А вы ўкладваеце свае грошы ў тавары і каштоўныя металы?
23.04.2011 09:39
—
Новости Экономики
|
А вы ўкладваеце свае грошы ў тавары і каштоўныя металы? У параўнанні з мінулым годам пачатак гэтага азнаменаваўся больш чым 20-працэнтным ростам рознічнага тавараабароту. Пазбавіўшыся магчымасці канвертаваць рублі, людзі пачалі актыўна ўкладваць іх у тавары.
Беларусы сталі купляць вопратку (рост тавараабароту на 21,1%), трыкатажныя вырабы (на 25.5%), абутак (на 24,3%), будаўнічыя матэрыялы (на 48,4%), халадзільнікі і лядоўні (на 38,7%), паведамляе Белстат. У I квартале 2011 года насельніцтву прададзена харчовых прадуктаў, напіткаў і тытунёвых вырабаў на 9092,5 млрд рублёў, што складае адпаведна 118,4% і 124,7% да ўзроўню I квартала 2010 года. Рознічны тавараабарот гандлю ў I квартале 2011 года склаў 13240,7 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з I кварталам 2010 года ў супастаўных цэнах на 24,9%. Гандлёвымі арганізацыямі ў I квартале 2011 года прададзена харчовых прадуктаў, напіткаў і тытунёвых вырабаў на 7585,1 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах 118,9% да ўзроўню I квартала 2010 года. Павялічыўся продаж мяса, у тым ліку свойскай птушкі і мясных прадуктаў на 14,9%, сыроў — на 10,8%, макаронных вырабаў — на 15,6%, фруктовых сокаў і сокаў з агародніны — на 32,7%. Леанід Злотнікаў, эканаміст: “Абнаўляйце ўсё, што можна абнавіць” — Добра, калі ў чалавека мільён ці два долараў. Такія людзі знойдуць, куды ўкласці свае грошы. Для гэтага ёсць акцыі, актывы. А калі грошай менш, дык і праблем менш. А звычайнаму чалавеку, у якога ёсць накапленні, лепш за ўсё ўкладваць у нерухомасць: дача, зямля, новая кватэра. Тыя ж, у каго накапленні ў беларускіх рублях, могуць памяняць гардэроб ці мэблю. Але беларускія рублі трэба было паспець канвертаваць у свой час. Віншую ўсіх, хто паспеў гэта зрабіць. А тыя, хто не паспеў, яшчэ могуць купіць у краме заручальныя пярсцёнкі. Але, на жаль, частка грошай ужо незваротна страчана, бо ідзе дэвальвацыя. У ідэале ж лепш не капіць ні долары, ні еўра, бо пакупніцкая здольнасць іх падае. Таму абнаўляйце ўсё, што можна абнавіць — ад мэблі да аўтамабіля. Грошы трэба траціць. Ірына Літвінава, прадпрымальніца (Бяроза): “Толькі не ў цукар з макароннымі вырабамі” — Толькі не ў цукар з макароннымі вырабамі, бо трэба ж будзе потым усё гэта зжэрці. Добра, калі ёсць нейкая сума, якую вы планавалі патраціць у любым выпадку. А яшчэ лепей, калі ёсць рэчы, якія вы планавалі ўсё роўна набыць, і іх можна купіць за беларускія рублі. Дык дзейнічайце! Піяніна “Беларусь”, пральная машына “Атлант”, аўтамабіль “Саманд”… Навошта купляць золата, не ведаю. Каб абвесіцца ім і ісці праз румынскую мяжу? Золата менш ліквіднае, чым валюта. Хаця ў доўгатэрміновым плане яму нічога не зробіцца. Але, каб не парыцца, лепш купіць сабе добрую кнігу ці бутэльку. Зараз жа вясна! З грашыма трэба развітвацца весела. Жыццё адразу стане лепшым. Калі немагчыма купіць локшыну пра запас, дык хаця б напіцеся пра запас! Кошты ў рэстаранах не выраслі. Вера Злотнікава, настаўніца (Гомель): “Лепш баляваць, чым канючыць пра горкую долю” — Асабіста я наладзіла сабе свята: зняла з дэпазіту свае невялікія зберажэнні і вырашыла не замарочвацца на валютных чэргах. Купіла пару сукенак, туфлі і хаджу з сяброўкамі па рэстаранах. Там цэны пакуль што, дзякуй Богу, не змяніліся. Таму ўсім раю сустракаць чарговы крызіс весела, па-веснавому. Калі ўжо прыйшла чума, дык наладжвайце баляванне. Усё лепш, чым канючыць пра горкую долю. Зміцер Лупач, журналіст (Глыбокае): “Сяляне ўкладваюць у бульбу і жывёлу” — Мае знаёмыя сяляне, хто не паспеў купіць валюту, укладваюць свае грошы ў жывёлу, у бульбу. Валюту ўжо купіць амаль немагчыма. Некаторыя рэдкія людзі прыкупілі долары, але такіх не дужа многа. Адзін сусед купіў карову, авечак. Аднак асноўная маса тых, хто мае магчымасць накрасці камбікармоў, гадуе свіней, каб потым “канвертаваць” іх у аўтамабіль (яшчэ нядаўна з кабана атрымлівалася трыста долараў). Адны знаёмыя зарэзалі адразу трох кабаноў і за раз займелі тысячу (валюту ім удалося купіць у Полацку). Некаторым пашчасціла ўзяць спажывецкія крэдыты, пасля чаго праехаліся па памежных пераходах, дзе яшчэ магчыма было набыць валюту, бо людзі мянялі. Але і гэтая “крамка” прыкрылася. Алена, студэнтка (Мазыр): “Беларускія грошы патрачу на беларускія дарогі” — Пакуль не ўзляцелі цэны на чыгунку, я вырашыла праехацца гэтым летам па Беларусі. Не ўдасца паехаць на мора сёлета, ну і няхай! Мы ж зусім не ведаем сваёй краіны, а тут такая цудоўная магчымасць з ёй пазнаёміцца. Таму ўсім раю не ныць, а ехаць на Браславы, у Мір, на Палессе. Усё, што ні робіцца, усё да лепшага. Яраслаў Раманчук, эканаміст: “Трэба ўкладваць альбо ў металы, альбо ў дзяцей” — Калі чалавек рэальна хоча захаваць грошы, а не інвеставаць іх, то найлепшае, што сёння можна зрабіць, гэта набыць золата, плаціну ці срэбра — тры металы, якія, безумоўна, з’яўляюцца каштоўнымі. Можна было б, калі чалавек ведае, як працаваць на фондавым рынку, укладваць у каштоўныя паперы. Але звычайнаму чалавеку гэта занадта складана. Таму, калі ёсць патрэба інвеставаць у сваю старасць, лепш набываць каштоўныя металы ці інвеставаць у сваіх дзяцей. Мае сэнс укладваць у адукацыю, у здаровы адпачынак. Вось такія рэчы — кніжкі, веды, гурткі. Каб як мага больш разнастаіць жыццё дзіцяці. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У параўнанні з мінулым годам пачатак гэтага азнаменаваўся больш чым 20-працэнтным ростам рознічнага тавараабароту. Пазбавіўшыся магчымасці канвертаваць рублі,...
|
|