Источник материала:
У даўніну вяселле на вёсцы гулялі ажно цэлы тыдзень. Гэта самы найбольш любімы абрад беларусаў. Да яго прымеркавана мноства спецыяльных дзействаў і рэчаў: песень, танцаў, прыпевак, усяго проста не пералічыць. А ў кожнай вёсцы былі свае гульні, свае традыцыі.
Агляд-конкурс аўтэнтычных фальклорных калектываў, якія прадстаўляюць вясельныя абрады, “Вялікая вясельніца” прайшоў у пяты раз. Упершыню ён праводзіўся ў Дуброўне, затым свята прымалі іншыя раённыя цэнтры Віцебшчыны. Сёлета агляд-конкурс адбыўся на Расоншчыне. На свята запрасілі не толькі фальклорныя калектывы нашай вобласці, але і сяброў з Расіі — ансамбль “Рассыпуха” г. Себеж, а таксама гурт “Упітэ” з Вілякскага краю (Латвія). Удзел у свяце прынялі і шаркаўчане — аматарскае аб’яднанне “Стараверскія страпухі” Більдзюгскага СДК і калектыў Каўшэлеўскага Дома фальклору. Больш падрабязна пра гэта нам расказала намеснік дырэктара раённага Цэнтра культуры па клубных установах Ірына Хаданёнак:
— Беларусы здаўна славяцца сваёй гасціннасцю. Вось і гэта свята пачалося з пачастункаў для гасцей і ўдзельнікаў “Вялікай вясельніцы”. Сталы ў літаральным сэнсе проста ламіліся ад абрадавых страў, водар якіх разносіўся па ўсёй вялікай зале. Кожны калектыў-удзельнік стараўся здзівіць багатымі вясельнымі караваямі, рыбнымі дэлікатэсамі, мяснымі вырабамі, кандытарскай выпечкай. Шаркаўчане, якія прымаюць пастаянны ўдзел у “Вялікай вясельніцы”, таксама не засталіся ў баку. Аматарскае аб’яднанне “Стараверскія страпухі” Більдзюгскага сельскага Дома культуры частавала гасцей стараверскімі стравамі, характэрнымі для сваёй мясцовасці. Усе жадаючыя з ахвотай ласаваліся гульбішнікамі, сканцамі, гулёнамі, драчонамі, закіданікамі. Запівалі смачнай ганіболіўкай. Удзел аматарскага аб’яднання “Стараверскія страпухі” быў адзначаны з боку журы Дыпломам упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама “За зберажэнне і папулярызацыю народных традыцый” у намінацыі “Вясельны стол”.
Усяго ў аглядзе-конкурсе ўдзельнічалі 20 калектываў з Віцебшчыны. Кожны з іх стараўся прадэманстраваць, як у іх рэгіёне ў даўніну спраўлялі вяселле. Асаблівы каларыт гэтаму святу заўсёды надавалі песні. У кожнай мясцовасці яны былі свае — непаўторныя, аўтэнтычныя, сакральныя.
Кожны раз агляды абрадавых вясельных песень і страў праходзяць падчас “Вялікай вясельніцы”, а вось конкурс на лепшае сватанне пад назвай “Без мяне мяне ажанілі” адбыўся сёлета ўпершыню. Менавіта ў гэтым выпрабаванні вызначыўся наш народны фальклорны гурт “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору. У ролі свацці выступіла Надзея Вайцюль, а жаніхом быў Яўгеній Ананіч. Сярод іншых канкурсантаў Надзея Іванаўна, якая прэзентавала элемент абраду “Звязванне чапялы”, характэрны менавіта для шаркаўшчынскай мясцовасці, не пакінула раўнадушнымі членаў журы і заваявала Дыплом першай ступені ўпраўлення культуры аблвыканкама ў намінацыі “Без мяне мяне ажанілі” (абрад “Сватанне”).
Нашы калектывы ў чарговы раз дастойна сябе прадставілі, аб чым і сведчаць заваяваныя ўзнагароды. Ад раённага Цэнтра культуры і ад сябе асабіста выказваю вялікую ўдзячнасць удзельнікам народнага фальклорнага калектыву “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору Надзеі Вайцюль і Леаніду Адамёнку, кіраўніку аматарскага аб’яднання “Стараверскія страпухі” Більдзюгскага СДК Людміле Ананіч і яго ўдзельнікам — Вікторыі Молакавай, Алёне Лапыр, Юліі Мішчанка, Алене Скурат і Анне Дарафеевай.
Агляд-конкурс “Вялікая вясельніца” у наступны раз пройдзе ў 2021 годзе ў адным з раёнаў Віцебскай вобласці. Шаркаўчане ўжо цяпер рыхтуюцца да ўдзелу ў ім. Несумненна, што і ў наступны раз нашы землякі апынуцца ў ліку лепшых калектываў Віцебшчыны.
Сяргей РАЙЧОНАК.