Некаторыя мінскія прадпрыемствы перанясуць за МКАД
19.07.2010 12:15
—
Новости Экономики
|
Савет міністраў і Мінгарвыканкам зацвердзілі пералік з 19 мінскіх прадпрыемстваў, якія будуць вынесеныя за межы горада да 2020, бо не адпавядаюць рэгламенту генеральнага плану сталіцы. Аднак пры бліжэйшым разглядзе аказалася, што гэта не толькі сур"ёзнае маштабнае пытанне, але і для асобных прадпрыемстваў вельмі балючае.Насамрэч гісторыі з пераносам прамысловых прадпрыемстваў за межы Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі ўжо больш за 5 гадоў. 23 красавіка 2003 пабачыў свет указ прэзідэнта № 165 "Аб зацверджанні генеральнага плану г. Мінска з прылеглымі тэрыторыямі і некаторых пытаннях яго рэалізацыі". У рамках дадзенага дакумента і была распачатая праграма "перасялення". У 2005 быў агучаны спіс прадпрыемстваў, якія не адпавядаюць рэгламенту генеральнага плану развіцця Мінска. У 2007 таксама заяўлялася, што да 2010 за межы Мінска плануецца вынесці 24 прадпрыемствы. Сярод іх называліся Мінская птушкафабрыка імя Крупскай, ААТ "Сукно", "Дражджавы камбінат", авіярамонтны завод, аэрапорт "Мінск-1" і іншыя. Аднак да 2010 улады і прадпрыемствы так і не змаглі дасягнуць згоды. Пытанне павісла да моманту чарговай інспекцыі прэзідэнтам беларускай сталіцы, дзе была дадзеная камандая зацвердзіць пералік пастановай саўміна і неадкладна прыняць да выканання. Аднак гэтае пытанне з розных прычынаў (пра іх ніжэй) хутка не рэалізуецца, яго вырашэнне расцягнулі да 2020, фактычна разбіўшы на 2 этапы. Да 2015 мусяць быць рэарганізаваныя 12 прампрадпрыемстваў, для якіх фактычна ўжо ўсе пытанні з пераездам вырашаныя (у тым ліку знойдзеныя сродкі для гэтых мэтаў альбо інвестар). У першапачатковы спіс такіх прадпрыемстваў уваходзяць, апроч іншых, "Станкабудаўнічы завод імя С.М. Кірава", "Аэрапорт Мінск-1", "Мінск Крышталь", Мінскі авіярамонтны завод, а таксама ААТ "Беларускія шпалеры". Да 2020 з Мінска будуць вынесеныя больш перспектыўныя арганізацыі – такія як, напрыклад, ААТ "Доследна-эксперыментальны завод тэхналагічнага абсталявання", ААТ "Галантэя", ААТ "Мінскмэбля"і іншыя аб"екты. Сотні мільёнаў даляраў У адпаведнасці з дзяржпраграмай, на першым этапе сумарныя затраты, неабходныя для вынасу (пераносу) вытворчых аб"ектаў, па папярэдняй ацэнцы, складаюць 1 855 млрд рублёў. Гэта каля 600 млн даляраў. Самы маштабны і нашумелы праект – гэта забудова комплексу "Мінск-Сіці" на месцы цяперашніх аэрапорта "Мінск-1" і авіярамонтнага завода. Цана пытання – не адна сотня мільёнаў даляраў. Асноўны інвестар праекту – расійскі нафтагазавы холдынг "Ітэра". Аднак пакуль праект рухаецца не такімі імклівымі тэмпамі, як заяўлялася. "Перанос 417 га завода і падрыхтоўка да яго будаўніцтва ў нацыянальным аэрапорце знаходзіцца ў падрыхтоўчай стадыі, – заявіў у інтэрв"ю "Штодзённіку" генеральны дырэктар СТАА "Мінск-Сіці" Сяргей Кісялёў. – Зробленыя землеадвод, агароджа тэрыторыі, выкананы архітэктурны праект. Цяпер вядуцца далейшыя працы па праектаванні і арганізацыі фінансавання гэтага аб"екту. Падрыхтоўчы этап мы завяршаем у гэтым годзе, але практычнуюрэалізацыю пачынаем толькі ў 2012. Ужо асвоена больш за 2 мільёны даляраў па пераносе завода", – удакладніў ён. Вынас "Дражджавога камбінату" і забудова вызваленых тэрыторый будуць каштаваць 37 млн даляраў. Першапачатковы заяўлены кошт усяго праекту – 60 млн даляраў. Да 2012 плануецца ажыццявіць вынас існых вытворчых магутнасцяў Мінскага мясакамбіната ў гарадскі пасёлак Мачулішчы Мінскага раёна. На ўсё неабходна 112 400 тыс. даляраў. На вынас вытворчасці і рэканструкцыю абутковай фабрыкі "Луч" патрабуецца 90 млн даляраў. Цалкам завяршыць рэканструкцыю плануюць да 2018. Цяпер вядзецца пошук інвестара. Будаўніцтва новага хлебазавода КУП "Мінскхлебпрам", які дазваляе пакрыць вытворчыя магутнасці, страчаныя падчас вынасу хлебазаводаў № 1 і № 2 з цэнтральнай зоны Мінска, абыдзецца ў 80 млн даляраў. Праўда, асобныя карпусы з"яўляюцца гістарычна-архітэктурнымі помнікамі і не падлягаюць зносу. Для вынасу "Мінскай друкарні" патрабуецца 10,7 млн даляраў. Тэрмін рэалізацыі праекту павінен скласці 3 гады. У хуткім часе павінен пачацца перанос лікёрагарэлкавага завода "Мінск Крышталь". У першую чаргу ў раён прамзоны Калядзічы будуць вынесеныя дапаможныя службы, транспартны цэх, складскія памяшканні, лагістыка. Першы этап пераносу завершыцца да вясны 2011. 70 млн даляраў неабходна на знос і будаўніцтва птушкафабрыкі імя Крупскай. Тэрмін рэалізацыі праекту павінен скласці каля 4 гадоў. Акупіцца гэта можа, па папярэдняй ацэнцы, за 8 гадоў. Зрэшты, у гэтага аб"екту ёсць свая "праўда". У 2003 тут скончылася мадэрнізацыя вытворчасці, на якую пайшло 12 млрд рублёў (дарэчы, ільвіная доля з іх пералічаная з бюджэту). Цяпер атрымліваецца, што рабілася гэта дарма, таму што фабрыку трэба выносіць у іншае месца...Аргументы "за" Рашэнне аб перасяленні гэтых прадпрыемстваў прадугледжана Дзяржаўнай праграмай па будаўніцтве буйных жылых раёнаў для жыхароў Мінска ў гарадах-спадарожніках і вынасе (пераносе) са сталіцы ў населеныя пункты рэспублікі вытворчых аб"ектаў, якія не адпавядаюць рэгламенту генплану Мінска і падлягаюць да 2020 вынасу (пераносу) на іншыя вытворчыя пляцоўкі (прамысловыя зоны) Мінска ці за яго межы ў іншыя населеныя пункты рэспублікі. Праграма зацверджаная пастановай савета міністраў № 976 ад 29 чэрвеня 2010. Гэта афіцыйны пункт гледжання, замацаваны на паперы. Як растлумачылі ў Мінгарвыканкаме, неабходнасць вынасу за горад прамысловых аб"ектаў звязаная, перш за ўсё, з экалагічным дабрабытам сталіцы. Тэрытарыяльны складнік усіх вытворчых зон Мінска прыкладна ў 2-3 разы большы, чым нават, да прыкладу, у сталіцах суседніх краін – Кіеве, Вільні і г.д. Цяпер у зоне экалагічных калідораў (гэта ландшафтныя тэрыторыі, паркі, вадаёмы), якія дазваляюць падтрымліваць экалагічную раўнавагу горада, размешчана каля 20 прадпрыемстваў. Яны займаюць больш за 245 гектараў зямлі. Іх дзейнасць робіць адмоўнае ўздзеянне на гарадское асяроддзе. Акрамя таго, вакол прадпрыемстваў фармуецца значная санітарная зона, у склад якой трапляе і жылая забудова. Гісторык Захар Шыбека лічыць, што пытанне пераносу прамысловых прадпрыемстваў наспела даўно. "У Еўропе ўжо даўно сталіцы пазбаўляюцца ад сваіх заводаў, фабрык, альбо пераносяць за межы горада. У Мінску застаецца старая індустрыяльная мадэль горада, час якой ужо даўно мінуў. Сёння сталіцы перабудоўваюцца ў інфармацыйна-культурныя цэнтры, дзе імклівымі тэмпамі павялічваецца сфера паслуг (не індустрыяльная сфера, а інтэлектуальная). Сталіцы робяцца галоўнымі камунікатарамі нацыі", –адзначае гісторык. Таму ад эканамічнай трансфармацыі залежыць будучыня горада. У якасці станоўчага прыкладу ён называе ўзвядзенне ў Мінску Парка высокіх тэхналогій. Вызваленыя "смачныя" кавалкі зямлі ў цэнтры Мінска рэальна выкарыстоўваць для распрацоўкі і рэалізацыі буйных інвестыцыйных будаўнічых праектаў. Аднак перанос за межы Мінска прампрадпрыемстваў упіраецца ў наяўнасць "доўгіх" грошай, лічыць дырэктар ЗТАА "Коліерз Інтэрнэшнл" Андрэй Алешкін. "Сёння ўжо скончыўся час "спекулятыўных" інвестараў. Вынесці завод за межы горада і потым адбіць грошы за 3 гады немагчыма. Элітнае жыллё істотна знізілася ў цане, у панэльным – высокая канкурэнцыя з боку дзяржавы, якая будуе па льготных расцэнках, арэнда офісаў упала на 30%, – адзначае ён. – У дадзеных праектаў тэрміны акупляльнасці могуць дасягаць і 10-12 гадоў. Таму да нас павінны прыйсці сапраўдныя буйныя інвестары. Але толькі з "доўгімі" грашыма магчымая рэалізацыя такіх маштабных праектаў. А з гэтым цяпер цяжка. Акрамя таго, любы інвестар скіраваны не толькі на замежныя рэсурсы, але і на крэдыты мясцовых банкаў. Здаецца, сёння сітуацыя нармалізуецца. Ужо ёсць беларускія банкі, якія даюць доўгатэрміновыя крэдыты пад 8%". Зрэшты, адзначае А. Алешкін, яшчэ адна загваздка ў тым, што дадзеныя праекты мясцовыя ўлады няправільна "ўпакоўваюць". "Інвестары не разумеюць, чаму гэта ім можа быць выгадна і цікава. А ўсё, што знаходзіцца на актыўных транспартных патоках, лічыцца даволі перспектыўным", – адзначае эксперт. Андрэй Алешкін падтрымлівае ідэю пераносу вытворчых пляцовак не проста за межы МКАД, а ў гарады-спадарожнікі. У прыватнасці, да прамысловых гарадоў-спадарожнікаў сталіцы былі аднесеныя Дзяржынск, Жодзіна і Фаніпаль. "Для інвестараў гэта будзе больш танная працоўная сіла, для дзяржавы – стварэнне новых працоўных месцаў. А некаторым жыхарам гэтых гарадоў-спадарожнікаў не давядзецца кожны дзень ездзіць на працу ў Мінск, як гэта адбываецца цяпер", – мяркуе ён. Аргументы "супраць" Зрэшты, А. Алешкін прапаноўвае разглядаць дадзенае пытанне шматбакова, улічваючы розныя аспекты. Напрыклад, ці патрэбныя некаторыя вытворчасці ў прынцыпе. "Калі прадпрыемства маральна састарэла, неканкурэнтаздольнае, прыносіць мала прыбытку ці ўвогуле стратнае, то, можа, лепш яго перапрафіляваць, а не пераносіць", – адзначае эксперт. Да прыкладу, сёння дынамічна развіваецца рэтэйл, таму гэта можа быць адным з магчымых напрамкаў. Тым больш што такіх аб"ектаў не так ужо і шмат для двухмільённага Мінска. Зрэшты, у Мінгарвыканкаме не ўпэўненыя ў патрэбе такой перапрафілізацыі. Аднак ёсць задумка, каб некаторыя прадпрыемствы перамяшчаліся на свабодныя вытворчыя плошчы іншых аб"ектаў, такім чынам будзе адбывацца аб"яднанне. "Напрыклад, завод імя Кірава плануецца перавезці на Мінскі завод аўтаматычных ліній. Там ёсць адпаведныя свабодныя вытворчыя плошчы і створаная інфраструктура. Гэты праект значна таннейшы, чым будаўніцтва новай вытворчасці і вынас яго далёка за межы Мінска", – растлумачыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Барысенка. Шэраг экспертаў адзначае, што да пераезду трэба падыходзіць прадумана, а не проста з таго меркантыльнага пункту гледжання, што камусьці падабаецца ўчастак у цэнтры горада. Па інфармацыі з некаторых крыніцаў, моцнае лобі, якое ёсць на некаторых даволі буйных прамысловых прадпрыемствах, пакуль дазваляе абыходзіць выкананне ўказу прэзідэнта. Тыя структуры, дзе дадзеная падтрымка мінімальная, і ўвайшлі ў дадзены пералік. Існуе меркаванне, што пераносяць тое, што прасцейшае ў рэалізацыі, выгаднейшае па грашах і мае "смачнае" размяшчэнне."Калі складаўся пералік, верагодна, крытэрый шкоднасці вытворчасці быў не на першым месцы, бо ў спіс трапілі і не вельмі "шкодныя" прадпрыемства, якія размяшчаюцца на "прынадных" месцах у цэнтры горада", – кажуць на адным з такіх аб"ектаў, але не называюць "явак і пароляў" праз боязь "паскорыць" пераезд. На іншым прадпрыемстве пераезд за МКАД або ў гарады-спадарожнікі прыраўноўваюць да ліквідацыі прадпрыемстваў. "Мы ўвогуле не разумеем, чаму нас без нашага жадання кудысьці прымушаюць пераязджаць. Да таго ж, у нас няма свабодных грошай на пераезд. Той прыбытак, які мы атрымліваем, ідзе на тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемстваў, выплату заробкаў людзям. Такая сітуацыя на многіх прадпрыемствах. Не варта таксама забываць, што перанос – гэта чалавечыя лёсы. Многія работнікі нашай кампаніі жывуць побач з заводам. Не думаю, што каму-небудзь з іх захочацца ездзіць куды-небудзь у Смілавічы. Для многіх з іх гэтая пастанова – гэта своеасаблівы шок. Мы прыраўноўваем пераезд за МКАД да ліквідацыі прадпрыемства", – прыкладна ў такім ключы заявілі на патэнцыйным прадпрыемстве-"перасяленцы".А на адным з заводаў былі больш катэгарычныя: "Гэты праект падтрымліваюць прэзідэнт і гарадскія ўлады. Мы гэтую ідэю не падтрымліваем. Ужо 5 гадоў з ёй змагаемся". Дарэчы Паводле праграмы, што рэалізуецца, у сталіцы ёсць шэраг аб"ектаў, праца па якіх вядзецца пунктавая і па асобных указах. Напрыклад, аманскім інвестарам перададзены ў прыватную ўласнасць "прынадны" зямельны ўчастак у межах вуліц Я. Купалы – М. Багдановіча – р. Свіслач. Перадыслакацыі падлягаюць Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа", 2-я гарадская клінічная бальніца і будынак спецыялізаванай энергетыкі (ТП-159), які належыць РУП "Мінскэнерга". У 2010–2015 у прамзоне Калядзічы запланаванае будаўніцтва комплексу будынкаў і збудаванняў следчага ізалятара і рэспубліканскай агульнасаматынай бальніцы. Новы СІЗА стане пераемнікам цяперашняга Следчага ізалятара № 1, што ў знакамітым Пішчалаўскім замку на вуліцы Валадарскага. З ужо рэалізаваных праектаў можна адзначыць перадыслакацыю з цэнтра сталіцы на вул. Кальварыйскай аўтапарка № 2. На яго месцы група кампаній "Юнівест-М" ужо ўзвяла першы комплекс жылых і офісных будынкаў. Кампанія выдзеліла ў рэспубліканскі і гарадскі бюджэты каля 39 млн даляраў за асваенне тэрыторыі і падрыхтоўку пляцоўкі да будаўніцтва, у тым ліку і ў перанос аўтапарка. Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19 сталічных мерапрыемстваў падлягаюць вынасу за межы горада |
|