкі» пройдуць 5 сакавіка ў памяшканні Генеральнага консульства Польшчы па вуліцы Будзёнага.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Традыцыйнае свята рамеснікаў "Казюкі" ў Гродне сёлета прыпала на выходны: пляцоўка кірмаша ў параўнанні з мінулым годам павялічылася, майстроў і наведнікаў стала...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика