Леанід Заіка: Нам не пазбегнуць "зачысткі" ад імпарту
09.07.2011 13:34
—
Новости Экономики
|
Леанід Заіка: Нам не пазбегнуць "зачысткі" ад імпарту Аб магчымых шляхах пераадолення стрэсавай сітуацыі пасля дэвальвацыі, якую выклікаў ажыятажны попыт на валюту і наступны рэзкі рост цэн, наш карэспандэнт гутарыць з незалежным беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Л.Ф. Заікам.
— Нядаўна адзін высокапастаўлены чыноўнік, які адказвае за эканамічны блок, падчас прэс-канферэнцыі выказаў нестандартную думку наконт ліквідацыі дэфіцыту валюты. Маўляў, зараз кожнае беларускае прадпрыемства незалежна ад яго формы ўласнасці павінна само на свае патрэбы зарабляць валюту. Як бы вы пракаментавалі гэтае выказванне? — Даволі спрэчная заява, на мой погляд. Беларускія прадпрыемствы, ва ўсялякім разе іх пераважная большасць, у першую чаргу павінны арыентавацца на ўнутраны рынак. Каб усіх нас забяспечыць якаснай і прымальнай па цане прадукцыяй, а ўжо затым прасоўваць яе на замежныя рынкі. А калі прадпрыемствы будуць імкнуцца дагадзіць іншаземным пакупнікам, то такіх вытворцаў можна лічыць замежнымі. Бо яны працуюць на чужыя рынкі. А што датычыць долараў, еўра, юаняў ці франкаў, то іх нашы прадпрыемствы павінны мець магчымасць свабодна і ў неабходных аб'ёмах набываць у спецыяльна адведзеным для гэтага месцы — на валютнай біржы. Гэта сусветная практыка. Калі нехта лічыць, што сёння кожнае раённае прадпрыемства, сельскагаспадарчы кааператыў здольныя самастойна зарабляць валюту, то ён глыбока памыляецца. Бо ў выніку адбудзецца распад адзінага народна-гаспадарчага комплексу краіны. — Цікава, а якім гэта чынам? — Усё проста. Прадпрыемствы-экспарцёры паступова перастаюць працаваць на айчынны рынак, пачнуць займацца не сваёй справай — гандляваць з далёкім і блізкім замежжам. — Не перабольшваеце? Чым шырэй кола айчынных экспарцёраў, тым больш у краіне будзе валюты, тым хутчэй яна з'явіцца ў абменніках. І што дрэннага ў тым, калі малое прадпрыемства, скажам, па выпуску дачнай мэблі з лазы — выключна беларускай сыравіны — пачне прадаваць яе за мяжу? Вы супраць гэтага? — Ні ў якім разе. Але лічу, што сёння эфектыўна займацца знешнегандлёвымі аперацыямі могуць вялікія вытворчыя холдынгі, спецыялізаваныя экспартна-імпартныя аптовыя кампаніі, а не ўсе, у каго ёсць шанцы прасунуць сваю прадукцыю ў тую ці іншую краіну. Мець шанц — не значыць яго рэалізаваць. Пошук імпарцёра — гэта складаная і спецыфічная работа, якая патрабуе адпаведнай кваліфікацыі. Толькі падрыхтаваныя спецыялісты здольныя выбраць з усяго асартыменту нацыянальных тавараў менавіта тыя, якія будуць запатрабаванымі ў іншых краінах. Такія людзі працуюць на МАЗе, МТЗ, БМЗ і іншых нашых стратэгічных прадпрыемствах-экспарцёрах, дзе моцныя маркетынгавыя службы. Яны валодаюць свежай інфармацыяй аб сітуацыі на замежных рынках, ваганнях попыту. А галоўнае — гэтыя гіганты маюць уласныя гандлёва-праводныя сеткі. А што ёсць у дробнага прадпрыемства з глыбінкі па выпуску мэблі з лазы? Якія там маркетолагі, сетка? Атрымаецца, што вытворца мэблі з лазы будзе палову часу марнаваць на пошук імпарцёра, а не на вытворчасць. Гэта няправільна. Наваліцца ўсім светам метадам народнай будоўлі на экспарт можна, вядома. Толькі ці стане больш у краіне валюты? Вось у чым пытанне. — Дык як тады, на вашу думку, ажывіць наш валютны рынак? — А гэта клопат Нацыянальнага банка і ўсяго беларускага банкаўскага сектара. Яны ў значнай ступені вінаватыя за той моцны валютны стрэс, які напаткаў краіну і насельніцтва. Хто ж за іх будзе вырашаць праблемы, якія нарадзіліся пры іх непасрэдным удзеле. Сёння відавочна, што памылковая валютная палітыка нашых банкіраў у значнай ступені прывяла да той сітуацыі, якую мы зараз маем. Таму прапаноўваю: у якасці запозненага пакарання скараціць персаналу Нацыянальнага банка зарплату на 50-70 працэнтаў, Міністэрства эканомікі — на 30-50 працэнтаў. Трэба ж адказваць за сваю непрафесійную працу, за выкананне сумніўных рэкамендацый і парад, з-за якіх пацярпела ўсё насельніцтва краіны. Палепшыцца сітуацыя — вярнуць зарплаты на ранейшы ўзровень. — А ці можна было б папярэдзіць дэвальвацыю? — Пытанне на пытанне: скажыце, а ці можна было б папярэдзіць выбух на Чарнобыльскай АЭС? — Відаць, хоць дакладна не скажу. — Можна было б. Наступныя пасля выбуху "разборы палётаў" паказалі, калі б у штаце АЭС быў бы кваліфікаваны фізік-тэарэтык, то ён бы мог на аснове аналізу дзеянняў аператараў АЭС дзякуючы веданню заканамернасцяў ядзерных працэсаў і рэакцый прадказаць трагедыю. Так і ў нас. На мой погляд, быў бы ў складзе ўрада на дастаткова высокай пасадзе вучоны-эканаміст, дасведчаны спецыяліст у макраэканоміцы, то ён бы мог прадбачыць дэвальвацыю, папярэдзіць кіраўніцтва Саўміна, падказаць не ісці на тыя крокі, якія прывялі да абвалу курса рубля. А цяпер вось даводзіцца прымаць выратавальныя меры. Сёння многія ў дэвальвацыі абвінавачваюць прэзідэнта. А ён тут ні пры чым. — А сваю віну вы адчуваеце? — Так. Мая памылка ў тым, што я аб магчымай дэвальвацыі мала гаварыў публічна, не ў дастатковай ступені звяртаў увагу грамадскасці на верагодны валютны стрэс. А трэба было крычаць, патрабаваць. — І што сёння, напрыклад, банкіры павінны зрабіць для выпраўлення сітуацыі? — Выраўняць курс беларускага рубля адносна долара і еўра, а затым і іншых валют. Так, гэта няпростая задача, але іншага шляху я не бачу для стабілізацыі валютнага рынку. Зразумела, усім нам хочацца, каб долар па-ранейшаму каштаваў крыху больш трох тысяч, ну няхай максімум чатыры тысячы. Але беспадстаўных цудаў у эканоміцы не бывае. Таму няхай спачатку курс рубля да долара будзе не 5000, а істотна больш. Але потым курс стабілізуецца. Галоўнае, каб ён быў рэальным і адзіным, а не розным для розных суб'ектаў рынку. Для яго некалькі курсаў долара ўсё роўна тое, што некалькі маякоў у моры. Можна заблытацца і трапіць на мель. Таму я супраць шматлікасці курсаў. — Леанід Фёдаравіч, памятаю, раней вы казалі, што адна з прычын валютнага дэфіцыту — гэта значнае адмоўнае сальда знешняга гандлю. Вы засталіся пры сваім меркаванні? — Так. Але зараз сітуацыя кардынальна памянялася — пачынаючы з мая ў нас назіраецца станоўчае знешнегандлёвае сальда. Яно дасягнута як у выніку росту экспарту тавараў беларускіх вытворцаў, так і ў многім дзякуючы адмове не толькі насельніцтва, але і прадпрыемстваў рэальнага сектару ад імпартных тавараў, абсталявання, камплектуючых, сыравіны. У сваёй масе людзі, у тым ліку і дзелавыя, значна скарацілі іх набыццё: дорага. — І на якой адзнацы можа адбыцца канчатковая валютная стабілізацыя? — Ведаеце, сёння вельмі рызыкоўна нешта прадказваць на нашым валютным рынку. Мне здаецца, што вырашэнне гэтага пытання напрамую аб'ектыўна звязана з тым, наколькі мы і надалей будзем быць стрыманымі ў спажыванні імпартнай прадукцыі, здолеем у новых умовах гаспадарыць па-новаму. — Гучыць вельмі агульна. Канкрэтызуйце, калі ласка, сваю думку. — Першае, з чаго варта было б пачаць, — гэта змены ў маркетынгавай палітыцы. Уважліва трэба паглядзець, дзе больш выгадна набываць, напрыклад, камплектуючыя: у Расіі ці ў Бразіліі. Тым больш што ў апошняй адкрыта беларускае пасольства. А можа, у суседняй Літве? Надышоў час узняць маркетынгавую палітыку на новы ўзровень. Яна павінна даваць ясныя адказы на многія пытанні вытворцаў. Я ім таксама параіў бы перагледзець свае вытворчыя праграмы, па магчымасці выключыць з іх энерга- і матэрыялаёмістую, састарэлую прадукцыю, якая мае мала шанцаў быць хутка прададзенай. Увогуле трэба кожнаму вытворцу моцна падумаць над тым, наколькі яму жыццёва неабходна выкарыстоўваць дарагія замежныя дэталі і камплектуючыя. Надышоў час правесці генеральную "зачыстку" вытворчасці на ўсіх яе этапах, рашуча пазбавіцца ад нават дробных выдаткаў, якія робяць даражэйшымі тавары. Інакш кажучы, структурыраваць усе выдаткі: на электраэнергію, ваду, цяпло і г. д. Цяпер самае непрыемнае і складанае: скараціць лішнюю працоўную сілу. Ведаю, гэта будзе няпроста. Але кожнае прадпрыемства павінна мець аптымальную колькасць персаналу. І такіх неабходных для выжывання мер набярэцца шмат. Але без іх выкарыстання нельга паспяхова прайсці адаптацыю да новых умоў гаспадарання. Рынак і канкурэнцыя рана ці позна прымусяць нас ісці не на заўсёды папулярныя меры. Лепш, калі мы самі пачнём іх рэалізоўваць. Так будзе менш адчувальна. — Адмова ад дарагога імпарту — наш асаблівы беларускі шлях? — Зусім не. Гэта, я б сказаў, сусветны досвед. Так паступалі многія краіны ў неспрыяльныя моманты для іх эканомікі. Напрыклад, у Расіі пасля сумна вядомага дэфолту 1998 года, калі рэзка ўпаў курс расійскага рубля адносна долара, практычна быў "зачышчаны" амаль увесь імпарт, без якога можна было б абысціся. Многія замежныя кампаніі тады былі вымушаны пакінуць расійскі рынак. Нешта падобнае будзе назірацца і ў нас. Таму я б не вельмі баяўся ўстанаўлення кошту долара не ў 5000, а ў межах 6000-6500 рублёў. Пры такім курсе мы выдалім усіх іншаземцаў з нашага рынку, нават кітайцаў, якія завальваюць планету сваімі далёка не заўсёды якаснымі спажывецкімі таварамі. — Прабачце, Леанід Фёдаравіч, а што добрага ў гэтым зыходзе замежных фірмаў? — Станоўчы бок у тым, што мы паставім у больш спрыяльныя ўмовы нацыянальных вытворцаў. У той жа Расіі ў 1998 годзе рэзкая дэвальвацыя з усімі яе адмоўнымі наступствамі рэзка палепшыла ўмовы для дзейнасці айчынных вытворцаў, у першую чаргу экспарцёраў. Так што не ўсё дрэнна ў дэвальвацыі. — У тым ліку і для нас? — Аб відавочных плюсах дэвальвацыі для беларускай эканомікі яшчэ заўчасна гаварыць, бо мы не дасягнулі канчатковай раўнавагі валютнага курса. Хоць нашым экспарцёрам стала лягчэй дыхаць. Пасля дэвальвацыі людзі пачынаюць быць больш абачлівымі ў сваіх выдатках, не раскідвацца грашамі на дарагія аўтамабілі, паездкі на шыкоўныя курорты. Энергічныя людзі пачынаюць шукаць новыя крыніцы заробку, абуджаецца дзелавая ініцыятыва насельніцтва, прадпрымальнасць, імкненне навярстаць страты. — Цяжкая гэта справа — я маю на ўвазе мінімізацыю страт насельніцтва. Складваецца ўражанне, што многія нашы вытворцы "звар'яцелі" на ніве цэнаўтварэння. Адна наша чытачка з абурэннем паведаміла, што сёння ў разгар сезона адпачынкаў не здолела набыць новы купальнік, бо ён каштуе аж 240 тысяч! А там тканіны з гулькін нос. Прычым выпускае купальнікі не знакамітая ў нас і за мяжой "Мілавіца", а малавядомае правінцыяльнае прадпрыемства. І такіх фактаў нашы чытачы прыводзяць шмат. Што б вы параілі расчараваным ростам цэн суайчыннікам? — Не набывайце тавары па штучна ўзнятых цэнах. Пачакайце, калі ёсць магчымасць абысціся без некаторых рэчаў. Ці звядзіце да мінімуму іх набыццё. Няхай, напрыклад, узгаданыя вамі купальнікі іх вытворцы паспрабуюць прадаць у Францыю ці Італію. Ніхто не будзе перашкаджаць. Чаму часам цэны зашкальваюць на прадукцыю беларускіх вытворцаў? Пры ўважлівым разглядзе пэўных цэн на той ці іншы тавар у большасці выпадкаў становіцца відавочным, што іх вытворцы перакладваюць на пакупніка сваё няўменне правільна і ашчадна весці справы. Вось калі іх прадукцыю перастануць купляць, то яны будуць вымушаны задумацца над скарачэннем выдаткаў, зніжэннем цэн да прымальных, у адпаведнасці з класічнай формулай "цана-якасць". Я б увогуле не раіў да канца восені рабіць вялікія пакупкі, бо спажывецкі рынак яшчэ не стабілізаваўся. Пачакайце, вакханалія з цэнамі, неабгрунтаваныя ўсплёскі і ваганні цэн паступова запаволяцца, прыйдуць у адпаведнасць з фінансавымі магчымасцямі насельніцтва. У сваю чаргу, гандлярам варта б задумацца аб перспектывах істотнага падзення попыту і зніжэння продажу. Так і да банкруцтва недалёка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб магчымых шляхах пераадолення стрэсавай сітуацыі пасля дэвальвацыі, якую выклікаў ажыятажны попыт на валюту і наступны рэзкі рост цэн, наш карэспандэнт...
|
|