Парад Дедов Морозов и Снегурочек в Лепеле. 21.by

Парад Дедов Морозов и Снегурочек в Лепеле

29.12.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

dsc_0203
Добрай традыцыяй напярэдадні Новага года стала правядзенне ў нашым горадзе тэатралізаванага шэсця Дзядоў Марозаў і Снягурак. Нашмат раней запланаванага часу пачалі падыходзіць да ваенкамата казачныя героі. Акрамя Дзядоў Марозаў і Снягурак з’яўляліся цыганкі, каты, сабакі, тыгры і іншыя персанажы, якія ўздымалі настрой лепяльчанам, фатаграфаваліся з імі. Вельмі прыемна, што колькасць удзельнікаў святочнага шэсця з кожным годам не змяншаецца. Шматлікія прадпрыемствы і арганізацыі раёна для гэтага мерапрыемства пераапранулі сваіх калег у казачных герояў. Прысутныя не гублялі дарма часу. Кожны, напэўна, паспеў загадаць жаданне, размаўляючы з чараўнікамі. А пры такой колькасці шанцы, што мары споўняцца, моцна ўзрастаюць. Дзяды Марозы трымалі ў руках посахі, што дадавала казачнасці і ўрачыстасці моманту. Стукаючы імі, казалі, што могуць здзейсніць усё, што пажадае дзіцяці. Падыходзілі і дарослыя з усмешкамі і просьбай начараваць чаго-небудзь прыемнага. У цыганак, а іх было нямала, можна было даведацца пра будучыню, аднак чамусьці ў гэты дзень яна мала каго цікавіла.
…Навагодняе шэсце вясёлага натоўпу стартавала пад гукі духавога аркестра 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады. Песні гучалі толькі навагодняй тэматыкі. Крыху нязвыкла слухаць іх у выкананні аркестра. У галоўнага Дзеда Мароза і яго ўнучкі быў асаблівы транспарт. Здалёк да нас прыехаў на карэце, запрэжанай канём. На тое статус абавязвае. Наперадзе рухаўся аўтамабіль дзяржаўтаінспекцыі. Спачатку здалося, што проста суправаджаў. Аднак не, за рулём таксама сядзеў Дзед Мароз. З усімі ў калоне ехала і вялікая службовая машына раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, у якой таксама знаходзіўся Дзед Мароз.
dsc_0078
dsc_0088
dsc_0105
dsc_0164
Крочыць у нагу было не абавязкова, аднак без вясёлых песень, якія вядомыя ўсім з дзіцячага сада, не абысціся.
Увесь шлях яркай святочнай калоны суправаджалі лепяльчане і госці горада. Дзеці з бацькамі ішлі побач, махалі любімым героям, радасна іх віталі, стараліся сфатаграфаваць кожнага казачнага персанажа, многія здымалі відэа. На тварах былі толькі ўсмешкі і добры настрой.
На плошчы Свабоды ў гэты час ніхто не сумаваў. Ішла святочная праграма “А ў нас Новы год… Ёлка ў госці заве”. На сцэне ўздымаў настрой гледачам Снегавічок. Ён спяшаўся на свята, хваляваўся, што ўжо спазніўся. Аднак, пакуль не прыйшлі Дзяды Марозы са сваімі ўнучкамі, нават паспеў памірыць Снежную Каралеву і Мяцеліцу. Гэтыя дзве дамы пасварыліся, даказваючы, хто з іх галоўная.
Снегавічок ім растлумачыў, што ўсё ж галоўны на гэтым свяце Дзед Мароз. Якраз у гэты момант з’явілася калона пад гучныя апладысменты і шчырыя ўсмешкі прысутных. Чырвона-блакітныя пары Дзядоў Марозаў і Снягурак, а таксама казачныя героі прамаршыравалі вакол ёлкі і спыніліся каля сцэны.
Галоўны Дзед Мароз прывітаў усіх гасцей свята, павіншаваў з надыходзячым Новым годам, пажадаў усяго найлепшага лепяльчанам і гасцям горада. Заўважыў дзядуля, што прысутныя крыху замерзлі, пакуль чакалі. Каб сагрэліся, прапанаваў станцаваць вясёлы танец. А правяла яго прыгажуня Мяцеліца. Усе ўдзельнікі параду пачалі танцаваць навагодні флэшмоб. Гледачы таксама не адставалі, паўтараючы рухі за Мяцеліцай.
Прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў мелі магчымасць павіншаваць лепяльчан і прадэманстраваць свае творчыя здольнасці. Спявалі, паказвалі сцэнкі, расказвалі вершы, віншавалі прысутных… Гараджане падтрымлівалі сваіх калег, сяброў і гучна ім апладзіравалі. Кожнае выступленне было асаблівае, цікавае і запамінальнае. Вельмі складана было высветліць, хто лепшы.
Як жа без агнёў на галоўнай ёлцы? Усім удзельнікам свята было прапанавана стаць у карагод. Прыемна тое, што дарослыя не саромеліся і таксама былі ў карагодзе з дзецьмі, пелі песні, гучна крычалі: “Ёлачка, запаліся!”. Дружнымі намаганнямі дамагліся — заззяла галоўная ёлка горада.
Пасля карагода дзеці выстраіліся ў чаргу да Дзядоў Марозаў і Снягурак. Яны спяшаліся расказаць прыгатаваныя загадзя навагоднія радкі і, вядома, атрымаць падарункі. Выразна, з інтанацыяй дэкламавалі вершы, а потым, задаволеныя, адыходзілі, даючы магчымасць іншым пагутарыць з чараўніком. Некаторыя проста падыходзілі пажадаць казачным героям шчасця ў новым годзе. Вось такія добразычлівыя лепяльчане!
На заканчэнне галоўны Дзед Мароз звярнуўся да лепяльчан і гасцей горада:
— Няхай надыходзячы 2019 год прынясе кожнаму з вас шчасце, здароўе, удачу.
Пацікавілася ў бацькоў, што жадаюць іх дзеці знайсці пад ёлкай у навагоднюю ноч. Аказваецца, падарункі мараць атрымаць розныя: цукеркі, лялькі, канструктары, тэлефоны, планшэты… І не залежаць падарункі ад узросту.
На працягу ўсяго свята на сцэнічнай пляцоўцы раённага Дома культуры гасцей забаўлялі жартамі і музычнымі нумарамі эстрадныя выканаўцы нашага раёна — работнікі РДК, без якіх не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. Артысты рабілі ўсё, каб прысутныя адчулі сябе на сапраўдным навагоднім свяце.
Яшчэ доўга не адыходзілі ад ёлкі людзі. А калі сцямнела, плошча і прыгажуня-ёлка заззялі рознакаляровымі агнямі. Падыходзіла моладзь, бацькі з дзецьмі, запальвалі бенгальскія агні.
Працавалі і гандлёвыя палаткі, дзе можна было паласавацца салодкай ватай або папкорнам, а таксама набыць цацку ці сувенір.
На памяць аб шэсці, як заўсёды, застануцца яркія ўспаміны, добры настрой і шмат выдатных фатаграфій. Няхай жа паспяшаюцца ўвасобіцца ў жыццё ўсе нашы спадзяванні і надзеі!
  Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: яркія моманты свята.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Добрай традыцыяй напярэдадні Новага года стала правядзенне ў нашым горадзе тэатралізаванага шэсця Дзядоў Марозаў і Снягурак. Нашмат раней запланаванага часу
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика