Алесь Зайка. “Мікратапаніміка Івацэвіччыны”...
19.09.2018
—
Новости Культуры
|
Аўтара няма з намі, а кнігі яго выходзяць… На жаль, жыццё нашага земляка, улюбёнага ў сваю родную зямлю пісьменніка, этнографа, краязнаўцы Алеся Фаміча Зайкі абарвалася раптоўна і нечакана. Дзве наступныя кнігі былі завершаны ім, над імі пачалася выдавецкая праца, але пабачыць першую з выдадзеных новых кніг – “Мікратапаніміка Івацэвіччыны” Алесь Фаміч не паспеў.
Днямі літаральна ў Мінску, у выдавецтве “Тэхналогія” пад рэдакцыяй Марыі Кавальчук і Зміцера Санько выйшла гэтая кніга. Пра што яна? У чым яе каштоўнасць для нас, жыхароў Івацэвіччыны і для навукоўцаў-спецыялістаў?
Любую этнаграфічную кнігу цяжка пераацаніць. Бо ў такіх кнігах сістэматызуецца і захоўваецца ўжо навечна самая вялікая нематэрыяльная каштоўнасць народа – яго моўнае багацце. Мікратапаніміка – гэта назвы. Але не населеных пунктаў, а лясоў, балот, ручаёў, урочышчаў… Такія назвы ўзнікаюць у лакальнай супольнасці людзей, бо ёсць натуральная патрэба ў гэтым, каб патлумачыць, дзе тое месца, як да яго дайсці. І вось у гэтых назвах – назіральнасць нашых людзей, іх уменне часцей адным яскравым, дакладным і запамінальным словам ахарактарызаваць месца. У гэтых назвах яшчэ і прыхаваная паэтыка, фантазія і любоў да родных мясцін, часам – добрая ўсмешка. Самі пабачце: Ветрыліца – ніўка невялікая, Відавец – блізкі лес, там і стары не заблукае, Калодзезік – урочышча, Малавіды – лес, Мядзведжы калодзеж – лес, Нагавіцы – балота, Паповы грады – балота, а Бабарота – ніўка.
Мікратапаніміка для навукоўцаў грае сваю выключную ролю, бо дазваляе адсочваць распаўсюджванне тых ці іншых паняццяў, тэрмінаў, на аснове чаго складаюцца і моўныя карты, і робяцца іншыя вывады.
У цэлым жа, гэтая кніга дэманструе нам у чарговы раз лінгвістычнае багацце нашага народа, яго моўную трапнасць і дасканаласць.
Мікратапонімы, на жаль, не такія даўгавечныя, як іншыя словы. Асушваецца балота, да прыкладу, і замест астравоў ды ручаёў, азярын ды гіблых месцаў рассцілаецца шэрая роўнядзь. Канешне, і назвы тады тых астраўкоў ды ўрочышчаў не маюць больш сэнсу, сціраюцца з памяці людской. Таму яшчэ так важна захаваць тое, што пакуль помнім і ведаем.
Кніга Алеся Зайкі зноў жа зроблена з усімі патрабаваннямі і нормамі навуковай працы. Запісаны не проста тапонімы, але і іх крыніцы – дзе было пачутае слова, да чаго адносілася назва. Гэта – упарадкаваны слоўнік прыгожых, як кажуць лінгвісты, смачных назваў самых розных нашых мясцін.
Дзе набыць кнігу? Калі ласка, звяртайцеся ў рэдакцыю да аўтара гэтых радкоў у рабочыя дні. Кошт асобніка – 20 рублёў. Так, не самая танная, але выдатная паліграфія, цвёрдая вокладка, якасны друк – гэта будзе яшчэ і добры падарунак сябрам на памяць аб нашай Івацэвіччыне. І безумоўна, такая кніга проста неабходная кожнай нашай бібліятэцы, каб скарбонка нашай спадчыны папоўнілася чарговым каштоўным набыткам. Калі хто яшчэ жадае набыць кнігу “Прымаўкі і прыказкі Косаўшчыны” гэтаксама выдатнай паліграфічнай якасці – яна ў нас ёсць.
Тым часам у рэдакцыі нашай раёнкі ідзе праца над выданнем яшчэ адной кнігі Алеся Фаміча, прысвечанай 500-годдзю Івацэвічаў. Мы зробім усё магчымае, каб і яна атрымалася дыхтоўным выданнем, годным і для падарунка дарагому госцю, і для паліцы бібліятэкі.
Валерый Гапееў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямі літаральна ў Мінску, у выдавецтве “Тэхналогія” пад рэдакцыяй Марыі Кавальчук і Зміцера Санько выйшла гэтая кніга....
|
|