Сталiчныя прадпрымальнiкi могуць атрымаць iльготныя крэдыты
20.02.2010
—
Новости Экономики
|
20 мiльярдаў рублёў выдзелiць Мiнгарвыканкам на падтрымку малога прадпрымальнiцтва ў 2010 годзе, прычым з iх 19 мiльярдаў будуць накiраваныя на iльготнае крэдытаванне ІП, мiкраарганiзацый i малых прадпрыемстваў. Пра гэта расказаў журналiстам Аляксандар Калiноўскi, намеснiк старшынi камiтэта эканомiкi i начальнiк упраўлення прадпрымальнiцтва Мiнгарвыканкама. Па яго словах, механiзмы выдзялення iльготных крэдытаў актыўна асвойвалiся i адпрацоўвалiся ў 2009 годзе, калi Белiнвестбанкам i Белгазпрамбанкам былi выдадзеныя 18 крэдытаў на суму 1,254 млрд рублёў i 23 крэдыты на суму 2,48 млрд рублёў адпаведна. У Мiнгарвыканкаме палiчылi такую форму падтрымкi эфектыўнай, i таму ў 2010 годзе льготныя крэдыты будуць ужо праз 8 банкаў у адпаведнасцi з нормамi Указа Прэзiдэнта № 255 ад 21 мая 2009 года "Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкi малога прадпрымальнiцтва". — У 2010 годзе на падтрымку малога прадпрымальнiцтва выдзелена сродкаў у 10 разоў болей, чым у 2009 годзе: тады было выдзелена 2 мiльярды рублёў, а цяпер — 20 мiльярдаў, асноўную частку з якiх (19 млрд) плануецца накiраваць менавiта на льготнае крэдытаванне iнвестыцыйных праектаў малога прадпрымальнiцтва нашага горада, — заявiў Аляксандр Калiноўскi. Ён жа падкрэслiў, што льготныя крэдыты будуць выдавацца толькi пад iнвестыцыйныя праекты, накiраваныя на развiццё цi пашырэнне вытворчасцi, дзейнасцi ў сферы паслуг i гандлю. Прыярытэтнымi з'яўляюцца напрамкi, накiраваныя на iмпартазамяшчэнне i выпуск экспартнай прадукцыi, а абавязковай умовай — стварэнне новых працоўных месцаў. — Мы таксама звяртаем увагу на памер сярэдняй зарплаты, — кажа Аляксандр Калiноўскi. — Калi суб'ект гаспадарання хоча атрымаць крэдыт, а ў яго сярэдняя зарплата 300—400 тысяч, то зразумела, што гэта не зусiм празрысты бiзнэс, бо за такiя грошы нiхто працаваць не будзе. Але мы не адмаўляем, а прапануем за некалькi месяцаў давесцi ўзровень зарплаты да сярэдняй па горадзе ў гэтай галiне дзейнасцi i тым самым спрабуем стымуляваць пераход на сумленную працу ў рамках заканадаўства. Iльготныя крэдыты, расказаў Аляксандр Аляксандравiч, будуць выдавацца на тэрмiн да 2 гадоў, магчымая адтэрмiноўка выплаты асноўнага доўгу ў залежнасцi ад вiду дзейнасцi i фiнансавай устойлiвасцi прадпрыемства. Крэдыты будуць выдавацца ў беларускiх рублях, працэнтныя стаўкi вызначаныя ў памеры стаўкi рэфiнансавання Нацбанка, паменшанай на 2 працэнты (на сёння гэта 13 % — 2 % = 11 %), прычым банкi не будуць браць дадатковыя сродкi за абслугоўванне крэдыту. Што датычыцца сумаў, то тут жорсткiх рамак няма: — Мы не ўстанаўлiвалi мiнiмальных цi максiмальных сумаў, — тлумачыць Аляксандар Калiноўскi. — Безумоўна, можа прыйсцi адзiн суб'ект гаспадарання i папрасiць крэдыт на 19 мiльярдаў, таму мы дамовiлiся з банкамi, што ў выключных выпадках будзем разглядаць крэдыты да 500 мiльёнаў. Ну а калi казаць па вопыце мiнулых гадоў, то сярэднi памер крэдытаў — 80—100 мiльёнаў рублёў. У прынцыпе, гэта нармальныя грошы, — лiчыць Аляксандр Аляксандравiч. Дарэчы, на 31 снежня 2009 года ў сталiцы было зарэгiстравана 39 176 прыватных камерцыйных прадпрыемстваў i 70 869 iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. Усяго за 2009 год у Мiнску зарэгiстравалiся 6283 юрыдычныя асобы (меней чым у 2008-м на 296) i 8286 IП (болей чым у 2008-м на 886). Аднак нягледзячы на вялiкую лiчбу ў 70 тысяч зарэгiстраваных IП, сваю дзейнасць, па звестках падатковай iнспекцыi, ажыццяўляюць толькi 49 581 (хоць гэтая лiчба большая на 5205 чалавек у параўнаннi з 2008 годам). Такую разбежку ў лiчбах Аляксандр Калiноўскi патлумачыў тым, што зарэгiстравацца ў якасцi прадпрымальнiка вельмi проста, а вось механiзм лiквiдацыi пакуль складаны. Наогул жа iндывiдуальныя прадпрымальнiкi сталiцы заплацiлi ў бюджэт 214,4 мiльярда рублёў за мiнулы год, што болей на 6,3 %, чым было ў 2008 годзе. Павел БЕРАСНЕЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
20 мiльярдаў рублёў выдзелiць Мiнгарвыканкам на падтрымку малога прадпрымальнiцтва ў 2010 годзе, прычым з iх 19 мiльярдаў будуць накiраваныя на iльготнае крэдытаванне ІП, мiкраарганiзацый i малых прадпрыемстваў. Пра гэта расказаў журналiстам Аляксандар Калiноўскi, намеснiк старшынi камiтэта эканомiкi i начальнiк упраўлення прадпрымальнiцтва Мiнгарвыканкама.
|
|