У літаратурнай гасцёўні прыняла ўдзел вядомая паэтка Марыя Кобец
12.06.2019
—
Новости Культуры
|
>
Усім удзельнікам выпаў гонар сустрэцца і пагутарыць са знакамітай паэтэсай, нашай зямлячкай Марыяй Уладзіміраўнай Кобец. Сустрэча з вядомай паэткай падаравала прысутным яркія ўражанні, усе адчулі непарыўную сувязь пісьменніцы з роднай зямлёй, малой радзімай. Мерапрыемства атрымалася вельмі шчырым і запамінальным. «Сэрцам гарачым» любіць Марыя Кобец свой край, сваіх землякоў – так сімвалічна і была названа кніжная выстава па яе творчасці. Вельмі кранула ўсіх прэзентацыя па творах Марыі Уладзіміраўны «Пад крылaмі аблокаў палескі мой край». З пачуццём вялікай любові да свайго роднага Палесся і беларускай мовы прачыталі вершы вучні Плешчыцкай СШ. Пяшчота і сардэчная прачуласць гучала ў вытанчаных радках пра каханне, якія падрыхтавалі вучні. У выкананні Насці Палюховіч, Яны Шчаснай і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры В.Р. Есько прагучала песня на верш Марыі Кобец «А бэз даўно ўжо адцвіў». І ў ролі кампазітараў выступілі самі дзеці.
Марыя Уладзіміраўна прадставіла свой літаратурны праект «Пад адным сонцам». І загучаў верш «Сонца» на розных мовах свету, паказваючы моўнае багацце краін і народнасцяў, спрабуючы аб’яднаць людзей усяго свету. Пошукам агульначалавечага шчасця пранізаны радкі верша.
Напрыканцы сустрэчы прысутныя адзначылі, што прыкладам свайго асабістага жыцця і сваёй творчасцю Марыя Уладзіміраўна вучыць маладое пакаленне жыць паўнавартасным змястоўным жыццём, берагчы сваю родную мову, паважаць бацькоў, сваю сям’ю. Рабіць толькі дабро, несці людзям любоў і спагаду, быць карысным для іх. Умець запаліць агменьчык у душах тых, хто абяссілеў… |
|