Працягваецца ўборачная кампанія, а разам з ёю пашырае геаграфію сваіх падарожжаў па Століншчыне і аўтаклуб раённай клубнай сістэмы (загадчык Таццяна Цупа). На гэты раз работнікі культуры завіталі ў Плотніцу і Стахава.
Працаўнікі сяла шчыравалі на збожжатаках, работа кіпела ў кожнай гаспадарцы. Дарэчы прыйшліся і канцэртныя праграмы, якія падрыхтавалі ўдзельнікі народнага творчага клуба “Альтанка” (кіраўнік Ніна Лісавец) і народнага клуба аматараў песні “Ярок” (кіраўнік Валерый Шуркала). У іх выкананні прагучалі песні на беларускай і рускай мовах, што спадабаліся прысутным сваёй мілагучнасцю і душэўнасцю. Не абышлося без жартаў і надзённага гумару. Артысты далі магчымасць працаўнікам сяла крышачку адпачыць ад цяжкай працы ды і пасмяяцца ад душы.
На гукі музыкі, што лілася па ўсёй ваколіцы ў в. Стахава, прыйшлі людзі, што жывуць непадалёку. Некаторыя завіталі, каб паглядзець канцэрт разам з дзецьмі. Зацікавіла выступленне гасцей са Століна вадзіцеляў, што праязджалі міма. Яны спыняліся і таксама ўважліва сачылі за ходам канцэртнай праграмы. Неўзабаве прывезлі абед, але ніхто не крануўся з месца: усе ўважліва сачылі за артыстамі і дружна ім апладзіравалі. Вакол імправізаванай сцэны сабралася шмат гледачоў і тэхнікі.
Канцэртная праграма скончылася, а людзі не хацелі развітвацца з гасцямі. Яны дзякавалі артыстам за выступленне, жадалі натхнення і плёну ў працы. Пасля ўсе жадаючыя зрабілі агульны здымак на памяць пра сустрэчу.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Таццяна Васільеўна Дабрынец адзначыла, што творчыя калектывы абавязкова наведаюць і іншыя гаспадаркі раёна, каб падарыць працаўнікам сяла добры настрой і крышачку свайго пазітыву. Ніхто не будзе спрачацца з тым, што праца ў час уборачнай кампаніі вельмі цяжкая, але патрэбная. Яе вынік – залатыя горы збажыны, кожнае зярнятка, што беражліва дагледжана хлебаробам, духмяны бохан хлеба на нашым стале.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара