Заробак - 60 рублёў, доўг - мільён долараў: як заняпала Ружанская мэблевая фабрыка. 21.by

Заробак - 60 рублёў, доўг - мільён долараў: як заняпала Ружанская мэблевая фабрыка

15.06.2017 19:32 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яшчэ дзесяць год таму Ружанская мэблевая фабрыка лічылася адной з лепшых ў канцэрне «Белляспаперпрам», атрымлівала ўзнагароды, да 80% сваёй мэблі адгружала на экспарт у Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Расею. А цяпер апынулася ў глыбокім заняпадзе: страціла многія замежныя рынкі, пачала працаваць на склад, завінавацілася «Івацэвічдрэву» больш за мільён долараў і цяпер яе спрабуюць прадаць.


Фота: Радыё Свабода

«Як дажыць да верасня?»

Работніцы фабрыкі, з якімі сустрэўся карэспандэнт Свабоды, ахвотна скардзяцца журналісту на вымушаны адпачынак, але просяць не запісваць на камэру, маўляў, «каб не было праблемаў, калі нас выкупіць прыватнік».

«З першага траўня мы прастойваем. Кантора працуе, а мы сядзім дома. Дзесці 110 чалавек працуе на фабрыцы, працэнтаў 30 — канторскія», — кажа спадарыня.

«Дык яшчэ гэтыя месяцы нам па 150 рублёў плацілі, але цяпер увогуле ў чэрвені па 60 рублёў будуць даваць. Быў кірмаш вакансіяў 31 траўня, праводзіў райвыканкам, то прапанавалі на ферму аднаму чалавеку, на другую ферму, у санаторый, а астатнім усім трэба месцаў чакаць. У верасні, кастрычніку ў пэнсіянэраў кантракты пасканчаюцца, дык нас пабяруць на працу. А за што нам дажыць да верасня?» — дадае яшчэ адна працаўніца фабрыкі.

400 мільёнаў на замежныя выправы дырэктару


Праз дрэнны дах на складзе гатовай прадукцыі стаялі лужыны

Заняпад фабрыкі цягнуўся некалькі гадоў. Яшчэ ў 2011 годзе канстатавалася, што з прычыны страты рынкаў збыту за мяжой аб’ём вытворчасці стаў падаць, прадпрыемства несла страты і шмат прадукцыі трапляла на склады.

У лютым 2016 году на прадпрыемстве праводзіўся сход з удзелам чыноўнікаў райвыканкаму і тагачаснага генеральнага дырэктару «Івацэвічдрэву» Ўладзімера Шульгі. Апошні выказаў незадаволенасць працай фабрыкі, у прыватнасці тым, што «на пяць рабочых — адзін начальнік», а таксама заявіў аб намеры падпісаць заяву аб звальненні дырэктара Валерыя Сідоранкі.

Тым не менш сітуацыя на прадпрыемстве не выправілася, а доўг павялічваўся — да цяперашніх 1,3 млн долараў.

У чэрвені 2016 году Камітэт дзяржкантролю апублікава справаздачу па выніках праверкі фабрыкі. Канстатавалася, што прадпрыемства працуе ў мінус, а складзкія запасы дасягалі 10-месячнага аб’ёму вытворчасці.


На зварот да начальства аб неабходнасці рамонту даху, які працякае, былому загадчыку складу параілі накрыць прадукцыю плёнкай

Дзяржкантроль выявіў шмат парушэнняў, сярод якіх тое, што «дырэктар фабрыкі (ранейшы. — РС) і яго намеснік з дзіўнай рэгулярнасцю ездзяць у замежныя камандзіроўкі на перамовы і выставы, на якія затрачана без малога 400 мiльёнаў рублёў. (недэнамінаванымі, — РС)».

Загадчыка складу звінавацілі ў прапажы прадукцыі на 30 тысяч рублёў

У часе праведзенай інвентарызацыі на складах фабрыкі не далічыліся прадукцыі больш як на 60 тысяч рублёў (600 мільёнаў недэнамінаванымі), расказалі ў адміністрацыі. Прадпрыемства выставіла пазоў былому загадчыку складу Ўладзімеру Кушнарову і ягонай жонцы Наталлі, якая была другой кладаўшчыцай.

У выніку судовага разбору Кушнаровым прысудзілі разам 30 тысяч рублёў на карысць іх былога прадпрыемства.

У гутарцы з журналістам Свабоды Ўладзімер Кушнароў заявіў, што ён не вінаваты ў прапажы прадукцыі.

«У снежні 2013 году я быў пераведзены на пасаду загадчыка складу Ружанскай мэблевай фабрыкі. Пазней была прынятая на працу мая жонка ў якасці кладаўшчыцы. Гадавая інвентарызацыя за 2013 год не паказала ніякай нястачы на складзе, як і інвентарызацыя 2014 году. Нястачу выявілі за 2014 год. Было выстаўленае абвінавачванне, і суд прысудзіў мне 270 мільёнаў і жонцы 30 мільёнаў на карысць фабрыкі», — падзяліўся Ўладзімер.


Уладзімер Кушнароў

Былы загадчык складу кажа, што ён фізычна не мог вынесці прадукцыі на такую суму, і мяркуе, што яго «падставілі», а папярэднія інвентарызацыі праводзіліся не як мае быць.

Спадар Кушнароў гаворыць, што ў 2013 годзе яго ўгаворвалі перавесціся на працу загадчыкам складу, хоць ён і не меў вопыту такой працы («абяцалі дапамагаць, абы ўзяўся за працу»).

Не вераць у віну Кушнарова і многія іншыя рабочыя прадпрыемства:

«А што Уладзімер? Вось паляць да чэрвеня кацельню гэтымі спальнямі, дый усё. Яны ўжо згарэлі, вы ўжо там нічога не знойдзеце», — кажа спадарыня пра тое, што, маўляў, на прадпрыемстве палілі прадукцыю.

Дырэктар прадпрыемства Васіль Борыс на просьбу пракаментаваць інфармацыю пра гэтыя спальванні назваў яе хлуснёй.

Таксама адміністрацыя прадпрыемства сцвярджае, што загадчык складу як матэрыяльна адказная асоба павінен несці адказнасць за нястачу. Фабрыку ў судах супраць Уладзімера Кушнарова прадстаўляў начальнік аддзелу кадраў Віктар Турыч. Спадар перакананы ў безумоўнай віне былога загадчыка складу:

«Я цалкам давяраю суду. Суд разгледзеў матэрыялы нашага пазову, правёў судовыя разборы і прызнаў нашы патрабаваньні правільнымі, законнымі. А вось пытанне да Кушнарова, куды падзелася маёмасць прадпрыемства на такую суму, павінны былі задаць праваахоўныя органы. Яны дзьве праверкі праводзілі, але чамусці ў завядзенні справы адмаўлялі».


На тэрыторыі Ружанскай мэблевай фабрыкі

Уладзімер Кушнароў жа кажа, што ён у адчаі, бо цяпер і бяз працы, і з вялікім доўгам:

«Скуль мне ўзяць тыя 30 тысяч? У мяне ні машыны нават, нічога няма. Сяджу вось і чакаю, як прыйдуць судовыя выканаўцы апісваць маёмасць».

«Івацэвічдрэў» збывае ружанскую фабрыку прыватніку

Ружанская мэблевая фабрыка не адзінае прадпрыемства флагмана дрэваапрацоўкі «Івацэвічдрэў», якое стала банкротам. У 2014 годзе была ліквідаваная Берасцейская мэблевая фабрыка.

Нягледзячы на праведзеную мадэрнізацыю, як паведамляла Свабода, гэты гігант дрэваапрацоўкі мае істотныя праблемы. Праблемы ж даччынай Ружанскай фабрыкі заставаліся на другім плане. Летась у сваёй справаздачы Дзяржкантроль звяртаў увагу, што «мерапрыемствы ў зніжэньні сабекошту існуюць толькі на паперы: ні кіраўніцтва прадпрыемства (Ружанскай мэблевай фабрыкі. — РС), ні ААТ „Івацэвічдрэў“, ні канцэрн („Белляспаперпрам“. — РС) фактычная іх рэалізацыя, як і дасягненне пэўнай рэальнай эканоміі, не цікавіць».

Цяперашні дырэктар Ружанскай мэблевай фабрыкі Васіль Борыс працуе толькі год. Ён не ўтойвае перад журналістамі гаротнага стану прадпрыемства:

«У прадпрыемства сытуацыя не вельмі. Таму што больш за 25 мільярдаў (недэнамінаванымі, новымі - 250 тысяч руб. — РС) у нас запазычанасць. Асноўная запазычанасць перад „Івацэвічдрэў“ і дзесці 1,5−2 мільярды — астатнім».

Дырэктар кажа, што цяпер спадзяванні толькі на прыватніка са Слоніму, які збіраецца выкупляць фабрыку:

«Калі прыйдзе прыватнік, людзі застануцца. Ён даў абяцанне канцэрну, даў абяцанне райвыканкаму, што створыць тут асобную юрыдычную асобу, якая будзе выпускаць мэблю. Мэбля зменіцца пад яго продажы. Гэта юрыдычна практычна здзейснена, бо ўнесены 10-працэнтны ўнёсак на набыццё гэтага прадпрыемства».


Ружанская мэблевая фабрыка чакае, што прыватнік развяжа яе праблемы

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ дзесяць год таму Ружанская мэблевая фабрыка лічылася адной з лепшых ў канцэрне "Белляспаперпрам".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика