«Да вызвалення шляхам барацьбы». У 1937 годзе школьнік заклікаў сялян да паўстання супраць бальшавікоў. 21.by

«Да вызвалення шляхам барацьбы». У 1937 годзе школьнік заклікаў сялян да паўстання супраць бальшавікоў

28.01.2020 12:44 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 1937 годзе сямікласнік з Крычаўскага раёну Ягор Калбееў даслаў у газету «Звязда» свой верш «Песня мужыка», у якім заклікаў сялян «да вызвалення шляхам барацьбы». Ворагамі народу 18-гадовы юнак назваў бальшавікоў і калгасы, за што і трапіў у ГУЛАГ, піша «Радыё Свабода».


Ягор Калбееў. Фота: Звязда

27 лютага 1937 году школьнік Ягор Калбееў даслаў верш пра «паднявольнае становішча мужыка» ў рэдакцыю рэспубліканскай газэты «Звязда». Аўтар называў сябе сынам мужыка-калгасьніка і «выразіцелем народнай мары».

«37-ы год — год смерці мужыкоў, у гэтым годзе палова сялян пагіне з голаду. У гэтым вершы „Песня мужыка“ я хачу паказаць цяжкае, паднявольнае становішча мужыка, не толькі паказваю ўжаснае становішча, ну і прызываю да вызвалення шляхам барацьбы», — наіўна пісаў школьнік у лісьце, прыкладзеным да верша.

Ён тлумачыў, што «мужык ірвецца ў бой, ён гатовы біць врагоў - па ўрагамі разумее мужык бальшавікоў». Таксама згадваў у лісце Сталіна, які «не зварочвае ўвагі», што «мужык гіне з голаду».

5 сакавіка 1937-га ліст з вершам пераслалі з рэдакцыі «Звязды» сакратару ЦК КП (б)Б Данілу Валковічу з пазнакай «Для ведама». Яшчэ праз месяц яго аўтара арыштавалі.


Як школьнік паказаў жыцьцё калгасніка. Сцісла

  • «У мяне адабралі зямлю, У калгас аддалі, а я з голаду мру»;
  • «А папросіш бульбін ці працягнеш руку — кажуць, час здыхаць жабраку-мужыку»;
  • «Я ўсё лета араў, малаціў і касіў, людзям сена наклаў, а сабе не прасі».
  • «Ты будуеш масты, І лясы ты сячэш, Сабе печ пратапіць Стару лаву сячэш»;
  • «Вось надыдзе вясна, Трэба ехаць араць, Няма хлеба, зярна, У рот нечага ўзяць»;
  • «Эх, каб сілу я меў, Увесь сьвет бы абняў, Я ўрага б раздавіў, І зямельку ўзяў»;
  • «Дык дакуль ты, мужык, гэтак будзеш стагнаць, Ужо прыйшла, брат, пара на ўрагоў нападаць».

«Узводзілі паклёп на савецкую рэчаіснасьць і калгасны лад»

У 2005 годзе гісторык Ірына Раманава адшукала верш Калбеева ў сакрэтным аддзеле Асобага сэктару ЦК КП (б)Б. Сёлета апублікавала яго ў сваёй кнізе «Улада і грамадзтва. БССР у 1929−1939 гадах».

У архіве КДБ гісторыку дазволілі папрацаваць з справай Ягора Калбеева. З дакументаў яна даведалася, што маладога паэта арыштавалі ў Минску 31 сакавіка 1937 году і этапавалі ў Магілёў. Хлопец на следстве казаў, што збіраўся вучыцца ў літаратурным тэхнікуме. Чытаў творы Купалы, Коласа, Чарота, Броўкі. Іх кнігі падчас вобшуку сьледчыя знайшлі ў бацькоўскай хаце — назвалі іх контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай літаратурай, з якой юнак рабіў паметкі і выпіскі для складання «контррэвалюцыйных і тэрарыстычных вершаў».

Ірына Раманава кажа, што ў справе за верш арыштавалі Ягорава бацьку Аўхіма Калбеева, які старшыняваў у калгасе суседняга сельсавету, і дваіх аднавяскоўцаў - Нестара і Тараса Тапанавых. Паводле высноваў савецкага следства, юнак напісаў твор пад уплывам «антысавецкіх размоваў» дарослых. Бацька ж паэта настойваў, што даведаўся пра сынава захапленьне ўжо пасля затрымання.

Усе арыштаваныя спачатку прызналі віну, але на судзе адмовіліся ад паказанняў. Абвінаваўчы прысуд, аднак, сцьвярджаў, што «будучы варожа настроены да існуючага савецкага ладу, у 1935−1937 гадах сярод калгаснікаў праводзілі антысавецкую агітацыю, усхвалялі жыцьцё ў старой царскай Расиі і ў фашысцкай Нямеччыне, узводзілі паклёп на савецкую рэчаіснасць і калгасны лад».

Ягору Калбееву прысудзілі 5 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў ва Ўсольлагу, а таксама ў Молатаўскай вобласці (цяпер Пермскі край). На радзіму не вярнуўся. Памёр у сакавіку 1958 году. Пра тое паведаміла бацьку Ягорава жонка. Яму было няпоўных 40 гадоў. Аўхім Калбееў і аднавяскоўцы Тапанавы атрымалі па 10 гадоў лагераў. Бацьку Ягора выслалі ў Карэлію. У родныя Ананічы ён вярнуўся ў 1947 годзе. Доўга дамагаўся рэабілітацыі. 22 сакавіка 1959 году яго рэабілітавалі.

 
Теги: Минск
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 1937 годзе сямікласнік з Крычаўскага раёну Ягор Калбееў даслаў у газету «Звязда» свой верш «Песня мужыка», у якім заклікаў сялян «да вызвалення шляхам барацьбы»....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика