Як віцебскія ўрачы шампіньёны вырошчваюць. 21.by

Як віцебскія ўрачы шампіньёны вырошчваюць

02.04.2014 12:42 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Як зваліся першыя на свеце грыбы, у паданні не ўдакладняецца. Можа, з цягам часу яны сталі вядомыя пад назвай шампіньёны, што ў перакладзе з французскай мовы значыць "грыб"? Як бы там насамрэч ні было, на беларускіх абшарах мала аматараў ціхага палявання, якія б не бачылі шампіньёнаў, або пячурак па-нашаму. Але ў кошык такія грыбы кладуць толькі знаўцы, таму што знячэўку можна зблытаць з падобнымі да іх ядавітымі. Аўтару гэтых радкоў пячуркі трапляліся ў цэнтры Віцебска, нездарма ж кажуць, што яны "рэкардсмены ў пад'ёме цяжкасцяў" - прабіваюцца нават праз асфальт.

Гісторыя вырошчвання шампіньёнаў бярэ пачатак у Рымскай імперыі і налічвае амаль тысячу гадоў. Сёння ж гэтым займаюцца ў многіх краінах свету. Аднак нягледзячы на сваю распаўсюджанасць, у айчынным продажы да нядаўняга часу шампіньёны былі рэдкасцю, і то зазвычай імпартныя - польскія, літоўскія. Прадпрыемствы па вытворчасці іх у Беларусі можна пералічыць па пальцах.

Што тычыцца нашай вобласці, дык тут калі хто і заняты грыбаводствам, то ў аматарскіх маштабах. І ўсё ж сітуацыя пакрысе змяняецца. Адчувальна ўплывае на яе маладое таварыства з абмежаванай адказнасцю "Майстар-грыб", першае такое ў Віцебскім раёне. Цікавую экскурсію ў прыгарадную вёску Васількі, дзе размешчана прадпрыемства, для карэспандэнтаў "ВВ" арганізаваў намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама Віктар Дарожкін.

Гэты будынак - былое зернясховішча, якое неаднаразова выстаўлялі на аўкцыён, аднак пакупнікі не знаходзіліся. Пасля доўгіх пошукаў віцяблянін Юрый Альфер звярнуўся ў райвыканкам з прапановай: вырошчваць у пустуючай мураванцы шампіньёны. Дзеля развіцця малога прадпрымальніцтва яе аддалі бясплатна. У закінутым памяшканні з земляной падлогай новыя гаспадары ўласнымі сіламі зрабілі рэканструкцыю, па прынцыпе тэрмаса абсталявалі камеры для вырошчвання грыбоў. Тут пастаянныя тэмпература паветра, вільготнасць, вентыляцыя.

Дырэктар ТАА "Майстар-грыб" Юрый Альфер і яго намеснік Юрый Фомчанка - заядлыя грыбнікі, праўда, шампіньёны куплялі ў краме. На іх самастойнае вырошчванне натхніла тэлеперадача, прысвечаная культываваным грыбам. Пачытаўшы спецыяльную літаратуру, цёзкі-аднадумцы прыйшлі да высновы, што грыбаводства магчыма і на Віцебшчыне.

За вопытам яны з'ездзілі на Украіну, дзе зараз нямала такіх прадпрыемстваў і існуе сапраўдная школа па вытворчасці шампіньёнаў. Зрэшты, па адукацыі абодва Юрыі - урачы, а Юрый Фомчанка нават кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, так што біялогія з хіміяй - блізкія ім навукі. Падабаецца і прадпрымальніцтва, бо, кажуць, гэта захапляючы працэс. Вывучыўшы тэхналогію шампіньённага грыбаводства, адпаведна падрыхтавалі персанал.

Спачатку ўраджайнасць грыбоў была нестабільнай, "скакала", частку нават даводзілася выкідваць. Запрашалі на дапамогу ўкраінскіх кансультантаў, і пакрысе справа пайшла.

Шампіньён расце хвалямі, штомесячна можна здымаць 2-3 такія хвалі. Першая дае найбольшую колькасць грыбоў, астатнія менш.

У грыбаводстве на склад працаваць нельга, такую далікатную прадукцыю трэба своечасова збываць.

Добры, канкурэнтаздольны прадукт пастаўляе "Майстар-грыб" з Васількоў у Віцебск, Мінск. Можна прапанаваць і на расійскі рынак. Попыт расце, за тыдзень абласны цэнтр раскупляе іх больш за паўтоны.

Нашы гурманы ўпадабалі не толькі гатаваць шампіньёны, як след рассмакавалі і сырыя. Вось найпрасцейшы рэцэпт. Дробна парэзаць грыбы і цыбульку, паліць маянэзам, крышку пасаліць і - намазвай на лусту чорнага хлеба. А калі варыць, то, у адрозненне ад звычайных грыбоў, зусім нядоўга - 15-20 хвілін. Калі смажыць ці тушыць, дык папярэдне абварваць не трэба. Тады шампіньён захавае смак, пах і ўсе астатнія якасці.

Яго нездарма называюць каралеўскім грыбам. Па колькасці бялку роўны мясу, па вітамінах абганяе свежую гародніну. Так што Юрый Мікалаевіч і Юрый Аркадзьевіч раяць яго і з медыцынскага пункту гледжання. Васількоўскія пячуркі нічым не адрозніваюцца ад прыродных - растуць на натуральнай сыравіне, без хімічных угнаенняў, у "кампост" дадаецца толькі вада. Такія шампіньёны чысцей за тыя, што растуць пад адкрытым небам, бо ў памяшканні ні радыяцыі, ні таксічных рэчываў, якія можа назапасіць прыродны грыб, няма. І па цане яны танней за імпартныя.

Зараз якраз фаза актыўнага росту грыбоў. Гэта цікава і па-свойму прыгожа. На стэлажах у некалькі ярусаў - густы россып бялюткіх капялюшыкаў на фоне цёмнага субстрату.

- А для нас яшчэ немалаважна адчуванне, што ўласнымі рукамі створана нешта вартае. Працуем згодна з найважнейшымі накірункамі дзяржаўнай эканамічнай палітыкі: занята пустое памяшканне, створаны новыя рабочыя месцы (у калектыве 6 чалавек, пры неабходнасці запрашаем дадатковыя сілы). І, па-трэцяе, наш прадукт не саступае замежнаму, - зазначае Юрый Фомчанка.

І пытанне са старадаўняй легенды мы адрасавалі намесніку дырэктара: што яшчэ добрага можна зрабіць для людзей? Зараз тут заклапочаны павышэннем ураджайнасці грыбоў. Праз месяц будзе гатова трэцяя камера па вырошчванні, а на восень запланаваны ўвод чацвёртай. Васількоўскімі шампіньёнамі змогуць ласавацца ўсё больш жадаючых. З пашырэннем вытворчасці з'явяцца дадатковыя рабочыя месцы. І яшчэ: добры прыклад ТАА "Майстар-грыб" варты пераймання. Як паведаміў Віктар Дарожкін, у вёсцы Цішкава Віцебскага раёна другі прадпрымальнік узяў у арэнду будынак колішняй крамы і ў хуткім часе пачне вырошчваць вешанку, таксама смачны і карысны грыб.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шампіньёны, якія растуць у вёсцы Васількі пад Віцебскам, нічым не адрозніваюцца ад прыродных - растуць на натуральнай сыравіне, без хімічных угнаенняў, у "кампост"...
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика