Залатыя крупы. 21.by

Залатыя крупы

06.10.2009 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Слова "проса" ў многiх людзей асацыюецца з вясковым дваром, па якiм ходзяць адкормленыя куры i гусi. А мiж тым проса — адзiн з самых старадаўнiх злакаў. Першымi вырошчваць яго пачалi кiтайцы, якiя зразумелi, што гэта "непераборлiвая" раслiна можа забяспечыць арганiзм неабходнымi пажыўнымi рэчывамi i вiтамiнамi. Жыхары Паднябеснай з "залатых крупаў" рабiлi муку, варылi квас, пiва, гатавалi супы i салодкiя стравы. А затым ужо проса распаўсюдзiлася па ўсiм свеце. Асаблiва спадабалася жоўтая кашка славянскiм народам, якiя з-за суровага клiмату проста не маглi дазволiць сабе вырошчваць цеплалюбiвыя рыс i кукурузу. І яшчэ пару соцень гадоў таму на Русi прасяная каша была асноўнай стравай на сялянскiм стале. З цягам часу пра проса забылiся. Чамусьцi яго пачалi лiчыць ежай, вартай хiба толькi куранят. I толькi клапатлiвыя бабулi працягвалi па звычцы гатаваць прасяную кашу для падрастаючых унукаў...

I мелi рацыю, бо проса — адны з самых карысных крупаў. Яны ўтрымлiваюць незаменныя амiнакiслоты (будаўнiчы матэрыял для мышцаў i клетак скуры), павольна засваяльныя вугляводы (надаюць нам сiлы i энергii), раслiнныя тлушчы (неабходны складнiк для засваення некаторых вiтамiнаў, у тым лiку карацiну i вiтамiну D).

Зярняткi проса багатыя на вiтамiны групы В, асаблiва на вiтамiн В 1 (асноўны непрыяцель стомленасцi), В 2 (дапамагае справiцца з прышчамi) i В 5 (стабiлiзуе крывяны цiск), а таксама на вiтамiн РР (адказвае за добры стан скуры i слiзiстых абалонак, паляпшае апетыт). Да таго ж проса — сапраўдная кладоўка карысных мiкраэлементаў. Яно пастаўляе арганiзму жалеза, фтор, магнiй, марганец, крэмнiй, медзь, цынк.

Прасяную кашу варта палюбiць жыхарам вялiкiх гарадоў i раёнаў з неспрыяльнай экалогiяй. Рэчывы, што прысутнiчаюць у просе, здольныя звязваць iоны цяжкiх металаў i выводзiць з арганiзма таксiны i шлакi.

Кардыёлагi таксама ў адзiн голас раяць сваiм пацыентам уключаць у рацыён як мага больш "залатой" кашы. Прычына ў тым, што проса — багатая крынiца калiю, якi дапамагае справiцца з парушэннямi сардэчнай дзейнасцi. (Урачы рэкамендуюць такi рэцэпт: проса варта прагрэць на моцным агнi, але так, каб яно не змянiла свайго колеру. Узяць трэць шклянкi крупаў i старанна iх прамыць. Затым дадаць дзве трэцi шклянкi вады i на слабым агнi зварыць кашу. Гэту порцыю з'есцi на працягу сутак.)

Прасяную кашу рэкамендуюць ужываць i пры захворваннях печанi, жоўцевага пухiра, атэрасклерозе (проса перашкаджае адкладанню халестэрыну i ачышчае сасуды). Карысная яна i для людзей, якiя пакутуюць ад залiшняй вагi. Iм нават можна параiць спецыяльную прасяную дыету, якую трэба захоўваць 7 дзён. Увесь тыдзень асноўным прадуктам харчавання будзе прасяная каша, звараная на вадзе без масла (за дзень вы можаце з'ядаць да 3 порцый). Акрамя проса, можна есцi абястлушчаныя ёгурты, свежыя агароднiну i садавiну.

У краме, запасаючыся "залатымi" крупамi, лепш выбiрайце проса, расфасаванае ў празрыстыя пакеты. Рэч у тым, што колер проса можа тое-сёе расказаць пра смак будучай кашы. Зярняткi могуць быць як светла-жоўтымi (амаль бэжавымi), так i мець афарбоўку, як у куранят. Чым жаўцейшае проса, тым смачнейшай будзе каша. Да таго ж больш цёмнае проса зробiць вашу кашу рассыпiстай, у той час, як са светлага, хутчэй за ўсё, атрымаецца "размазня".

I, вядома ж, не забывайце звяртаць увагу на тэрмiн прыдатнасцi прадукту. У адрозненне ад большасцi крупаў, якiя можна захоўваць ледзь не гадамi, проса хутка злежваецца i пачынае гарчыць. (Дарэчы, лёгкую гарчынку можна лiквiдаваць, калi перад прыгатаваннем аблiць крупы кiпенем або сухiмi абсмажыць на патэльнi.)

Бiточкi з проса i морквы

Вазьмiце: 200 г проса, 200 г рысу, 2 сярэднiя морквiны, 3 яйкi, 120 г топленага масла, 1/2 шк. панiровачных сухароў, 1/2 шк. смятаны, соль.

Моркву нашаткуйце саломкай, спасеруйце на масле i прапусцiце праз мясарубку.

З проса i рысу зварыце вязкую кашу, у якую дадайце маркоўнае пюрэ, яйкi, усё перамяшайце. Атрыманую масу раздзялiце на бiточкi, абкачайце ў сухарах i абсмажце на масле. Падавайце са смятанай.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Слова "проса" ў многiх людзей асацыюецца з вясковым дваром, па якiм ходзяць адкормленыя куры i гусi. А мiж тым проса — адзiн з самых старадаўнiх злакаў. Першымi вырошчваць яго пачалi кiтайцы, якiя зразумелi, што гэта "непераборлiвая" раслiна можа забяспечыць арганiзм неабходнымi пажыўнымi рэчывамi i вiтамiнамi. Жыхары Паднябеснай з "залатых крупаў" рабiлi муку, варылi квас, пiва, гатавалi супы i салодкiя стравы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика