Пра майстроў і незабытыя традыцыі продкаў… У Шаркаўшчынскім раённым цэнтры рамёстваў адкрылася новая выстава
30.01.2019
—
Новости Культуры
|
Уставы і законы ёсць у дзяржавы, свае звычаі — у народа,а жыхарамі нашага шаркаўшчынскага краю з пакалення ў пакаленне на працягу стагоддзяў перадаваліся мясцовыя традыцыі і рамёствы. У наш імклівы час іх беражліва захоўваюць супрацоўнікі Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў. “Незабытыя традыцыі” –пад такой назвай 28 студзеня ў Шаркаўшчынскім раённым цэнтры рамёстваў адкрылася выстава работ майстроў народнай творчасці, своеасаблівая справаздача і вынік работы нашага творчага калектыву за мінулы год,-паведаміла намеснік дырэктара цэнтра культуры па народнай творчасці Вікторыя Казіміраўна Дубоўская.- Свае лепшыя работы на выставу прадставілі майстры Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў і Германавіцкага Дома ганчара. У экспазіцыі: лялькі ў традыцыйным адзенні Ірыны Грунінай, маляваныя дываны Вольгі Беласлудцавай і Аляксея Краўчанкі, драўляныя вырабы Яўгена Ананіча, вязаныя карункі Святланы Шымуковіч, аплікацыі з саломкі Алы Леднік, тканыя рушнікі Ганны Рымдзёнак, гліняныя вырабы Сяргея Рымдзёнка і сплеценыя з саломкі рэчы Вікторыі Дубоўскай. Трэба адзначыць, што па выніках работы за мінулы год Шаркаўшчынскі раённы цэнтр рамёстваў дасягнуў значных поспехаў, а яго майстры неаднаразова з’яўляліся пераможцамі і прызёрамі шматлікіх выстаў і конкурсаў, у якіх прымалі ўдзел. Так на міжнародным конкурсе майстроў па кераміцы і ганчарству “Гліна спявае”, што праходзіў у межах фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, дыпломам 1-й ступені ўзнагароджаны загадчык Германавіцкага Дома ганчара Сяргей Рымдзёнак. Акрамя гэтага, прафесійная дзейнасць Сяргея Рымдзёнка па выніках работы за мінулы год была адзначана дыпломам Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі “Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў”. А яшчэ ў Сяргея – 3 месца на 10 рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”. Метадысты Шаркаўшчынскага цэнтра рамёстваў Ірына Груніна і Яўген Ананіч на абласной выставе-конкурсе “Сонцазварот” узнагароджаны дыпломам 2 ступені, а на абласной выставе –конкурсе “Забава-2018” у Ірыны Грунінай 2 месца (намінацыя “Лялька з тэкстылю”), у Яўгена Ананіча – 3 месца (намінацыя “Рухомая цацка з дрэва”), у Сяргея Рымдзёнка – 3 месца (намінацыя “Народная цацка з керамікі”). Раённы цэнтр рамёстваў аб’ядноўвае шмат творчых жанчын, удзельніц фальклорнага гурта “Калядзіца”, наведвальнікаў шматдлікіх гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Для дзяцей у нас працуюць гурткі:”Гліняная цацка”, “Крэатыўнае рукадзелле”, “Аплікацыя з саломкі”, “Ручное ткацтва” і некаторыя іншыя. Працягваецца набор хлопчыкаў і дзяўчынак у фальклорны гурток “Дабрадзеі”, удзельнікі якога будуць выступаць з пастаноўкамі лялечнага тэатра “Батлейка”. Дарэчы, майстар па дрэву Яўген Ананіч у мінулым годзе аднавіў корпус батлеечнай скрыні і зараз у супрацоўнікаў раённага цэнтра рамёстваў ёсць магчымасць выступаць на сваіх мерапрыемствах з пастаноўкамі старажытнага беларускага лялечнага тэатра. Адкрываючы сваю справаздачную выставу, мы хацелі паказаць жыхарам і гасцям нашага раёна, якімі рамёствамі валодаюць нашы майстры, а таксама пазнаёміць наведвальнікаў з людзьмі, якія шмат зрабілі для таго , каб традыцыі і рамёствы, якія з пакалення ў пакаленне перадаваліся жыхарамі нашага раёна ў кожнай сям’і, не засталіся забытымі. Наведаць выставу майстроў Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў усе жадаючыя могуць да канца лютага. |
|