Курэньне. 21.by

Курэньне

23.01.2010 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пакрысе становіцца зразумела, што абвешчаная ва ўсім сьвеце вайна супраць курэньня ня ёсьць насамрэч вайной за здароўе чалавецтва. Усё значна складаней: гэтае змаганьне – частка вялікай вайны дзьвюх культураў. Вайны нябачнай, але бязьлітаснай. Наколькі ж умоўная гэта фігура – уяўны “здаровы чалавек”...
Наколькі нежывая, наколькі кардонная... І наколькі нахабна яна спрабуе дамінаваць над бедным жывым курцом. Надыйшоў час сказаць колькі словаў у абарону гнанай адусюль заганы. 

З маленства да сьмерці мы толькі й чуем, хай бы й не палілі: курэньне робіць жыцьцё карацейшым. Гэтак кажа статыстыка, гэтак кажуць мэдыкі, а ўсьлед за імі паўтараюць усе, каму не лянота: ад школьных настаўніц і сьвятароў да зорак тэлеэкрану і міністраў. Над гэтым варта задумацца. Карацейшым адносна чаго? Хіба ўжо вызначана, колькі дакладна мусіць жыць чалавек? Хіба ёсьць лічба, дасягнуць якой – норма, а не дасягнуць – гора і ганьба? Можна памерці ў сорак, ня палячы, а можна дажыць да ста і выкурваць у дзень па два пачкі, прыкладаў гэтаму колькі заўгодна. І ці трэба ўвогуле старацца пражыць як мага больш? Хіба працягласьць жыцьця ёсьць нейкай абсалютнай каштоўнасьцю?

Не. Значна важнейшай ёсьць якасьць жыцьця, а не ягоная працягласьць. Пра гэта – пра якасьць – статыстыка звычайна маўчыць. І нават яна пагодзіцца: істотна тое, што чалавек зрабіў цягам свайго жыцьця, а ня тое, колькі ён, небарака, пражыў. І ня трэба казаць, што якасьць залежыць ад колькасьці. Людзі не аднолькавыя, людзі розныя. Нехта за год пасьпее столькі, колькі іншы за дзесяць. Вось пытаньне, у адказ на якое статыстыка маўчыць, бо нямее: ці быў чалавек шчасьлівы, пражыўшы статыстычна ўхваленую колькасьць гадоў? Ці падабалася яму гэта наогул – жыць?

Адзін вялікі чалавек сказаў у свой дзень народзінаў мэдыкам: “Я штодня п’ю шмат чорнай кавы і куру і дажыў да сямідзесяці гадоў. Вы хочаце сказаць, што калі б я не курыў, то сёньня мне было б восемдзесят?..”

Курэньне разбурае арганізм, дорыць нам небясьпечныя хваробы, адмоўна ўзьдзейнічае Курэньне забівае, але яно дае радасьць
на нашыя здольнасьці, зьніжае наш патэнцыял, замінаючы такім чынам самарэалізацыі. Курэньне забівае, але яно дае радасьць
Чаму ж у такім выпадку большасьць людзей, якіх варта паважаць за тое, што яны зрабілі – вучоных, мастакоў, пісьменьнікаў, філёзафаў, музыкаў (дый прагрэсіўных палітыкаў, прасьці госпадзе) – чаму ж пераважная большасьць зь іх курыла? А некаторыя былі яшчэ й заўзятымі наркаманамі... “Яны пражылі і зрабілі менш, чым маглі б” – не аргумэнт. Калі б яны клапаціліся пра тое, колькі ім трэба пражыць – яны б ніколі ня зьдзейсьнілі таго, што зьдзейсьнілі.

Абразьліва і бязглузда ўяўляць курца чалавекам, які марнуе свае час і здароўе. Безьліч цікавага, геніяльнага, карыснага і разумнага было прыдумана ў момант, калі розныя марнатраўцы “проста сядзелі” з цыгарэтай, цыгараю або люлькаю, “смакталі” свае “соскі”, пускалі дым...

Ніхто ня кажа пра станоўчыя бакі такой “дэманічнай“ зьявы, як курэньне. А між тым яно, курэньне, супакойвае, яно расслабляе, і яно ж дапамагае засяродзіцца, здымае пэўныя псыхалягічныя бар’еры і дапамагае пераадольваць праславутыя комплексы (якія, хто ведае, маглі б адгукнуцца ў будучым сур’ёзнымі праблемамі і для самога курца, і для ягонага асяродзьдзя). Наколькі больш неабдуманых учынкаў было б зроблена ў сьвеце, калі б не курэньне!.. Да таго ж курэньне – гэта малая выспачка незалежнасьці ў сьвеце, дзе так цэніцца паслушэнства і ўменьне падпарадкоўвацца. Так, курэньне – залежнасьць, але не ад іншых, а ад сябе. Ад сваіх слабасьцяў, а не ад слабасьцяў незнаёмага табе чалавека, які чамусьці вырашыў, што мае права распараджацца тваёй асобай. Людзі, якія паляць, радзей пакутуюць на комплекс уласнае непаўнавартасьці. Ім ёсьць чым заняцца, нават калі яны нікому не патрэбныя. “Якім злавесным коштам дасягаецца ўсё гэта ?” – запярэчыць праціўнік курэньня. А вось гэта вас, мой мілы спадару, ужо ня тычыцца. Калі курэц курыць – на самоце ці ў кампаніі такіх жа “пагарджаных век” маргіналаў – ніхто ня мае права пазбаўляць яго гэтага выбару. 

Курэньне – гэта задавальненьне. І ўжо ў гэтым ягоны вялікі плюс. Курыць прыемна. Так, курэньне забівае, але яно дае радасьць. Можа, менавіта таму аўтарытарныя рэжымы заўжды ставіліся да курцоў зь недаверам і змагаліся зь імі. Рэч у несанкцыянаваным зьверху задавальненьні. Аўтарытарным рэжымам трэба, каб чалавек быў здаровы, бо хворы ён прынясе менш карысьці дзяржаве – а на думку розных дыктатараў і тыранаў, толькі для гэтага чалавек на сьвет і зьяўляецца. Курэц аўтаномны, ягонае задавальненьне заўжды пад рукой, а дзе задавальненьне – там свабода, ці прага свабоды, там вольная хвілінка, а значыць – думкі: пра правы, пра зьмены, пра альтэрнатывы... Антысавецкія размовы нараджаліся ў курылках прадпрыемстваў і інстытутаў, у кухнях зьбіраліся іншадумцы – і курылі, курылі... “Нямецкая жанчына ня паліць” – вучыў Гітлер, вядомы змагар супраць паленьня. Дзяржава зь нянавісьцю глядзіць на курца: хто яго ведае, пра што ён там думае, што замысьліў – сядзіць, адслонены, дыміць, вочы прымружаныя... Няйнакш, рыхтуе бунт. Ці проста яму “ня нравіцца ўласьць”, гэтай прапахлай тытунём мразі.

Часам курэньне – апошняе задавальненьне ў жыцьці, і чалавек перад канцом свайго жыцьцёвага шляху абірае чамусьці менавіта яго... Сьмяротна хворы пацыент, салдат перад боем, зьняволены, прысуджаны да страты...

Кажуць, курэньне – самагубства. Калі й так, то нашае жыцьцё ўсё ж належыць нам. Ніхто не пражыве яго за нас, ніхто ня мае права забраць яго ў нас. Калі мы становімся дарослымі, мы самі вырашаем, што нам рабіць з нашым жыцьцём: у якія фарбы размаляваць, якую надаць форму, па якім кірунку пусьціць бегчы, спыніць яго ці падштурхнуць у азадак. За тое, што мы паміраем не тады, калі камусьці хацелася б (бацькам, дзяржаве, публіцы, мэдыкам, статыстыкам), адказваць будзем мы самі. Да таго ж курэньне забівае вельмі павольна. І пакуль яно нас забівае, мы пасьпеем зрабіць столькі, колькі самі захочам. Можна сказаць і інакш: мы ўсё адно зробім столькі, колькі нам адведзена. Ня больш.

Курэньне не замінае нам кахаць, быць пяшчотнымі, міласэрнымі, самаахвярнымі, мэтанакіраванымі, моцнымі, чулымі, таленавітымі, як не замінае нам ненавідзець, падманваць, помсьціць, злавацца, забіваць, красьці, скакаць пад дудку нізкіх інстынктаў... карацей, курэньне не замінае нікому быць жывым. Курэц – такі самы чалавек, як і не-курэц. Ня трэба ставіцца да яго, як да авечкі згубленай. Павучаць яго, абражаць і прымушаць кінуць праклятую “соску”. Курэньне па-за маральлю. Гітлер не курыў, а Чэрчыль курыў. Сталін курыў, Ленін – не. Лукашэнка ня курыць.

Курэньне робіць чалавека хворым. Але ж яшчэ больш хворым яго робіць мэдыцынская прапаганда. Якім нешчасьлівым ёсьць жыцьцё чалавека, які на кожным кроку чуе: “Ты няправільна ясі! Занадта шмат халестэрыну! Ты мала рухаесься! Ты шмат сядзіш за кампутарам! Ты дыхаеш невядома чым! Ты ўжываеш алькаголь! Ты п’еш зашмат кавы! Лукашэнка ня курыць
Ты няправільна сьпіш! Лукашэнка ня курыцьТы наогул няправільна адпачываеш!
Ты няправільна будуеш стасункі зь іншымі людзьмі! Ты мала думаеш пра здароўе! Ты зашмат працуеш! Ты няправільна чысьціш зубы! Цябе забівае твой мабільнік! Ты мала думаеш пра душу! Калі ты апошні раз быў у псыхааналітыка? А ў сэксапатоляга? Ты не пра тое думаеш! Ты зашмат хвалюесься! Ты не засьцерагаесься! У табе мала адказнасьці! СНІД! Рак! Грып! Канец сьвету!“ І нарэшце: “Ты курыш! Ты – амаль мярцьвяк! Апамятайся хутчэй!”

Чыстым зьдзекам выглядаюць пасьля такіх нападаў заявы мэдыкаў пра тое, што сучасны чалавек жыве ў стане штохвіліннага стрэсу. Як жа яму яшчэ жыць, калі мэдыцына мае да яго так шмат прэтэнзій? Ці будзе жыцьцё чалавека, які пастараецца выконваць усе рэкамэндацыі мэдыкаў, шчасьлівым? Вядома, не. Яно ператворыцца ў жудаснае, бясконцае, значна больш небясьпечнае для здароўя, чым курэньне, змаганьне – за тое, каб адпавядаць навязанаму апанаванымі прапагандай мэдыямі ідэальнаму вобразу Здаровенькага. Бессэнсоўнае змаганьне, асуджанае на паразу. Мы тым і цікавыя, што недасканалыя. Са сваімі слабасьцямі і недахопамі. З нашым няўменьнем супрацьстаяць спакусам. З нашай цікаўнасьцю да забароненага. З нашым талентам адначасова ствараць і руйнаваць. З нашымі чалавецкасьцю і чалавечнасьцю. Хто ня курыць і ня п’е, той...

Мы маем справу з культам здароўя – такім самым небясьпечным, як і любы іншы культ. Культура курцоў (не абавязкова курцоў у літаральным сэнсе) – культура індывідуальнай свабоды, культура інтэлектуальнага пратэсту, культура, пабудаваная на рэлятывізьме, на каштоўнасьці сумненьня, на прызнаньні сьвятасьці вольнага выбару, культура анархічная і вельмі гуманістычная ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў супрацьстаіць культуры Здаровенькіх – культуры дэспатычнай, штучнай, культуры, якая функцыянуе дзеля дзяржавы і ў сымбіёзе зь ёй, культуры, заснаванай на штампах і догмах, культуры ідэалістычнай і псэўдагуманістычнай, падтрыманай цэлай ардою мас-мэдыяў, культуры ваяўнічай і да агіды рацыянальнай. Курэц у шырокім сэнсе – апошні чалавек на Зямлі. Чалавек, якога перасьледуюць. Для якога ўжо цяпер ствараюць загоны і рэзэрвацыі. Якога выціскаюць зь ягонага месца пад сонцам. Курэньне – толькі нагода Гэта культура інтэлектуальнага пратэсту
для вайны. Гэта культура інтэлектуальнага пратэстуКалі ты ня здольны вырачыся сябе, калі ня
хочаш бегчы ў пагоню за няўлоўным глянцавым ідэалам, прыдуманым не табой, калі ты супраць спробаў навязаць табе чужую мадэль так званага пасьпяховага жыцьця – цябе запішуць у курцы, у ізгоі, у лузэры, у небясьпечныя элемэнты, у кагорту шкоднікаў, у адэпты сусьветнага зла, у разрад непаўнацэнных – у той самы шэраг, дзе ў розныя часы ўжо былі “нэгры”, “выраджэнцы”, “жыды”, “ворагі народу”, “entartete Kunst“, “тэрарысты”, “чуркі”, “дзермакраты”, “бязбожнікі”, “постмадэрністы”, “антыглябалісты”, “сатаністы”, “здраднікі”, “сьмецьце”, “лайдакі”, “самазабойцы”, “хворыя”, “чалавеканенавісьнікі”, карацей, “ідыёты”, “злачынцы”...

Я не лічу курэньне карысным і бяскрыўдным. Жыць добра і без курэньня. Курэньне сапраўды забівае. Я асуджаю цяжарных, якія паляць. Я не хацеў бы, напрыклад, каб мае дзеці курылі. Калі б я любіў заклёны і заклікі, то нястомна крычаў бы: калі ласка, не курыце. І вы, жэншчына, так, вы, вы, бросьця зараз жа цыгарэту! Не пачынайце курыць! Кідайце курыць! І потым дадаў бы ўжо цішэй: але калі ўжо вы курыце – рабіце гэта з задавальненьнем і годнасьцю. Гэта вашае права: курыць. Не дазваляйце прыніжаць сябе. Вам няма за што сябе вінаваціць; вы не злачынца, вы ўсяго толькі бедны курэц.

***

Міністэрства аховы здароўя папярэджвала аўтара, але ён ня слухае.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакрысе становіцца зразумела, што абвешчаная ва ўсім сьвеце вайна супраць курэньня ня ёсьць насамрэч вайной за здароўе чалавецтва. Усё значна складаней: гэтае змаганьне – частка вялікай вайны дзьвюх культураў. Вайны нябачнай, але бязьлітаснай. Наколькі ж умоўная гэта фігура – уяўны “здаровы чалавек”...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика