Што прыходзіць у галаву, калі заходзіць размова пра Альшаны? Упэўнена, большасць чытачоў адкажа – агуркі.
Яшчэ ў канцы 70-х гадоў кемлівыя альшанцы прыкмецілі, што агурок можа прыносіць прыбытак, і пачалі будаваць парнікі.
Час змяніўся і змяніліся тэхналогіі. Але агурок дагэтуль у пашане. Вялізныя парнікі па некалькі сотак маюць не толькі альшанцы. Зарабіць капейку сваім мазалём імкнуцца і жыхары суседніх вёсак.
Штогод з’яўляюцца новыя гатункі агуркоў, як і безліч спецыяльных прэпаратаў, каб засцерагчы “карміцеля” ад кляшча, завядання, сажы і іншых хвароб. А колькі працаваць патрэбна! На досвітку ўставаць, палоць, пасынкаваць, падвязваць, зрываць, паліваць, апырскваць. І так на працягу ўсяго сезона.
І вось адбылася прыемная падзея: у Альшанах у скверы каля кафэ-піцэрыі і банкетнай залы “Альшанскі маёнтак”, які знаходзіцца ў завулку Фестывальным, з’явіўся помнік агурку.
Устанавіць агурок было адразу ў планах уладальнікаў “Альшанскага маёнтка”, як і разбіць сквер, каб людзі маглі адпачыць пасля рабочага дня. Вакол помніка ёсць ліхтары, лавачкі і нават фантаны, якія падсвечваюцца ўначы. Атрымалася вельмі прыгожа.
Як адзначаюць дзяўчаты, якія працуюць у кафэ-піцэрыі афіцыянткамі, з пачаткам сезона жадаючых палюбавацца хараством вельмі многа. Гэта як маладыя сем’і з дзецьмі, так і людзі старэйшага ўзросту. Тым больш, што і кліентаў у “Альшанскім маёнтку” заўсёды хапае. Адчынілася летняя веранда, дзе можна пася-дзець цёплым вечарам, а ўнутры месца хапае для ўсіх жадаючых.
У сацыяльных сетках ужо нямала фотаздымкаў як мясцовых жыхароў, так і гасцей каля новай славутасці аграгарадка – агурка, які даўно стаў сапраўдным сімвалам Альшан.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара