Міжнародны дзень роднай мовы. Жыхарам аграгарадка Вішнева прапанавалі размаўляць па-беларуску
27.02.2019
—
Новости Культуры
|
Вось ужо на працягу 9 гадоў 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Чалавек можа валодаць адразу некалькімі мовамі. Але ў кожнага ёсць тая адна. З ёй цесна звязана гісторыя яго Радзімы, яе праз стагоддзі імкнуліся зберагчы продкі, на ёй размаўлялі дзядулі, бабулі. Яна ўпершыню адкрыла дзіўны свет матулінай казкі і калыханкі… Родная, мілагучная, адзіная, беларуская мова мая! Не дайце ж ёй знікнуць, удыхніце яе чысты, крыштальны водар “з сузор’яў і сонечных цёплых праменняў”, і адчуеце сябе моцнымі, дужымі і шчаслівымі, бо пакуль жыве Яна, жывеш і ты, той, каго зваць беларусам! Такім быў лейтматыў усіх мерапрымстваў, якія прайшлі ў рамках дэкады, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.
Дык як жа жыве беларуская мова ў нашай школе? Пацікавімся, чым быў запамінальны гэты тыдзень, на якія эмоцыі быў багаты і які настрой падараваў. Сто разоў шукай другой красы, А тым больш, што свет даўно не вузкі! ... Ды калі ты не бязродны сын — Гавары са мной па-беларуску! Гэтыя словы Яўгеніі Янішчыц сталі дэвізам дня падчас правядзення акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Навучэнцам, бацькам, супрацоўнікам, а таксама жыхарам аграгарадка Вішнева прапанавалася размаўляць па-беларуску на працягу ўсяго дня. З пачуццём любові і захапленнем школьнікі і працоўны калектыў установы прачыталі верш Сяргея Чыгрына “Кажыце сваяцтва, а не радство”. Па дадзенай акцыі быў створаны відэаролік з аднайменнай назвай, які можна знайсці на старонках «YouTub». Вучні 8-11 класаў аформілі тэматычны стэнд “Беражыце жывую крыніцу слова”, на якім размясцілі выказванні беларускіх пісьменнікаў аб скарбе, які завецца “мовай роднай”. З 18 лютага распачала сваю працу выстава “Беларускія творы-юбіляры”, якая прапануе пазнаёміцца з творамі беларускай літаратуры, што ў 2019 г. адзначаюць юбілеі. Сярод прадстаўленых кніг ёсць “старажылы”, якія “налічваюць не адзін дзясятак гадоў”, якія прайшлі выпрабаванне часам, да нашых дзён не згубілі сваёй актуальнасці і зараз знаходзяць свайго чытача. Цікава прайшла конкурсная праграма “Па знаёмых старонках”, падчас якой навучэнцы мелі магчымасць успомніць знакамітыя імёны на небасхіле беларускай літаратуры, якія сваёй творчасцю ўнеслі вялізны ўклад у развіццё роднай мовы. “Ружовы куфэрак”, “Пазнай аўтара”, “ Што гэта за твор?” – кожны этап праграмы спрыяў абуджэнню цікавасці да слова, імкненню захоўваць сваю культуру, выхаванню павагі да ўсяго роднага, беларускага. Нікога не пакінула без увагі школьная акцыя “Любімыя словы на роднай мове”. Яна дала магчымасць на толькі навучэнцам, але і ўсяму працоўнаму калектыву школы ўспомніць і запісаць на кляновых лісточках (яны, дарэчы, сваім абрысам сімвалізавалі нашу краіну) любімыя словы на беларускай мове. Потым гэтыя лісточкі “зашумелі” на імправізаваным дрэве мудрасці. Самымі распаўсюджанымі і любімымі ў нашай школе аказаліся словы “каханне” і “дзякуй”. Творча падышлі школьнікі і да ўдзелу ў выставе “Зорны россып творчасці: чытаем творы беларускіх аўтараў і малюем да іх ілюстрацыі”. Сустрэлі мы тут творы розных аўтараў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Анатоля Грачанікава, Яўгеніі Янішчыц. Адметна і тое, што вучні выкарысталі розную тэхніку выканання: ад акварэлі да графікі. Паспрабаваць свае сілы ў валоданні роднай мовай дазволіла гульня-тэст “Ці добра вы ведаеце беларускія фразеалагізмы?”, якая не толькі спрыяла развіццю моўнай культуры, але і пашырэнню агульнага і лінгвістычнага кругагляду навучэнцаў. Атмасфера сапраўднага свята беларускай песні і паэзіі падчас музычна-літаратурнай забавы “У дзеда Антося ўсё з загадкі пачалося”, што ладзілася ў дашкольных групах, прынесла шмат незабыўных уражанняў яе ўдзельнікам. Ды і ці ж магло быць інакш?! Дзеці не толькі адгадвалі загадкі, але і спявалі песні, чыталі вершы беларускіх паэтаў, нават танцавалі беларускія народныя танцы. Так, тыдзень прынёс мноства станоўчых эмоцый, цудоўны настрой і пажаданне размаўляць на роднай мове не толькі падчас правядзення мерапрыемстваў у школе, каб з гонарам усведамляць, што ўсе мы – носьбіты самай лепшай мовы на свеце – беларускай! А. П. ЛОСЬ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “ВПК Вішнеўскі яслі-сад - сярэдняя школа”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось ужо на працягу 9 гадоў 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Чалавек можа валодаць адразу некалькімі мовамі. Але ў кожнага ёсць тая адна. З ёй... |
|