Людзі Смаргоншчыны: Памяці Маэстра. Аляксандр Анісімавіч Дзяруга
18.01.2019
—
Новости Культуры
|
Маладым смаргонцам імя Аляксандра Дзяругі мала што гаворыць. А вось для тых, каму за пяцьдзясят, хто жыў у Смаргоні ў 40-70-я гады мінулага стагоддзя, гэта імя гучыць ганарова. Дзяруга – эпоха. Дзяруга – сімвал. Дзяруга – пуцяводная зорка, смаргонскі Макаранка. Як мне здаецца, Кузьма Чорны, калі сцвярджаў, што чалавек – гэта цэлы свет, пазіраў на нашага земляка.
Мы распачынаем цыкл матэрыялаў пад рубрыкай “Памяці Маэстра”, прысвечаны заслужанаму дзеячу мастацтваў БССР, таленавітаму музыканту, цудоўнаму педагогу, вядомаму фоталетапісцу, ганароваму грамадзяніну Смаргоні. Сорак гадоў таму, 25 мая 1979 года, Аляксандра Дзяругі не стала… У сэрцах соцен смаргонцаў Аляксандр Анісімавіч пакінуў добрую памяць. Гэтыя ўспаміны мы пастараемся ўзнавіць на паперы. Спадзяёмся, жывыя аповеды сучаснікаў стануць цікавымі для нашых чытачоў. Запіс на Беларускім тэлебачанні. Доўгі час яны не гралі на цымбалах. Хаця настаўнікі музыкі вопытныя, больш за сорак гадоў працуюць у школе мастацтваў: Наталля Крутаўцова - канцэртмайстрам, а Зінаіда Ворашэнь выкладае тэорыю музыкі. На канцэрце, прысвечаным 70-годдзю цымбальнага аркестра імя Дзяругі, яны селі за цымбалы і сыгралі, як некалі ў шасцідзясятых гадах мінулага стагоддзя. Хаця чаму пішу толькі пра шасцідзясятыя? Іх сямідзясятыя гады таксама прайшлі пад зоркай Дзяругі. Менавіта Аляксандр Анісімавіч не проста даў пуцёўку ў прыгожы свет мастацтва гэтым таленавітым жанчынам, а зрабіў музыку іх хлебам штодзённым. І духоўным, і фізічным. Экспрэс-методыка маэстра Наташа і Зіна жылі на адной вуліцы – Чырвонаармейскай. Іх дружбе – больш за шэсцьдзясят гадоў. Таму і ўспамінаў агульных шмат. Самы галоўны з іх дзіцяча-школьны – гэта, безумоўна, цымбальны аркестр, якім кіраваў Аляксандр Дзяруга. У калектыў дзяўчынкі-чацвёртакласніцы прыйшлі ўслед за Зінінай старэйшай сястрой. На той час Наташа і Зіна былі ўжо тэарэтычна падкаваныя: хадзілі ў музычную школу, ведалі нотную грамату, вучыліся граць на фартэпіяна. У аркестры ім даверылі цымбалы. У адрозненне ад большасці ўдзельнікаў калектыву, Дзяруга даў ім ноты. А хто не ведаў нот, той вучыўся граць па спецыяльнай экспрэс-праграме: да прыкладу, у цымбалістаў ноты абазначаліся літарамі, а ў дамрыстаў – лічбамі. Безумоўна, Дзяруга быў задаволены, калі да яго прыходзілі амаль што “дыпламаваныя” музыкі, але і тым, хто ніколі не трымаў у руках інструмент, не адмаўляў ніколі. Ні з кім індывідуальна не займаўся. Уводзіны ў вялікі свет музыкі адбываліся неяк самі па сабе. У натуральных умовах. Якіх маштабаў гэты свет музыкі дасягаў? Сценамі раённага Дома культуры, дзе праходзілі рэпетыцыі, не абмяжоўваўся. Юныя музыкі часта ездзілі з канцэртамі не толькі па раёне, але і далёка за яго межы – у Мінск, Гродна, Тракай… Выступленні на тэлебачанні таксама не былі рэдкімі з’явамі. Прычым гралі не ў запісе. Дзеці – і прамы эфір. Каб усё атрымалася, трэба было мець добрыя нервы і глыбокую ўпэўненасць у сабе. Чытала, што тып нервовай сістэмы перадаецца па спадчыне. А ўпэўнена трымацца на сцэне – гэта прыходзіць з вопытам. Відаць, Дзяруга мог навучыць юных выступоўцаў упэўненасці, выкарыстоўваючы яшчэ адзін свой экспрэс-метад. Дзеці шмат гастралявалі. На гастролі ездзілі на аўтобусе, але ў дарозе ніколі нікога не “ўкачвала”. У настаўніка была свая таблетка ад “марской хваробы”. І гэта не авіямора ці драміна, а… спевы і смех. На працягу ўсёй дарогі. Мільёны савецкіх школьнікаў марылі трапіць у вядомы міжнародны піянерскі лагер “Артэк”. 32 пуцёўкі атрымалі смаргонскія музыкі – і ўвесь калектыў “адчаліў” на цэлы месяц у Крым. Прыгожая восень 1966 года на беразе Чорнага мора. Далёка не кожная смаргонская сям’я магла дазволіць свайму дзіцяці такі адпачынак. Аляксандр Дзяруга змог яго забяспечыць усяму аркестру. Юных артыстаў пасялілі ў самы сучасны корпус. Практычна ўвесь празрысты. Сталовая была ў выглядзе шклянога шара, на спальні дызайнеры таксама шкла не пашкадавалі. Дзецям з правінцыі такія збудаванні здаваліся казачнымі. Яны падобнага ніколі не бачылі. Корпус быў з выхадам на мора. Да берага – рукой падаць. Марская вада дадавала бадзёрасці ў юныя целы, яшчэ больш натхняла на музыку. Удзельнікі цымбальнага аркестра ў міжнародным дзіцячым лагеры “Артэк”. Экскурсіі, катанне на катары, удзел у розных конкурсах, канцэрты і… урокі. Дзень адпачываючых быў распісаны па хвілінах. Пазітыўныя эмоцыі назапашваліся дзень за днём. “Не збірайце сабе каштоўнасцей на зямлі…” Лейтматывам размовы з Зінаідай Дзмітраўнай і Наталляй Віктараўнай было сцвярджэнне, што для Дзяругі і для яго выхаванцаў рэпетыцыі былі найперш своеасаблівым пазітыўна-энергетычным абменам.
Толькі сустрэчамі ў РДК калектыў не абмяжоўваўся. Часта дзеці хадзілі да свайго кіраўніка дахаты. Дом на вуліцы Танкістаў даволі вялікі, але без раскошы. Шмат пакояў, але невялікіх. На вокнах – цяжкія занавескі. На сценах шмат старадаўніх фотаздымкаў радні. Увогуле ў хаце – шмат прадметаў даўніны, хутчэй сямейныя рэліквіі. У адным з пакояў – раяль, на якім цудоўна грала Дзіна (па дакументах Надзея), жонка Дзяругі. Дачка Аляксандра ДЗЯРУГІ Таня, Зіна ВОРАШЭНЬ і Наташа КРУТАЎЦОВА. У добрае надвор’е – традыцыйныя пасядзелкі ў двары. Торт і гарбата. Лавачка, стол і навес, упрыгожаны дзікім вінаградам. Жарты і песні. І абавязкова фотаздымкі на памяць. Дарэчы, у госці да Дзяругаў прыходзілі не толькі ўдзельнікі аркестра. Аляксандр Анісімавіч пастаянна акружаў сябе дзецьмі і моладдзю. Яны натхнялі яго на творчасць, на добрыя справы, на вечную маладосць. Размоў пра хваробы ніколі не падтрымліваў. І ад саміх хваробаў уцякаў. Сядзе на свой веласіпед “дамачку” – і бывайце хваробы. Не дагоніце. Не ўмееце вы так хутка бегаць. Дзяруга быў вельмі рухавы чалавек, хударлявы, ні граму лішняй вагі і ні граму негатыву за душой. Толькі пазітыў. “Аляксандр Анісімавіч стварыў першы ў Беларусі цымбальны аркестр. Аналагаў не было. Калектыў на конкурсах заўсёды займаў першыя месцы. Журы стоячы нам апладзіравала. Жывучы ў невялікім райцэнтры, ён змог атрымаць званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”, заваяваць аўтарытэт сярод сталічных мэтраў і простых смаргонцаў, не было ў горадзе чалавека, які б не ведаў нашага кіраўніка. А для нас такая прыкмета існавала: сустрэнеш Дзяругу – дзень будзе цудоўны. Вельмі добрую аўру ён меў. Адышоў у вечнасць ён неяк неспадзявана для нас. Мы не чулі, што ён моцна хварэе. Неяк незаўважна падкралася да яго смерць. З адыходам Аляксандра Дзяругі, здавалася, адыходзіла цэлая эпоха. Эпоха, напоўненая каштоўнасцямі, якія не ацэньваюцца ніякімі грашыма. “Не збірайце сабе каштоўнасці на зямлі…” Гэта аддаляе вас ад неба. А Дзяругу неба ўзяло ў свае абдымкі. Адразу. Галіна АНТОНАВА. Фота з архіва Зінаіды ВОРАШЭНЬ і Наталлі КРУТАЎЦОВАЙ. (Працяг будзе). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маладым смаргонцам імя Аляксандра Дзяругі мала што гаворыць. А вось для тых, каму за пяцьдзясят, хто жыў у Смаргоні ў 40-70-я гады мінулага стагоддзя, гэта імя гучыць...
|
|