"За намі будучыня". У Беларусі хочуць стварыць жаночую партыю
24.11.2016 12:26
—
Новости Экономики
|
![]() На сходзе Беларускай жаночай лігі было прынята рашэнне аб стварэнні партыі. «Хопіць абслуговаць „зорак“ ад палітыкі, не бачым болей у гэтым сэнсу. Самі будзем ствараць партыю», — заявіла кіраўніца арганізацыі Ніна Стужынская. Па словах Ніны Стужынскай, многія з чальцоў лігі прымалі актыўны ўдзел у апошняй парламецкай кампаніі: хтосьці быў сябрам ініцыятыўнай групы, хтосьці - назіральнікам. «Разам прыйшлі да высновы: хопіць кагосьці абслугоўваць. Бо мы ж удзельнічаем у кожнай палітычнай кампаніі. Мы самадастатковая арганізацыя з 20-гадовай гісторыяй. Маем досвед перамоваў і свае ідэі. Прыйшоў час нам заявіць пра сябе як пра партыю», — кажа спадарыня Стужынская. Яна прыгадвае, што калісьці жаночая партыя «Надзея» (была ліквідавана рашэннем Мінюсту ў кастрычніку 2007 года) мела даволі сур’ёзную падтрымку ў грамадстве. «Я памятаю, прыходзіла на лекцыі да студэнтаў, пытала: якую партыю яны ведаюць. І ўсе хорам адказвалі: „Надзея!“ Вельмі гэта партыя абнадзейвала людзей, але амаль 10 год таму было прынята рашэнне аб яе ліквідацыі. Ведаю, што некаторыя актывісткі засталіся. Плануем з імі супрацоўнічаць», — удакладніла кіраўніца Беларускай жаночай лігі. Яна лічыць, што існуючыя партыі не надта шмат увагі ўдзяляюць гендэрным пытанням. «Як улады, так і партыі, хутчэй, імітуюць гэты працэс. За 20 год і першыя, і другія добра гэтаму навучыліся», — кажа суразмоўца. Ніна Стужынская мяркуе, што беларускае грамадства гатовае прыняць жанчын у палітыцы. І прыводзіць прыклад лідаркі «Гавары праўду» Таццяны Караткевіч, якая вылучалася на апошніх і прэзідэнцкіх, і парламенцкіх выбарах. «Грамадства вельмі добра ўспрыняла яе кандыдатуру. У розных колах я чула, што галасавалі менавіта за Караткевіч. Гэта вельмі пазітыўны сігнал», — адзначае спадарыня Стужынская. На бліжэйшых мясцовых выбарах яна плануе вылучыць сваю кандыдатуру. «Я бачу сябе дэпутатам у вёсцы, дзе жыву, гэта Мінскі раён. Мы як палітычная партыя будзем шмат увагі ўдзяляць гэтай кампаніі. Па сутнасці, менавіта з яе і будзем стартаваць як палітычная сіла», — удакладняе суразмоўца. Пытанні, якія дэпутаты павінны сёння ставіць найперш — гэта здароўе, адукацыя і суверэнітэт Беларусі, мяркуе Ніна Стужынская. Лідарка жаночай лігі адзначае, што арганізацыя аб’ядноўвае каля 100 актывістак. «Змены ў грамадстве робіць актыўная меншасць. У беларускіх жанчынаў - вялікі патэнцыял. І я пераканана, што будучыня менавіта за намі», — падсумоўвае Ніна Стужынская.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На сходзе Беларускай жаночай лігі было прынята рашэнне аб стварэнні партыі. |
|