Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Метафарызацыя героя. 21.by

Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Метафарызацыя героя

11.03.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прыгожая шатэнка. Грацыёзная танцорка. У 60-я гады мінулага стагоддзя ў Смаргоні яна была сапраўднай танцавальнай “зоркай”. Увасабленнем беларускасці. Такіх дзяўчат, як Надзея Салаўёва, Аляксандр Дзяруга лічыў бясцэнным багаццем Беларусі.

А сама Надзея, без перабольшвання, ідэалізавала свайго настаўніка. Псіхалагічны партрэт Аляксандра Анісімавіча, які стварыла яго былая выхаванка, асаблівы.

1978 год.jpg

Апошняе фота ў альбоме гераіні гэтага матэрыялу, зробленае Аляксандрам Дзяругам. 1978 год. Надзея Салаўёва, Тамара Ватаева, Аляксандра Гардзейчык і Уладзімір Церабун.


Дзяруга – віно. На думку брытанскага рок-музыканта, кампазітара, педагога Роберта Фрыпа: “Музыка – гэта віно, якое напаўняе чашу цішыні”. Для смаргонцаў гэтым цудоўным віном быў Аляксандр Дзяруга.

Эпіцэнтр музычнага мастацтва. Мы вучыліся ў пачатковай школе, і Дзяруга часта прыходзіў да нас у першую школу. Ён вельмі моцна хацеў, каб дзеці выступалі на сцэне. Пасля кароткага “праслухоўвання” ён рэкамендаваў адным спяваць, другім – запісацца ў тэатральны гурток, трэцім – у танцавальны. Калі хто хацеў граць у яго аркестры,  нікому не адмаўляў. І іншым педагогам дапамагаў падбіраць выхаванцаў. Вельмі радаваўся, калі дзеці знаходзілі сабе занятак па душы.

Бяссрэбранік. Ён сапраўды ніколі не лічыўся з асабістым часам.  Яго шчыра цікавілі дзеці. Ён жыў тым, што вышукваў таленты і дапамагаў іх развіваць. Ад гэтага атрымліваў задавальненне. Ніякай іншай карысці для сябе не меў.

Дыпламат. У яго кішэні заўсёды былі цукеркі. Звычайна тыя, якія рабілі ў смаргонскай арцелі “Чырвоны харчавік” – палачкі-стукалачкі, “Дзюшэс”. Дзяруга раздаваў іх дзецям. Цукеркі – элемент яго дыпламатыі. Тое, чым можна было падняць настрой дзіцяці ці спадабацца пры першым знаёмстве.

Фатограф-віртуоз. Вы б бачылі, як умеў Дзяруга фатаграфаваць. З самых нечаканых ракурсаў. Дапусцім, мы кампаніяй  ідзём па вуліцы, а Аляксандр Анісімавіч едзе на сваёй дамачцы. Не злазячы з веласіпеда, павітаецца з намі, абавязкова прыпадыме свой капялюш, а потым нечакана зашчоўкае затворам фотакамеры. Абсалютна не “прыцэльваючыся”. А на наступны дзень мы будзем мець некалькі фотаздымкаў з арыгінальным сюжэтам. Грошы за фота мы ніколі не плацілі.

Жыўчык. Ужо маючы багата гадоў, Аляксандр Анісімавіч заставаўся чалавекам бадзёрым, рухавым, заўсёды нёс вахту на танцпляцоўцы ў парку, дзе па суботах і нядзелях весялілася моладзь. Сачыў за парадкам, фатаграфаваў (як без гэтага?!).

Казалі, што ў паліклініцы нават не было медыцынскай картачкі на яго прозвішча, бо ён туды ніколі не звяртаўся. Аляксандр Анісімавіч жыў з моладдзю і, відаць, у гэтым заключаўся сакрэт яго маладосці.

Муж прыгажуні. Яго жонка Надзея была неверагоднай прыгажуняй. Гаварылі, што ў свой час на конкурсе прыгажосці атрымала званне “Міс Вільнюс”. Для нас, смаргонскіх дзяўчат, яна была ідэалам прыгажосці і вытанчанасці.

Эталон дабрыні і шляхетнасці, інтэлігентнасці і душэўнай цеплыні. Гэтымі якасцямі характару і цяпер захапляюся. Ён быў маім настаўнікам па жыцці. З ім я магла паразмаўляць на любыя  тэмы, атрымаць ад яго неабходную параду. Ён быў маім даведнікам па этыкету.  Гэта шчасце – сустрэць такога чалавека ў жыцці. Не кожнаму так шанцуе.

Што ў імені тваім?

Тое, што Надзея Салаўёва нарадзілася для сцэны, – факт бясспрэчны. У гэтым Дзяруга пераканаўся практычна з першага знаёмства з дзяўчынкай. Зваў да сябе ў аркестр і  хор. А Надзею вабілі танцы. У дзесяцігадовым узросце яна запісалася ў танцавальны гурток, які працаваў на базе Доме піянераў.

Дзе толькі не даводзілася выступаць юнай артыстцы! Надзея Фёдараўна прыпомніла, як дзеці хадзілі на чыгуначны вакзал і давалі канцэрт ад’язджаючым. Вершы чыталі. Ваня Гарбузаў граў на акардэоне, а яна з Юрам Тарасевічам выконвала танец “Каламійка”.

У 1964 годзе ў Смаргоні стварылі ансамбль песні і танца імя Агінскага, Надзя стала вядучай танцоркай сцэны. Праз два гады ансамбль запрасілі ў Германію. Паехалі выбраныя. Чатыры пары танцораў і аркестровая група. Усяго трыццаць чалавек. 15-гадовая Надзея была самай юнай удзельніцай дэлегацыі.

Смаргонская моладзь ля газетнага кіёска. 1969 год.jpg

Смаргонская моладзь ля газетнага кіёска. 1969 год (Надзея Салаўёва ў цэнтры).


Пасля былі выступленні ў Польшчы, Маскве (у Крамлёўскім тэатры, на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі), Зорным гарадку…

Надзея Фёдараўна прыпомніла канцэрт, прымеркаваны да 50-годдзя ўтварэння БССР (у 1969 годзе), які праходзіў у Мінску, у Оперным тэатры. Выступаў ансамбль песні і танца імя Агінскага: гучаў хор – 60 чалавек, аркестр народных інструментаў і танцавальны калектыў (12 пар!) – выконваў паланэз Агінскага. Пасля выступлення смаргонскіх артыстаў публіка апладзіравала стоячы, многія плакалі. “У зале прысутнічаў генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў, які даў высокую ацэнку смаргонскаму ансамблю:

“Разынка канцэрта – гэта паланэз!” - успамінае Надзея Салаўёва. - Пасля за кулісы прыходзілі людзі і таксама дзякавалі за выступленне. І гэта быў не адзінкавы выпадак. Шмат дзе нас так прымалі”.

Яе партнёрамі па танцах былі Міша Лазар і Пеця Южык, Вало­дзя Шчасны і Міша Лужынскі (цяпер - заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі).

У 1968 годзе Надзея скончыла гадавыя харэаграфічныя курсы пры Оперным тэатры. Яшчэ пэўны час танцавала. Чатыры гады працавала ў Доме культуры, аб’ехала з агітбрыгадай усю Смаргоншчыну. Завочна вучылася на гістфаку БДУ.

Свята песні і працы. Перавессе, 1965 год.jpg

Свята песні і працы. Перавессе, 1965 год.


З цягам часу артыстычныя абароты Надзея пачала збаўляць. Выйшла замуж, памяняла месца працы, стала больш аддавацца педагогіцы. Апошнюю кропку ў артыстычнай кар’еры  Надзея паставіла, калі на­радзіла сына. Падрыхтавала сабе змену. Хто мог нарадзіцца ў артысткі? Толькі артыст. Таленавіты гітарыст Аляксандр Салаўёў і цяпер (ужо больш за 20 гадоў) грае ў вядомым ансамблі “Беларускія песняры”. Дарэчы, унук брата Надзеі Фёдараўны – прафесійны танцор. Андрэй Змітрукевіч – саліст Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”.

Надзея Фёдараўна сцвярджае, што любоў да музыкі ёй прывіў Аляксандр Дзяруга. Сына яна назвала ў гонар любімай песняроўскай песні “Александрына”. Але мне здаецца, што і імя любімага настаўніка не магло не адлюстравацца ў любімым сыне.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Надзеі САЛАЎЁВАЙ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыгожая шатэнка. Грацыёзная танцорка. У 60-я гады мінулага стагоддзя ў Смаргоні яна была сапраўднай танцавальнай “зоркай”. Увасабленнем беларускасці. Такіх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика