Два катэджы ад... пяці кароў
30.05.2013
—
Новости Экономики
|
ЁСЦЬ на ўскраіне Глыбокага, у раёне Беразвечча, вуліца Скарыны. Яна новая, яшчэ забудоўваецца. Дамы вырастаюць прыгожыя, сучасныя. І сярод іх выдзяляюцца два дабротныя катэджы, што стаяць побач. Адзін поўнасцю гатовы, на другім вядуцца завяршальныя работы. І абодва зладзіў адзін і той жа чалавек. На пытанне: «Што гэта за круты бізнесмен тут разышоўся?» дасведчаныя мясцовыя жыхары смяюцца: — Круцей не бывае: былы калгаснік, сямідзесяцігадовы пенсіянер. КУХЦІНСКІ такі! Можа, чулі? З вёскі Сорыкі... Што пяць кароў гадуе!..
Ён ахвотна расказаў пра сябе і сваю гаспадарку. Выявілася, што Франц Кухцінскі не мясцовы. Прыбіўся ён сюды 45 год таму назад у прымакі з Пастаўскага раёна. Здарылася гэта надта нечакана: запрасіў сябар Леанід, з якім служыў разам, у госці да сябе. Прыехаў на пару дзён, а застаўся назаўсёды, бо сутрэў сваю суджаную Ядвігу. Кім толькі не быў за гэты час: і пастухом, і абутнікам, і поварам, і слесарам, і токарам, і вадзіцелем, і нават наладчыкам аўтаматычных станкоў на заводзе ў Віцебску. Але заўсёды недзе глыбока ў душы ўсе гэтыя гады ў яго жыла мара: займець сваю вялікую падсобную гаспадарку. Але ўсё не было магчымасці. Вось толькі ўдалося, як пайшоў на пенсію. Гаспадарка Франца Альбінавіча даволі вялікая. Адной ворнай зямлі паўтара гектара. А яшчэ выпасы, сенажаць. Акрамя кароў, трымае двух коней, трынаццаць авечак. Аднаго сена трэба назапасіць на зіму тон дваццаць. — Сена гатовае, у рулонах, тым, хто трымае кароў, прывозяць за невялікую плату з сельгасфіліяла ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка». Але я не хачу браць, — прызнаецца Кухцінскі. — Навошта яно мне? У мяне касілка ёсць, грабілка, тарантас. Сена атрымліваецца духмянае, смачнае, кароўкі падчышчаюць да каліва. Яшчэ мая гаспадыня садзіць пятнаццаць сотак буракоў. Во, і цяпер тона яшчэ недзе ёсць. — Столькі турбот? Ды ў вашым узросце?! Мо час ужо і адпачыць? — спачуваю. — Што вы?! Як гэта без працы? — аж занерваваўся Франц Альбінавіч. — Сядзець склаўшы рукі і смерці сваёй чакаць? Не па мне гэта. Раблю і сцішок які яшчэ складу… — дэкламуе ўласны верш. — А наконт узросту, то яшчэ з маладымі магу паспаборнічаць. Хочаце верце, хочаце не, а ў горад на веласіпедзе за паўгадзіны заязджаю! Забыўся Франц Кухцінскі, калі звяртаўся да дактароў. — Ды і часу на іх няма, — жартуе. — Я ж яшчэ, як пайшоў на пенсію, паспеў два катэджы ў горадзе пабудаваць. Адзін для дачкі Рэгіны, а другі для ўнучкі Алёны. У мяне часта цікавяцца: «Дзе ты, Кухцінскі, столькі грошай надыбаў?» Спадчыну з Амерыкі ад багатага дзядзькі прыслалі, адказваю. А калі сур’ёзна, то ўсе мае капіталы — з малака. Раней па 30 літраў на базар у Глыбокае амаль штодня вазіў. Там мяне пастаянныя пакупнікі чакалі з посудам на абмен. Цяпер — выгада. Забіраюць малаказборшчыкі прама ад хаты. У дзень здаю, бывае, да 100 літраў. У месяц набягае 6 мільёнаў рублёў і больш. У мяне жывая капейка заўсёды ў кішэні! У чытача можа скласціся думка: «Ну і прагавіты гэты Кухцінскі. Усё яму мала». Гэта не так. У другі катэдж, які будаваў для ўнучкі, ён пасяліў пагарэльцаў, сям’ю Міхаіла Пачкоўскага з дзецьмі. Плату браць наадрэз адмовіўся. Маўляў, у людзей бяда. Якія яшчэ могуць быць разлікі?! Зменшыўся ў яго на адну галаву і рагаты статак. Адну карову падараваў дачцэ Рэгіне. — Без гаспадаркі няможна, — тлумачыць. — Каб не лёталі па свеце, каб «прыбівалася» моладзь да зямлі! І дочка Рэгіна, і ўнучкі, семнаццацігадовая Алёна і васьмігадовая Надзея, першыя памочніцы ў Франца Кухцінскага. Часта наведваюць яго. А каб ямчэй гэта было рабіць, дзед купіў ім машыну. Таксама за малако. ПРЫЕХАЛА Рэгіна з дзецьмі і ў гэты дзень. У яе руках быў торт. Прычына важкая. У Франца Альбінавіча надарыўся якраз дзень нараджэння, пра які ён ледзь не забыўся. А праз колькі хвілін ля хаты Кухцінскага рыпнула тармазамі яшчэ адна машына. З яе выйшаў сам старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. З’явіўся ён не з пустымі рукамі, а з апаратам для дойкі кароў. — Хочацца мне аблягчыць працу людзей, якія трымаюць немалую гаспадарку! — падкрэсліў ён, уручаючы каштоўны падарунак. У гаспадароў ледзь мову не адняло. Яны глядзелі на апарат і вачам сваім не верылі. Старшыня райвыканкама па-свойму расцаніў сітуацыю: — Прышлю майстроў навучаць, як карыстацца апаратам. — Не трэба, дзякуй, — змахнула шчаслівую слязу Ядвіга Антонаўна, жонка Франца Кухцінскага. — Я ж трыццаць год кароў на ферме даіла!.. Гэта ўжо трэці апарат, якім прэміруюцца лепшыя падсобныя гаспадаркі раёна. Набыў яго, як і папярэднія, за 7 мільёнаў ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат». Мадэрнізацыя падсобных гаспадарак будзе працягвацца і надалей. Увага да іх, паўсядзённы клопат даюць плён. Летась ад кожнай каровы з падсобных гаспадарак раёна было закуплена 3670 кілаграмаў малака. Гэта лепшы паказчык у Віцебскай вобласці. Уладзімір САУЛІЧ, «БН» НА ЗДЫМКУ: старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег МОРХАТ уручае Францу КУХЦІНСКАМУ даільны апарат. Фота аўтара P.S. Кали матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома: ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат” набыў яшчэ адзін даільны апарат для Васілісы ДАЙЛІДЗЁНАК з аграгарадка “Азярцы”, якая трымае 5 кароў і здала за 2012 год 25 тон малака. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЁСЦЬ на ўскраіне Глыбокага, у раёне Беразвечча, вуліца Скарыны. Яна новая, яшчэ забудоўваецца. Дамы вырастаюць прыгожыя, сучасныя. І сярод іх выдзяляюцца два...
|
|