«На Вялікдзень завіталі , віншаванні атрымалі»
14.05.2019
—
Новости Культуры
|
Творчы калектыў Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў пад кіраўніцтвам Вікторыі Казіміраўны Дубоўскай стараецца зацікавіць шаркаўчан вывучэннем духоўнай і культурнай спадчыны продкаў, выхаваць да яе павагу і пашану. Вось і ў першыя дні мая, падчас святкавання галоўнага хрысціянскага свята Вялікадня, супрацоўнікі цэнтра рамёстваў пераўвасобіліся ў артыстаў і не толькі расказалі , але і паказалі ўсім прысутным гасцям, як некалі нашы продкі весела і цікава адзначалі гэтае свята і які глыбокі сэнс укладвалі яны ў кожнае абрадавае дзеянне. Цікавы сцэнарый велікоднай урачыстасці дазволіў усім прысутным зазірнуць у мінулае, далучыцца да народных традыцый, абрадаў і звычак нашых продкаў. Напачатку святочнай праграмы усіх яе ўдзельнікаў і гасцей са святам Вялікадня павіншаваў настаяцель прыхода храма “Усіх смуткуючых Радасць”, протаіерэй Віктар Валашчук. Атмасферу свята дапамаглі стварыць і ўдзельніцы фальклорнага гурта “Калядзіца”. Самадзейныя артысты шмат жартавалі, весялілі гасцей, праводзілі з імі розныя гульні і конкурсы. Цікавую святочную праграму для шаркаўчан падрыхтавалі і правялі Вікторыя Дубоўская, Алёна Сухаверская, Святлана Заіка, Яўген Ананіч, прадстаўнікі народнага клуба нацыянальнай кухні “Груца” пры Радзюкоўскім сельскім Доме культуры Уладзімір Радзюк і Ганна Іванкіў, некаторыя іншыя самадзейныя артысты раённага Цэнтра рамёстваў. У гэты ж дзень наведвальнікі ўрачыстасці змаглі пазнаёміцца з выставай аплікацый з саломкі Алы Нікіфараўны Леднік , якая мела назву “Золата роднай зямлі”. Свята вельмі спадабалася і ўсе прысутныя яшчэ раз пераканаліся ў тым, што крыніца творчых задумак калектыву раённага Цэнтра рамёстваў невычарпальная. Словы падзякі арганізатарам мерапрыемства за яскравае і незабыўнае свята выказала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН Таццяна Мар’янаўна Клімза, якая разам з наведвальнікамі свайго аддзялення прысутнічала на мерапрыемстве. |
|