Нікіценка: Людзі з малымі заробкамі - тормаз развіцця айчыннай эканомікі. 21.by

Нікіценка: Людзі з малымі заробкамі - тормаз развіцця айчыннай эканомікі

25.08.2012 11:08 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нікіценка: Людзі з малымі заробкамі - тормаз развіцця айчыннай эканомікі

           


Наш карэспандэнт абмяркоўвае праблематыку павышэння даходаў насельніцтва з вядомым эканамістам, доктарам навук, прафесарам, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пятром Нікіценкам.
— Пётр Георгіевіч, памятаеце, як год таму нечакана "выбухнуў" нездаровы ажыятажны попыт на замежную валюту, узніклі чэргі каля абменных пунктаў, "чорны" рынак валюты, панічныя чуткі і г. д. Сёння стабілізацыя дасягнута. Што далей? Якія высновы і ўрокі трэба зрабіць з нагоды леташніх падзей?

— Дзякуй Богу, той непрыемны перыяд адносна хутка скончыўся і мы зараз жывём ва ўмовах макраэканамічнай стабільнасці. Гэта добра. Аднак, павінен заўважыць, што адмоўны досвед — гэта таксама карысны досвед. Леташнія падзеі на фінансава-грашовым рынку яшчэ раз пацвердзілі тэзіс аб тым, што нам, як краіне з экспартаарыентаванай вытворчасцю, трэба імкнуцца жыць па законах і правілах сусветнай эканомікі. А там не ўсё прыгожа і прыстойна. Там, на жаль, ёсць месца такім негатыўным з'явам, як спекуляцыйны фіктыўны капітал, дзякуючы якому квітнее ўся фінансавая алігархія; несумленныя гульні на біржах; нябачны, але адчувальны ўплыў буйных міжнародных спекулянтаў са шматмільярднымі сумамі долараў на ход спраў на глабальным фінансавым рынку — у прыватнасці, на ваганні валютных курсаў, іх наўмыснае штучнае паніжэнне ці павышэнне, нават яе дыскрэдытацыю.
 
Трэба не забываць, што амерыканцы дзякуючы даларызацыі сусветнай эканомікі ўжо не адно дзесяцігоддзе паспяхова здымаюць фінансавую маржу на сваю карысць, як, дарэчы, і прысвойваюць прыродную рэнту ўсёй планеты незалежна ад таго, дзе знаходзяцца запасы нафты і газу — у Расіі ці Лацінскай Амерыцы. Дзякуючы такой спекуляцыйнай схеме амерыканскія дзялкі эксплуатуюць таксама і чалавечыя рэсурсы.
 
Так, калі б Беларусь працавала, як у савецкія часы, па законах закрытай эканомікі, то можна было б у пэўнай ступені ігнараваць тое, што адбываецца за яе межамі. А мы, як вядома, краіна з вялікай ступенню адкрытасці эканомікі. Гэта надае асаблівую важнасць нашаму ўменню працаваць па планетарных эканамічных законах. І тут у нас няма альтэрнатывы. Мы вымушаны, як бы нам гэта ні падабалася, падкормліваць даларызацыю, падтрымліваць і прыстасоўвацца пад іншыя пісаныя і няпісаныя правілы існавання ў глабальным эканамічным парадку. І гэта адзін з галоўных урокаў мінулага года. А таму ўсе тыя меры, якія прымаў урад па ліквідацыі леташніх узрушэнняў на валютным рынку, зніжэнні адмоўнага знешнегандлёвага сальда, скарачэнні імпартаёмістасці валавога ўнутранага прадукту, у цэлым адпавядаюць патрабаванням жыць ва ўмовах сусветнай эканомікі.
 
— Як гэта будзе суадносіцца з павышэннем узроўню жыцця насельніцтва краіны — у прыватнасці, павышэннем зарплаты? Бо прадстаўнікі вядучых міжнародных фінансавых структур летась раілі нам замарозіць зарплаты і пенсіі, бо, маўляў, нашы людзі зноў кінуцца скупляць долары і справакуюць новы валютны крызіс. Ваша меркаванне?

— Абсалютна не згодны з такой пастаноўкай пытання прадстаўнікамі Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду. Не буду паглыбляцца ў тэорыю пытання. Адзначу толькі, што невысокая зарплата пагражае непрыемнымі наступствамі. У прыватнасці, яна напрамую звязана з вымываннем працоўных рэсурсаў з краіны ў бліжняе замежжа. Асабліва будаўнікоў, праекціроўшчыкаў, праграмістаў, таленавітых менеджараў. Тых спецыялістаў, якія запатрабаваны ў Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы. І сёння, на жаль, нямала моладзі і людзей сярэдняга ўзросту за дастойнай зарплатай едзе за мяжу, працуе на эканоміку іншых краін. Што атрымліваецца? Хлопец у нас атрымаў адукацыю ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы, тэхнікуме ці ВНУ, набыў працоўны досвед (скажам, на будоўлі) і потым у самы актыўны перыяд свайго жыцця з'язджае з радзімы на заробкі.
 
Калі мы будзем замарожваць зарплату, пенсіі, іншыя сацыяльныя выплаты, то з кім мы застанёмся? Таму Прэзідэнт краіны ставіць задачу паступова ўзняць сярэднюю зарплату да 500 долараў у эквіваленце. І ён, дарэчы, правільна заўважыў, што і гэта не вельмі вялікія грошы. Трэба імкнуцца рухацца далей — да сярэдняй зарплаты ў 1000 долараў да канца пяцігодкі.
 
— І як, на ваш погляд, гэта рэальна?

— Рэальна. Але для гэтага, у прыватнасці, давядзецца грунтоўна ўдасканаліць нашу грувасткую падатковую сістэму. Напрыклад, у зніжэнні падатковай нагрузкі тоіцца значны рэзерв для росту зарплаты. Хатнія гаспадаркі, малы бізнэс павінны стаць асновай вядзення усяго нашага гаспадарчага жыцця. Нам трэба будзе хутчэй уводзіць у эканоміку, фінансавы абарот назапашанае нацыянальнае багацце, у тым ліку зямлю, лясныя і водныя рэсурсы, карысныя выкапні, выгаднае геаграфічнае становішча транзітнай краіны. А для гэтага ў пэўным сэнсе выкарыстаць лепшыя практычныя напрацоўкі так званай эканамічнай рэформы былога кіраўніка ўрада СССР А. М. Касыгіна. Тады, нагадаю, удалося істотна палепшыць эканамічную сітуацыю ў краіне.
 
— А як наконт грашовай эмісіі? Яна, паводле меркавання асобных эканамістаў, з'яўляецца адным з фактараў дэстабілізацыі на грашовым рынку Беларусі, рэзкіх ваганняў валютных курсаў.

— Прабачце, але тое, што вы кажаце, — гэта рэцыдыў старога мыслення, наступствы якога яшчэ моцна ўплываюць на нашы паводзіны і рашэнні ў грашова-фінансавай сферы. Давайце паглядзім на іншыя краіны. ЗША можна займацца эмісіяй? Кітаю можна займацца эмісіяй? Расіі, Японіі і іншым можна займацца эмісіяй? Значыць, усім эканамічна развітым краінам можна займацца эмісіяй, а Беларусі нельга. Чаму? Гэта несправядліва.
 
Калі мы не будзем рэгулярна ўключаць станок па друкаванні грошай, то мы не выйдзем на запланаваныя паказчыкі росту зарплаты. Акрамя гэтага, аналіз эканамічнага становішча за першае паўгоддзе паказвае, што ў нас нізкі ўзровень манетызацыі нацыянальнай эканомікі. Ці, інакш кажучы, у ёй мала беларускіх грошай, іх стане больш, калі ўсе разлікі ўнутры краіны будуць весціся толькі ў беларускіх рублях. Яшчэ адзін аргумент на карысць павышэння зарплаты — рост цэн на камунальныя паслугі, прадукты харчавання, тавары паўсядзённага попыту. Урад не можа не рэагаваць на гэта. У прыватнасці, прапаную цэны захоўваць рынкавыя, але пры гэтым рэгістраваць іх у нейкім дзяржаўным органе — напрыклад, у падатковай службе.
 
Мушу падкрэсліць, што ўся сусветная фінансавая сістэма інфляцыйная, эмісійная. На мой погляд, каб не было ажыятажнага попыту на валюту, трэба людзям прадаставіць іншыя магчымасці (акрамя назапашвання замежнай валюты) і спосабы захавання зберажэнняў — скажам, набываць прыбытковыя акцыі, зямельныя ўчасткі, нерухомасць.
 
— Вернемся да працоўнай міграцыі. Як ва ўмовах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана, дзе вітаецца свабоднае перамяшчэнне працоўнай сілы, пераканаць маладога кваліфікаванага беларускага спецыяліста застацца дома, калі ў той жа Расіі яму за тую ж работу прапаноўваюць у 2-3 разы больш грошай?

— Сёння запаволіць працоўную міграцыю можна толькі эканамічнымі метадамі. Наспеў час мяняць структуру эканомікі. Яна была ў асноўным сфарміравана ў савецкія часы і кардынальна мала змянілася за апошнія гады. Мы шмат гаворым аб неабходнасці павелічэння долі сферы паслуг у стварэнні валавога ўнутранага прадукту і недастаткова робім для гэтага. Прычым не такіх традыцыйных у нашым разуменні паслуг, як рамонт абутку і складанай бытавой тэхнікі, а паслуг адукацыйных, медыцынскіх, навукова-даследчых, турыстычных і г.д. Мы часам за малыя грошы ці ўвогуле бясплатна дорым іншым нашы ідэі, цікавыя арыгінальныя прапановы. Гэтым нярэдка карыстаюцца міжнародныя дзялкі накшталт сумнавядомага амерыканца Сораса, які з вялікай выгадай для сабе за мноства дробных грантаў (у сярэднім 500 долараў кожны) сабраў на абсягах былога СССР шмат стратэгічна важнай інфармацыі для свайго бізнэсу.
 
— Але што трэба зрабіць, каб фінансавая стабілізацыя не ператварылася ў застой?

— Нягледзячы на тое, што мы дасягнулі станоўчых зрухаў у эканоміцы, пэўнай макраэканамічнай стабілізацыі, нам не варта супакойвацца. Пачатая год таму работа па стабілізацыі патрабуе працягу і карэкціроўкі. Пэўныя здабыткі не даюць нам магчымасці хутка рухацца наперад — у прыватнасці, адразу істотна ўзняць сярэднюю зарплату ў краіне. А роля і значэнне зарплаты выходзяць за рамкі яе галоўнага паняцця як асноўнай крыніцы даходаў для пераважнай большасці насельніцтва Беларусі. Яна, зарплата, — паказчык паспяховасці асобы ў грамадстве, эфектыўнасці ў гэтай сферы дзейнасці, аўтарытэту ў сям'і. Калі ў чалавека нізкая зарплата, то адпаведныя да яго будуць і адносіны. З іншага боку, работнік з нізкай зарплатай не хоча працаваць у поўную сілу.
 
Давайце не трымацца за састарэлыя падыходы ў вырашэнні наспелых праблем, а працаваць крэатыўна. У нашым выпадку я маю на ўвазе стварэнне дадатковых стымулаў пры жаданні больш зарабляць афіцыйна і легальна. У нас яшчэ шмат "чорнага налу" ў розных формах, "шэрых" схем у разліках за паслугі, практыкуецца выплата часткі зарплаты ў канвертах. Таму варта мяняць тарыфныя сеткі.
 
Мы чамусьці далёка не заўсёды задумваемся над тым, што людзі з малымі заробкамі з'яўляюцца тормазам развіцця айчыннай эканомікі. Таму я разумею заклапочанасць кіраўніцтва дзяржавай гэтай сітуацыяй. Бо за вырашэнне якой праблемы мы б ні ўзяліся, абавязкова ў той ці іншай ступені сутыкнёмся з неабходнасцю павышэння зарплаты. Будзем спадзявацца, што ў нас працэс яе росту будзе няўхільным і пастаянным. І вельмі добра, што гарантам гэтага з'яўляецца Прэзідэнт Беларусі.
 

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наш карэспандэнт абмяркоўвае праблематыку павышэння даходаў насельніцтва з вядомым эканамістам, доктарам навук, прафесарам, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика