Дзе ўзяць грошы, калі льготны крэдыт на жыллё згарае?. 21.by

Дзе ўзяць грошы, калі льготны крэдыт на жыллё згарае?

22.09.2011 12:04 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзе ўзяць грошы, калі льготны крэдыт на жыллё згарае?


Забудоўшчыкі паставілі тысячы беларускіх сем'яў, якія раней атрымалі льготныя крэдыты, перад фактам: цэны павялічыліся, шукайце грошы, дзе хочаце. А знайсці трэба дзясяткі тысяч долараў ЗША. І ўлічваючы сённяшнія рэаліі. Хоць яшчэ летась сем'і законна атрымлівалі льготныя пяціпрацэнтныя крэдыты, рыхтаваліся засяляцца ў новыя кватэры, планавалі будучыню...

Чаму крэдыты сёння страчваюць вартасць? Ці вінаваты ў гэтым толькі эканамічны крызіс? Як дапамагчы дольшчыкам? Пра гэта ў матэрыяле "Звязды". 

Афіцыйна

Рэдакцыя "Звязды" атрымала лісты ад забудоўшчыка "Арэсы-Сэрвіс" і з "Беларусбанка". Да гэтага мы накіравалі ва ўзгаданыя арганізацыі афіцыйныя запыты, дзе акрэслілі праблемы, з якімі сутыкнуліся дольшчыкі, што заключалі валютныя дамовы.

У лісце, падпісаным генеральным дырэктарам "Арэсы-Сэрвіс" Барысам Філаноўскім, падзяляюць заклапочанасць эканамічнай сітуацыяй у краіне, якая склалася. Паведамляецца і пра тое, што забудоўшчык звяртаўся ў "Беларусбанк" з просьбай дакрэдытаваць дольшчыкаў:

"Забудоўшчык сёння знаходзіцца ў не менш складаным становішчы, чым яго дольшчыкі, не атрымоўваючы ад дольшчыкаў, якія заключылі крэдытныя дамовы з ААТ "АСБ Беларусбанк", неабходнага фінансавання для будаўніцтва, не маючы магчымасці закупляць неабходныя будматэрыялы. "Арэса-Сэрвіс" неаднаразова звярталася ў ААТ "АСБ Беларусбанк" і Нацбанк з просьбай аб дакрэдытаванні дольшчыкаў, якія заключылі пагадненні долевага будаўніцтва з умовай аплаты кошту ў беларускіх рублях з прывязкай да долара ЗША па курсе НБ РБ, але ўсе звароты засталіся без задавальнення" .

У лісце з "Беларусбанка", падпісаным намеснікам Старшыні праўлення Ільёй Шаланкі, непахісна спасылаюцца на дзяржаўныя законы: "Пераразлік памеру льготнага крэдыту на працягу будаўніцтва жылога дома не здзяйсняецца".

Дольшчыкам, чые льготныя крэдыты часткова згарэлі, прапаноўваюць атрымаць дадатковыя крэдыты (калі людзі будуць здольныя іх аплачваць) пад працэнты, якія адпавядаюць стаўцы рэфінансавання (зараз гэта для большасці вялізная лічба — 30%). 

Улетку, калі валютны крызіс набліжаўся да піку, было аб'яўлена аб прыпыненні льготнага крэдытавання. Але з высокіх трыбун гучала, што тым дольшчыкам, якія да крызісу пачалі будаўніцтва жылля, усё ж дадуць магчымасць яго закончыць.

Аднак пазбегнуць сур'ёзных праблем не ўдалося.

У інтэрнэце створаны шэраг форумаў, дзе тысячы чалавек, што ўвязаліся ў будаўніцтва перад крызісам, абмяркоўваюць, дзе ўзяць дадатковыя грошы. Бо льготны крэдыт, які мусіў пакрыць усе выдаткі па будаўніцтве кватэры, страціў вартасць.

Вось тыповая гісторыя. Маладая сям'я, з дзіцем, вырашыла будаваць жыллё ў сталіцы. У людзей — усе законныя падставы атрымаць ільготны пяціпрацэнтны крэдыт. Але будаўніцтва новага дома замарудзілася. Тым часам курс долара расце, а зарплаты стаяць на месцы. І калі да дэвальвацыі льготны крэдыт пакрываў маладой сям'і ўсе 70 метраў двухпакаёвай кватэры. То сёння — гэта толькі 38 метраў. Трэба дзесьці знайсці яшчэ 175 мільёнаў беларускіх рублёў. Дзе сярэднестатыстычнаму беларускаму ўрачу ці настаўніцы сёння знайсці такія грошы? Пры гэтым, калі курс валют па Нацбанку будзе расці, то кошт квадратнага метра ў рублях таксама будзе павялічвацца.

Натуральна, што эканамічны крызіс 2011-га года стаў для большасці беларусаў нечаканасцю, прыйшоў, як Піліп з канапель. Але гісторыі многіх дольшчыкаў паказваюць, што несправядліва ўскладаць віну толькі на эканамічны крызіс.

"Людзі ў адчаі жартуюць: "Будзем органы прадаваць"

Журналіст "Звязды" атрымаў ліст ад сем'яў, якія будуюцца ў сталічным жылым раёне Брылевічы (у паперы зафіксавана 101 прозвішча). Гэтыя людзі атрымлівалі льготныя крэдыты, якія з-за дэвальвацыі часткова страцілі вартасць. Людзі звярталіся і да забудоўшчыка, і ў банк, каб супольна вырашыць праблему, для многіх крытычную. Але так і не знайшлі выйсце. Пазіцыю незадаволеных дольшчыкаў з мікрараёна "Брылевічы" нам выказала Ірына Шынкарова, якую дэлегавалі на гутарку з журналістам "Звязды".

— Дамовы з забудоўшчыкам "Арэсай-Сэрвіс" мы заключалі да крызісу. Напрыклад, я — у лістападзе 2009 года. Спачатку быў выбар — заключаць дамовы ў беларускіх рублях (з індэксам будаўніча-мантажных работ, калі кошт метра павялічваецца адпаведна з гэтымі работамі, коштам на будматэрыялы) альбо ў валюце. Потым прапаноўвалі заключаць толькі валютныя дамовы.

Долар на той момант каштаваў 2970 беларускіх рублёў. У дамове быў прапісаны курс на дату заключэння, і адпаведна — фіксаваная сума ў беларускіх рублях, якую нам былі гатовыя выдаткаваць у якасці крэдыту. Крэдытную лінію маглі адкрываць толькі ў некалькіх аддзяленнях банка. І калі б будаўніцтва ішло згодна з планам, мы паспелі б вырашыць усе пытанні з кватэрамі ў нашым доме да дэвальвацыі.

А калі курс долара па Нацбанку змяніўся, людзі стаялі на вушах. Крэдыт ужо не пакрываў неабходны метраж.

Натуральна, мы спадзяваліся, што нас не пакінуць сам-насам з праблемай і дакрэдытуюць. Мы ж не прасілі, каб нам далі грошы за так. Крэдыты так ці інакш трэба вяртаць. Ды і супраць павышэння кошту мы не выступаем. Усё зразумела: цэны на будматэрыялы павялічыліся.

Чыноўнікі, калі здарыўся крызіс, па дзяржаўным тэлебачанні выступалі і абяцалі, што тыя, хто ўжо пачаў будавацца, скончаць гэтую справу.

Але тым, хто заключаў валютныя дамовы, насустрач не пайшлі. Тых жа, што заключалі дамовы ў беларускіх рублях (з індэксам будаўніча-мантажных работ) дакрэдытоўвалі. Хоць рост кошту ў іх адбыўся амаль такі ж, як у нас.

Лічым, што гэта несправядліва.

Некаторыя людзі спрабавалі пераскочыць, напрыклад, з трохпакаёвай кватэры ў двухпакаёвую. Але аказалася, што ў такім разе могуць пазбавіць ільготнага крэдыту.

І яшчэ раз падкрэслю: калі б некаторыя дамы пабудавалі своечасова, як планавалася спачатку, то праблемы б не было. Наша сям'я, напрыклад, павінна была ключы ад кватэры атрымаць у чэрвені гэтага года. І калі б усё будавалася згодна з першапачатковым тэрмінам, мы б не патрапілі пад гэты дэфолт.

А днямі з'явілася інфармацыя, што рыхтуецца чарговая дадатковая дамова на перанос здачы нашага дома аж на чэрвень наступнага года...

Людзі ўжо дзяцей перавялі ў школу па суседстве, кватэры папрадавалі, здымаюць сёння жыллё за вялікія грошы. І з-за зацягвання тэрмінаў будаўніцтва многія дольшчыкі страчваюць дадатковыя грошы, таксама немалыя.

Усе разумеюць, калі выйсці з гэтага будаўніцтва сёння, то больш магчымасцяў займець кватэру не будзе.

На нашым інтэрнэт-форуме некаторыя ў адчаі пачынаюць жартаваць: "Будзем органы прадаваць". Але гэта чорны гумар, так проста чалавек не напіша...

Р.S. У гэтым артыкуле мы далі выказаць сваё слова дольшчыкам, якія будуюцца ў сталічным мікрараёне "Брылевічы". Насамрэч крэдыты згарэлі ў тысячаў сем'яў, што будуюцца ў розных раёнах сталіцы і ў іншых гарадах. Чыноўнікі спасылаюцца на законы. Забудоўшчыкі, якія зацягвалі з будаўніцтвам яшчэ да крызісу, таксама спасылаюцца на дамовы і заканадаўчыя акты: мелі права гэта рабіць згодна з заканадаўствам.

І атрымліваецца, што ва ўсіх гэтых законах, мала ўвагі нададзена простым беларусам, якія трапілі ў складанае становішча. На якія законы спасылацца ім, калі раптоўна з неба звалілася запазычанасць у дзясяткі тысяч долараў, якія па сённяшніх часах не зарабіць і за пяць гадоў. Ці нармальная гэта сітуацыя для сацыяльна арыентаванай дзяржавы? Як можна дапамагчы дольшчыкам?

Шаноўныя чытачы, што вы думаеце на гэты конт?

Дасылайце свае меркаванні на інтэрнэт-скрыню "Звязды" іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу.

Беларусбанк гатовы прадастаўляць фізічным асобам адтэрміноўку па пагашэнні валютных крэдытаў

ААТ "ААБ Беларусбанк" прадастаўляе крэдытаатрымальнікам адтэрміноўку пагашэння асноўнага доўгу па валютных крэдытах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе банка.

У адпаведнасці з рэкамендацыямі Нацыянальнага банка, Беларусбанк прыняў рашэнне індывідуальна разглядаць звароты крэдытаатрымальнікаў па пытаннях пагашэння валютных крэдытаў і змяняць умовы крэдытавання. "Гэта зроблена для зніжэння крэдытнай рызыкі па валютных крэдытах у перыяд выхаду на адзіны раўнаважны курс беларускага рубля", — растлумачылі ў прэс-службе.

Каб знізіць фінансавую нагрузку на фізічных асоб па пагашэнні існуючай крэдытнай запазычанасці ў замежнай валюце ў сувязі з павелічэннем курсаў замежных валют, банк падрыхтаваў комплекс мер. Так, пры наяўнасці аб'ектыўных абставін (павелічэнне рублёвага эквіваленту памеру плацяжоў па крэдытным дагаворы, зніжэнне ўзроўню даходаў, страта работы, працяглая хвароба), а таксама сацыяльна значным катэгорыям крэдытаатрымальнікаў (шматдзетным сем'ям, інвалідам, пенсіянерам, ветэранам, былым вязням і іншым) крэдытным камітэтам устаноў банка дадзена права прадастаўляць адтэрміноўку пагашэння асноўнага доўгу на тэрмін да шасці месяцаў. Банк таксама можа ўстанаўліваць на тэрмін да шасці месяцаў індывідуальныя графікі пагашэння асноўнага доўгу з улікам плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка з далейшым прадастаўленнем растэрміноўкі выплаты недаплачанай сумы асноўнага доўгу ў межах канчатковага тэрміну карыстання крэдытам. Магчыма таксама прадаўжэнне тэрмінаў вяртання крэдытаў, прадастаўленых у замежнай валюце.

Мерапрыемствы па змяненні ўмоў крэдытавання ажыццяўляюцца пасля ацэнкі здольнасці крэдытаатрымальніка выконваць свае абавязацельствы перад банкам. Пры гэтым грамадзяне, якія атрымалі крэдыты ў замежнай валюце і адчуваюць цяжкасці па іх пагашэнні, павінны звярнуцца ў банк з пісьмовай заявай.

Раней праўленнем банка ўжо былі прыняты меры па зніжэнні фінансавай нагрузкі на фізічных асоб па пагашэнні крэдытаў у замежнай валюце, у прыватнасці зніжана працэнтная стаўка да 10 працэнтаў гадавых. Акрамя таго, па заявах крэдытаатрымальнікаў тэрміны карыстання крэдытам прадаўжаюцца на 5 гадоў па крэдытах на фінансаванне нерухомай маёмасці і на 3 гады па крэдытах на спажывецкія патрэбы.

Адначасова ў сувязі з ростам кошту прыцягнутых рэсурсаў, у тым ліку абумоўленым павышэннем стаўкі рэфінансавання Нацбанка, Беларусбанк прыняў рашэнне аб змяненні з 22 верасня працэнтных ставак па новазаключаных з фізічнымі асобамі крэдытных дагаворах у беларускіх рублях на спажывецкія патрэбы і фінансаванне нерухомай маёмасці. Пры гэтым павышэнне не закранула памер працэнтных ставак па крэдытах шматдзетным сем'ям.

"З пачатку гэтага года тэмп росту працэнтнай стаўкі па крэдытах банка на фінансаванне нерухомай маёмасці для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ніжэйшы за тэмп росту стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, у сувязі з чым працэнтная стаўка па гэтым відзе крэдыту максімальна набліжана да стаўкі рэфінансавання Нацбанка", — дадалі ў прэс-службе. 

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Забудоўшчыкі паставілі тысячы беларускіх сем'яў, якія раней атрымалі льготныя крэдыты, перад фактам: цэны павялічыліся, шукайце грошы, дзе хочаце. А знайсці трэба...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика