Расійскі бізнэсоўца скупляе беларускія сядзібы. 21.by

Расійскі бізнэсоўца скупляе беларускія сядзібы

29.05.2010 19:01 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У самым пачатку 2010 года праз усе СМІ прабегла навіна — расійскі бізнэсоўца выкупіў палац XIX стагоддзя ў Красках, што на Ваўкавышчыне. Гэта быў фактычна першы прыклад "прыватызацыі" гістарычнай спадчыны. На рэканструкцыю адвялі два гады. З іх прайшло ўжо паўгода. Што змянілася за гэты час? Сядзіба дачакалася рэканструкцыі ці новы гаспадар нагуляўся ў гісторыю і плюнуў на палац?

З Красак на Берлін

Краскі сустракаюць прыезджых закінутымі хатамі і атмасферай суцэльнага вымірання. Як і ў большасці іншых вёсак, моладзі тут фактычна не засталося. Толькі некалькі бабулек, што сядзяць уздоўж дарогі, забіваюць доўгія вечары бясконцымі размовамі.

Каля павароту на палац па мясцовых мерках шматлюдна — чатыры чалавекі. Мужчына рашуча набліжаецца да машыны: "Вы ў замак? Праезд закрыты. Прыватная ўласнасць". — "А вы хто?" — "Ахова". "Ахоўнік" рашуча даводзіць, што гаспадар адпачывае, а таму праезд далей закрыты. Маўляў, лепш выбірацца, пакуль жывыя?здаровыя.

Перамовы ні да чаго не прыводзяць, таму, ускочыўшы ў старэнькі "Фальксваген" з наклейкай "на Берлін!", ахоўнік кідаецца ў імправізаваную пагоню, якая канчаецца каля заезду ў парк. Тут — другі этап перамоў. З кішэні ў "ахоўніка" звісае рацыя, якая, на дзіва, працуе. Для сувязі з Генадзевічам. Ён быў не супраць, каб прэса ціхенька агледзела маёнтак.

Генадзевіч

"Генадзевіч" — той самы расійскі бізнэсоўца Вадзім Селіхаў, які купіў стары панскі маёнтак за 300 мільёнаў рублёў ($100 тысяч). За гэтыя грошы ён атрымаў некалькі прыбудоў савецкага перыяду, закінуты, зарослы панскі парк і — галоўнае — разрабаваны палац у аварыйным стане.

Гісторыя сядзібы падобная да лёсаў дзясяткаў архітэктурных помнікаў па ўсёй Беларусі. Палац, пабудаваны ў 1839 годзе, перажыў часы свайго росквіту ў пачатку XX стагоддзя. Тады ж была дабудаваная частка палаца з вежай. Савецкі час не пашкадаваў Краскі. У будынку размясціўся спачатку касцёвасухотны, а пасля лёгачны санаторый. Некаторы час у панскім маёнтку жылі алкаголікі — тут быў лячэбна?працоўны прафілакторый. З часу незалежнасці будынак пачаў развальвацца і стаяў у аварыйным стане. І тут замаячылі перспектывы атрымаць расійскія інвестыцыі.

Новы пан збіраецца перабрацца ў Краскі, каб жыць тут пастаянна, але пакуль што не можа атрымаць від на жыхарства. Вось і катаецца пастаянна туды?сюды. Тыдзень адпачынку ў Красках — месяц працы ў Расіі. Пакуль замак непрыдатны для жылля, каля яго ўзвялі драўляную пабудову, дзе і жыве расіянін з сям’ёй. На акне спадарожнікавая талерка — нават у лесе нельга заставацца адарваным ад жыцця. Гаспадар з гасцямі тым часам рабілі шашлыкі. Не настроены на размову, ён памахаў рукой здалёк: "І вам добры дзень! Толькі не называйце мяне алігархам, я ж нармальны чалавек". У Расіі гэта прэстыжна, а ў Беларусі небяспечна — улада не любіць алігархаў.

Ахоўнік Валодзя з гонарам за гаспадара зазначае: "Госці ў яго ого?го?го! У Беларусі такіх бізнэсоўцаў няма". Ахову, як і іншых работнікаў, Генадзевіч набраў з мясцовых. Працоўных месцаў у вёсцы няма, таму прыходу расійскіх інвестыцый тут чакаюць з нецярплівасцю. Пра новага гаспадара адклікаюцца выключна станоўча: "Не пішыце пра яго дрэнна, а то прыязджалі тут, панапісвалі…"

Флігель — парк — палац

Валодзя тым часам праводзіў экскурсію па маёнтку і расказваў, якія працы ўжо пачаліся. "Пакуль што знеслі некалькі прыбудоў савецкага часу. Усё павінна быць так, як было ў пана, таму хадзілі і шукалі па хатах старыя фотаздымкі і планы, што засталіся з пачатку стагоддзя", — кажа ён. Пасля заводзіць у флігель, дзе аднаўленне ўжо пачалося.

"Выявілася праблема: мала таго, што няма архітэктараў, дык не засталося нават чырванадрэўшчыкаў! Ні ў Ваўкавыску, ні ў суседніх гарадах. Знайшлі толькі ў Шчучыне", — скардзіцца Валодзя. Працуюць пакуль што толькі мясцовыя жыхары, але калі нарэшце рукі дойдуць да палаца, то гаспадар прывязе прафесійных будаўнікоў.

Наступным пунктам працы на шляху вяртання да арыгінальнага выгляду мае стаць парк. За стагоддзе ён фактычна пераўтварыўся ў лес. А раней на шасці гектарах раслі экзатычныя дрэвы, якія дарэвалюцыйны гаспадар Зігмунт Сейгень прывозіў з усяго свету. У глыбіні парку быў вадаём, аддзелены тапалінай алеяй.

З прыцэлам на Падароск

У самім палацы будаўнічыя працы толькі?толькі пачаліся. Дзе?нідзе пакладзена новая цэгла, у куце аднаго з пакояў ляжаць рэшткі панскай падлогі. З савецкай спадчыны засталася размаляваная сцяна з бярозкамі. Яе будуць ламаць у першую чаргу.

Лесвіца, што вядзе з першага паверха на другі, калісьці была выкладзеная чырвоным дрэвам. "Мы, як былі дзецьмі, нават ступіць на яе баяліся", — расказваюць бабулькі ў красаўскіх хатках. "Сцяна побач з ёй увогуле трымаецца на сумленным слове. Прыйдзецца зносіць, а пасля зноў будаваць", — кажа Валодзя.

У палацы агулам больш за дваццаць пакояў. Тут зможа размясціцца і Генадзевіч з сям’ёй, і шматлікія госці. Мясцовыя жыхары кажуць, што бізнэсоўца збіраецца выкупіць яшчэ адну сядзібу, у суседнім Падароску. Там мае адкрыцца гасцініца, з якой і будуць вазіць турыстаў у Краскі.

Чаму Генадзевіч абраў менавіта Ваўкавышчыну, не ведае ніхто. Здаецца, і беларускіх каранёў у яго няма, і ад Расіі далёка, але ж грошы вырашыў ён укласці менавіта сюды. Нашчадкаў апошняга ўладальніка сядзібы Зігмунта Сейгеня, якія, мабыць, з большай ашчадай ставіліся б да палаца, так і не знайшлі. Пакуль што працы праводзяцца непрафесіяналамі, і ніхто не можа гарантаваць, што, зачапіўшы нейкую сцяну, яны не абваляць помнік архітэктуры. З іншага боку, у Селіхава яшчэ ёсць час, каб укласціся ў план рэканструкцыі і выканаць абяцанні, дадзеныя ваўкавыскім чыноўнікам.

У любым выпадку сітуацыя з Краскамі сфарміруе грамадскае меркаванне пра прыватызацыю гістарычных помнікаў.

Не алігарх

Вадзім Селіхаў — расійскі бізнэсоўца з горада Салехард (Ямала?Ненецкая аўтаномная акруга). Гэта 3000 км ад Беларусі. Па колькасці насельніцтва горад падобны на Ваўкавыск.

У бізнэсе з пачатку 1990?ых гадоў. Разам з кампаньёнамі арганізаваў гандлёвы салон "Камфорт+", які спецыялізаваўся на рамонце, дызайне інтэр’ера і ўстаноўцы тэлефонных станцый. На базе салона сталі займацца аб’ектамі харчавання, маюць ва ўласнасці бар і рэстаран у Салехардзе, а таксама кавярню ў будынку адміністрацыі аўтаномнай акругі. У 2000 стаў стваральнікам рыэлтарскай кампаніі. Выдаткоўваў грошы на развіццё дзіцячага тэніса ў Салехардзе.

Мае жонку і сына. Брат Сяргей прафесійна гуляе ў прэферанс і адзін час уваходзіў у 50 лепшых гульцоў Расіі.















Як даехаць да Красак?

Ад Мінска зручней за ўсё ехаць па трасе М1 да Івацэвічаў, далей праз горад выехаць на трасу Р78. Там праз Косава і Ружаны 60 км да Падароска — вёска знаходзіцца прама ўздоўж дарогі. Адразу перад панскай сядзібай паварот налева. Некалькі паваротаў па ёй — вось і Краскі. Паварот на маёнтак будзе направа, каля яго звычайна стаіць машына аховы.

Іншы варыянт: ехаць ад Ваўкавыска 25 км па той самай Р78, за сядзібай у Падароску зварочваць направа.

Што паглядзець па дарозе?

Ружаны — палацавы комплекс Сапегаў, Троіцкі касцёл

Косава — палац Пуслоўскіх, сядзіба Касцюшкі

Слонім — манастыр бернардзінцаў XVII ст., сінагога таго ж часу, касцёл св. апостала Андрэя

Жыровічы — Успенскі сабор

Сынкавічы — царква св. Міхаіла Архангела

Зэльва — магіла Ларысы Геніюш.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Генадзевіч" — той самы расійскі бізнэсоўца Вадзім Селіхаў, які купіў стары панскі маёнтак за 300 мільёнаў рублёў ($100 тысяч). За гэтыя грошы ён атрымаў некалькі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика