Прыгоды маладой Марыі
10.11.2018
—
Новости Культуры
|
Да 240-й гадавіны з дня нараджэння Марыі Нэры-Агінскай
Італьянка Марыя Нэры, другая жонка Міхала Клеафаса Агінскага, з’яўляецца заснавальніцай вялікага і каларытнага сузор’я нашчадкаў, прадаўжальнікаў ліній дачок Амеліі, Эмы, Іды і сына Ірэнеўша Агінскіх у сямі наступных пакаленнях, гэта значыць, ад пачатку ХІХ ст. да пачатку ХХІ. Калі палічыць усіх нашчадкаў (а гэтую магчымасць даюць сучасныя польскія генеалагічныя табліцы), то атрымаецца, што іх больш за 150 чалавек, і род гэты працягвае павялічвацца, хаця ўжо пад іншымі прозвішчамі і ў іншых краінах свету. Сярод нашчадкаў Марыі і Міхала Клеафаса многа вядомых дзеячаў гаспадаркі і мастацтва. А вось пра іх родапачынальніцу Марыю Нэры-Агінскую біёграфы М. К. Агінскага звестак падаюць мала. Прынята лічыць, што яна была на 13 гадоў маладзейшай за Міхала Клеафаса, прынамсі, на час прыезду на жыхарства ў Залессе ў 1802 г. яму было 37 гадоў, а ёй - нейкіх 24. Таму сёлета мы маем магчымасць адзначыць яе 240-годдзе і памянуць гэтую неардынарную жанчыну, каханую жонку і гаспадыню Залесся. Вядома, што пасля смерці Міхала Клеафаса ў Фларэнцыі (у 1833 г.) Марыя яшчэ некалькі год правяла ў Залессі, а ў 1843 г. выехала жыць і лячыцца ў Італію, дзе памерла і пахавана ў г. Пізе.
Гэта былі самыя сапраўдныя жыццёвыя прыгоды, бо які ж вялікі і няпросты шлях патрэбна было пераадолець дачцэ беднага карчмара, каб урэшце стаць законнай жонкай арыстакрата з такога славутага старадаўняга роду, як Агінскія! Праўда, нататкі Мараўскага па танальнасці падобныя на банальныя плёткі, ён з асуджэннем піша пра некаторыя ўчынкі Марыі. Але мы павінны памятаць, што ён выказвае традыцыйныя погляды мужчыны пачатку ХІХ ст., калі жанчына была абмежавана шмат у чым. Да таго ж яго бацьку і Марыю звязвалі асабістыя адносіны і некаторыя прыкрыя абставіны. На жаль, іншых крыніц мы не маем, каб параўнаць з імі звесткі С. Мараўскага і вызначыць ступень іх аб’ектыўнасці. У самым пачатку сваёй кнігі Мараўскі называе сенатаршу Агінскую «славутай і асаблівай з многіх бакоў жанчынай» і расказвае пра яе маладосць, праведзеную ў італьянскай Венецыі, дзе яна нарадзілася. Трэба зазначыць, што Марыя выйшла замуж за М. К. Агінскага ўжо ўдавой жмудскага магната і касцюшкаўскага паўстанца Каэтана Нагурскага. Як яна трапіла ў Літву? Якое выхаванне атрымала ў дзяцінстве? Каб добра ўявіць абставіны жыцця Марыі, нам трэба зазірнуць у гісторыю касцюшкаўскага паўстання, якое мела месца ў 1794 г. Шляхта і ўсе іншыя слаі насельніцтва Рэчы Паспалітай, апынуўшыся перад пагрозай знікнення сваёй дзяржавы з карты свету пасля другога падзелу яе з боку Рассіі, Прусіі і Аўстрыі, узняліся ў смяротным парыве на паўстанне з мэтай выцесніць захопнікаў за межы Радзімы. Кожны ўдзельнік ведаў, што яму пагражае турма і поўная канфіскацыя зямельных уладанняў. І тым не менш людзі масава пайшлі на паўстанне. У гэты час Міхал Клеафас Агінскі быў прадстаўніком ад Польскіх Легіёнаў у Парыжы і дабіўся аптымістычных абяцанняў ад французскага кіраўніцтва. Гэта адбывалася ў 1797 г. А ў Венецыі за 2 гады да гэтага бурліва развіваўся любоўны раман 17-гадовай Марыі Нэры з яе будучым мужам, таксама паўстанцам, Каэтанам Нагурскім. С. Мараўскі піша:
Праз нейкі час Нагурскі, у якога за некалькі апошніх месяцаў значна пагоршылася здароўе, яго мучыла хранічная чорная жаўтуха, цешыў сябе надзеяй, што прыезд каханкі верне яму здароўе і весялосць. Тады ён выклікаў яе і, як новы Пігмаліён, зачараваны характарам, манерамі і добрым тонам сваёй Галатэі, адразу ж пачаў усюды публічна прадстаўляць яе як жонку, з якой сакрэтна ажаніўся ў Італіі... А праз нейкі час дачка карчмара Нэры і насамрэч стала паннай Нагурскай... Хутка пасля гэтага Каэтан Нагурскі памёр у Вене. Яго ўдава, забраўшы ўсё, што магла, і закахаўшыся ў нейкага італьянскага кавалера Ангіёлі, паехала з ім у Дрэздэн, дзе той быў паслом. Аб шлюбе Марыі з Агінскім Мараўскі піша наступнае:
Пышнасць дома, найвялікшыя зручнасці жыцця, упрыгожаная густам мужа вясковая рэзідэнцыя ў Залессі, важнасць напудранай, у шаўковых панчохах і чырвоных фраках прыслугі; розум, смеласць, гордасць гэтай жанчыны, калі не сказаць “геніяльнасць”, якія перавышалі розумы яе атачэння, злачынны эгаізм і поўная пазбаўленасць шляхетных пачуццяў; выпраўленасць голасу сэрца і сумлення давалі ёй натуральную перавагу перад людзьмі, у якіх хоць крыху мелася сэрца; дзёрзкі і бессаромны позірк, какецтва, прыбранае ў нейкае падабенства чароўнасці і выхаванасці; хітрасць італьянкі, спрытнасць цкаванай лісы, урэшце, прыход на свет новага пакалення, якое не магло ведаць пра яе мінулае, зрабілі з яе жанчыну сур’ёзную, паважаную, цудоўную і дзівосную, перад якой усе пакорна, як перад боствам, схілялі галовы і ў нас, і за мяжой. Далей Мараўскі паведамляе:
Так Станіслаў Мараўскі завяршае раздзел, прысвечаны гісторыі маладых гадоў другой жонкі Міхала Клеафаса Агінскага. Я не думаю, што яе асоба была менавіта такой, якой ён яе прадставіў, карыстаючыся паняццямі заможных віленскіх колаў. Мараўскі не мог і не спрабаваў унікнуць у матэрыяльныя ўмовы жыцця Марыі і ў тыя прычыны, што штурхалі яе да нібыта авантурных учынкаў. Ці лепш ёй было б, адчуваючы свой жыццёвы і разумовы талент, застацца прыслугай у бацькавай карчме? Чаму Мараўскі не заўважыў яе мацярынскую клапатлівасць пра лёс сваіх дзяцей, кожнага з якіх яна здолела забяспечыць годным матэрыяльным пасагам і не баялася хадайнічаць аб гэтым нават перад самім імператарам Аляксандрам? Чаму Мараўскі не растлумачыў, якія рысы характару дазволілі Марыі зрабіць такі ўздым у найвышэйшыя колы тагачаснага грамадства? Што ў гэтай жанчыне натхніла Міхала Клеафаса на цэлы цыкл прыгожых любоўных рамансаў? У звестках Мараўскага насцярожвае яшчэ і тое, што ён называе шматгадовую ахвярную дзейнасць Міхала Клеафаса Агінскага ў эміграцыі толькі “растратай велізарных сродкаў на свае брэдні”, а яго жыццё на Віленшчыне бачыць толькі стараннем выкруціцца са складаных матэрыяльных абставінаў. Гэта было далёка не так, і я хутка павінна прадставіць смаргонскаму чытачу новыя доказы велізарнай дабрачыннай дзейнасці Агінскага ў Вільні. Падчас чытання кнігі Мараўскага можна заўважыць і іншыя непраўдзівасці і недакладнасці. Але гэтая кніга дае нам магчымасць уявіць сабе тагачасныя норавы, вечныя заканамернасці людскіх адносін і чалавечай натуры і падштурхоўвае да разважанняў аб гісторыі.
Таццяна КЛЯШЧОНАК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 240-й гадавіны з дня нараджэння Марыі Нэры-Агінскай |
|