Рарытэты малой радзімы: “Знак вышыні. Міністэрства грамадскіх работ”. 21.by

Рарытэты малой радзімы: “Знак вышыні. Міністэрства грамадскіх работ”

24.09.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дапытлівы наведвальнік архітэктурных помнікаў звяртае ўвагу на любыя дробязі, якія знаходзяцца на даследуемых пабудовах. Яны з’яўляюцца не толькі каштоўнымі памяткамі мінулага, але таксама нагадваюць аб падзеі, з нагоды якой былі ўсталяваны. Доўгі час не мог зразумець прызначэнне прымацаваных да падмуркаў невялікіх металічных знакаў, асабліва цікавілі сярод іх знакі з надпісам “Znak wysokosci. M.R.P.” і выявай арла пасярэдзіне. Раскрыць таямніцу дапамаглі краязнаўцы з брэсцкага рэгіёна. Падзяліўшыся каштоўнай інфармацыяй па дадзенай тэматыцы, яны прапанавалі прыняць удзел у сумесным геапошуку аналагічных аб’ектаў на тэрыторыі былой Віленшчыны, які мае новамодную назву - бенчмаркінг. У выніку сёлетняга займальнага і адначасова захапляльнага занятку адкрылася яшчэ адна малавядомая старонка нашай гісторыі.

Солы_костел.jpg

Геадэзічны рэпер на будынку Сольскага касцёла.


Для дакладнага вымярэння вышыні пунктаў зямной паверхні адносна ўзроўню мора служыць нівелірная сетка. З яе дапамогай выконваюцца розныя інжынерныя і будаўнічыя работы, выкарыстоўваецца яна для тапаграфічных здымкаў мясцовасці. Складаецца такая сетка з уцэментаваных у сцены будынкаў металічных маркераў вышыні ці геадэзічных сцянных рэпераў. Іх можна заўважыць на цокальнай частцы Навагрудскага фарнага, Ашмянскага і Гальшанскага касцёлаў, на мемарыяльным помніку нямецкага вайсковага магільніка ў Дзясятніках, іншых мураваных помніках дойлідства. 

У нашым раёне такі знак з міжваеннага часу мінулага стагоддзя захаваўся на контрфорсе пры ўваходзе ў Сольскі касцёл. Яго вонкавая частка прадстаўляе сабой металічны дыск дыяметрам 7 см з паўкруглым выступам зверху, на які мацуецца нівелірная рэйка пры правядзенні вымяральных работ. На паверхні балта такую назву таксама мае гэты знак у польскамоўных крыніцах, размешчаны тагачасны дзяржаўны гербавы арол і надпіс, пераклад і расшыфроўка скарачэнняў якога азначаюць: “Знак вышыні. Міністэрства грамадскіх работ”.

З публікацыі “У справе нівелірных знакаў”, змешчанай у “Ведамасцях Віленскай архідэацэзіі” ад 25 сакавіка 1929 года, стаў вядомы час пачатку работ па ўмацаванні знакаў. Канцлер курыі, ксёндз Савіцкі, даводзіў інфармацыю да пробашчаў касцёлаў Віленшчыны, што Міністэрства грамадскіх работ па меры правядзення нівелірных работ будзе падаваць да ведама спісы касцёлаў і касцельных будынкаў, на мурах якіх будуць убудаваны рэперы. Давалася таксама супакойваючае тлумачэнне аб тым, што каля рэпераў не будуць знаходзіцца ніякія надпісы і табліцы. Знакі маюць невялікія памеры, таму яны не сталі прычынай знявечання і пашкоджання сценаў ці цокаляў муроў рэлігійных святыняў.

Магчыма, аналагічныя рэперы знаходзіліся на іншых аб’ектах па лініі старога Віленскага паштовага тракта, ці як яго называлі ў тую пару “тракта Напалеона”. Складаныя часы ў лёсе рэлігійных святыняў і пазнейшае аднаўленне не захавалі да нашых дзён на мурах храмаў даўнейшыя польскія рэперы. Разам з тым, на фасадных падмурках касцёлаў у Вішневе і Жодзішках, з правага боку ад уваходу, можна заўважыць рэперныя знакі з савецкага мінулага. На іх паверхні пазначаны пакуль нерасшыфраваны надпіс “УВТ” з нумарам, але ў любым выпадку гэтыя геадэзічныя кантрольныя пункты з’яўляюцца каштоўнымі гістарычнымі памяткамі.

Пасля ліквідацыі Міністэрства грамадскіх работ з 1 ліпеня 1932 года ўсе работы па нівеліраванні працягнула Міністэрства камунікацый. У гэтым і наступным годзе праводзілася прэцызійнае, ці высокадакладнае, нівеліраванне па чыгуначнай лініі Нова Вілейка – Маладзечна. Для вымярэння гэтай лініі нівелірнай сеткі выкарыстоўваліся “цэйсаўскія” інструменты, кожны прамежак паміж двума рэперамі вымяраўся як у адзін, так і другі бок. Пры магчымасці, вымярэнні праводзіліся ў розныя дні і розны час дня.

Рэперы ўмацоўваюцца на апорах чыгуначных мастоў і віадукаў, падмурках будак чыгуначных аглядчыкаў, сценах вакзальных памяшканняў і іншых мураваных станцыйных будынках. На смаргонскім участку чыгункі закладваецца 16 рэпераў: 11 сцянных рэпераў у выглядзе балта, 4 таблічкавыя рэперы і адзін нівеліцыйны камень з клёпкай і падземным балтом.

Белосельский_станция.jpg

Геадэзічны рэпер на будынку паўстанка Беласельскі.


Для нас цікавым з’яўляецца той факт, што балтавы рэпер захаваў сваю ранейшую форму і выгляд, акрамя адной змены. Замест надпіса “M.R.P.” быў ужыты надпіс “P.N.”, што расшыфроўваецца як “прэцызійнае нівеліраванне”. Пазнаёміцца з адзіным такім знакам, захаваўшымся да нашых дзён, можна на чыгуначным масце праз безназоўны левы прыток рэчкі Гервяткі, на апоры маста з боку Смаргоні.

Пры правядзенні высокадакладнага нівеліравання на нашай чыгуначнай лініі былі ўжыты таксама рэперы ў выглядзе таблічак у латуннай аправе. Закладзены яны былі ў сцены трывалых станцыйных будынкаў на вышыні 1,8 м над зямлёй. Пунктам адліку вышыні ў такіх рэперах з’яўляецца адтуліна пасярэдзіне, у якую ўстаўляецца шпілька і падвешвецца спецыяльная рэйка для вымярэнняў. З чатырох таблічных рэпераў на смаргонскім прамежку чыгункі захаваліся такія знакі на жылым доме чыгуначнікаў побач са станцыяй Солы і на будынку паўстанка Беласельскі. На жаль, таблічкі на смаргонскім і залескім вакзальных будынках былі страчаны. Па звестках “Каталога вышынь Міністэрства камунікацый” за 1939 год, вышыня рэпера адносна ўзроўню мора ў Амстэрдаме на сольскім будынку складае 154 м 51см, а ў Беласельскім – 157 м 87 см.

Некалькі разоў рабіліся спробы знайсці і аднавіць месца фундаментальнага каменнага рэпера з клёпкай і падземным балтом, які быў закладзены недалёка ад Гавуцеўскага пераезда. Пакуль што пошукі былі безвыніковымі.

З развіццём новых высокадакладных тэхналогій вымярэнняў геадэзічныя пункты, у тым ліку і сцянныя рэперы, паступова страчваюць сваё значэнне. У гэтай сувязі яны павольна, але ўпэўнена знікаюць пры зносе будынкаў ці рэканструкцыі камунікацый, затынкоўваюцца ці пакрываюцца іншым матэрыялам. Але, не маючы ранейшага практычнага выкарыстання, міжваенныя рэперы захоўваюць значную гістарычную каштоўнасць. Сваім існаваннем нагадваюць пра мінулыя геадэзічныя работы, з’яўляюцца помнікамі развіцця навукі, і мы павінны ашчадна да іх ставіцца.

Уладзімір ПРЫХАЧ. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дапытлівы наведвальнік архітэктурных помнікаў звяртае ўвагу на любыя дробязі, якія знаходзяцца на даследуемых пабудовах. Яны з’яўляюцца не толькі каштоўнымі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика