Пагоршыўся зрок? Хутчэй да доктара!
22.10.2010 09:52
—
Новости Здоровья
|
Зрок — унікальны дар прыроды. Дзякуючы складаным фізічным і хімічным працэсам, што адбываюцца ў зрокавым аналізатары, мы можам бачыць святло і цень, адрозніваць усю разнастайнасць колеравай гамы, успрымаць аб'екты на рознай адлегласці ад вока, а таксама іх рух у полі нашага зроку. Некаторыя функцыі вока змяняюцца разам з ростам і сталеннем усяго арганізма. Фарміраванне органа зроку, развіццё і ўдасканальванне зрокавых функцый працягваецца да 16—18 гадоў. Далей ідзе перыяд адносна стабільнага зроку.
Узроставая дальназоркасць Пачынаючы з 40 гадоў (а ў людзей з блізарукасцю — крыху пазней) у выніку ўшчыльнення хрусталіка і зніжэння эластычнасці яго капсулы адбываецца аслабленне функцыі вока прыстасоўвацца да фіксацыі зроку на розных адлегласцях. Гэтая з'ява называецца прэсбіяпія ("старэчая дальназоркасць"). Праяўляецца яна цяжкасцю і нават немагчымасцю працы з аб'ектам на блізкай адлегласці, часовым пагаршэннем зроку пры пераводзе позірку ўдалячынь, якое ўзнікае адразу пасля працяглай працы на блізкай адлегласці ад прадмета альбо ва ўмовах недастатковага асвятлення ці неадэкватнай карэкцыі (напрыклад, у чужых акулярах). Узнікаюць і даволі доўга захоўваюцца зрокавы дыскамфорт і зніжэнне вастрыні зроку пры пераводзе позірку з блізу ўдалячынь. Спробы адтэрмінаваць момант звароту да спецыяліста для карэкцыі зроку прыводзяць да стомы вачэй ад зрокавай нагрузкі (астэнапіі). Пры гэтым могуць з'явіцца галаўны боль, млоснасць, затуманьванне зроку, стомленасць і адчуванне цяжару ў вачах, пачырваненне і сверб павек, слёзацячэнне, пагаршэнне агульнага самаадчування. Што рабіць? Калі ваша праблема з факусаваннем на блізка размешчаных прадметах пагаршаецца з вялікай хуткасцю, так, што вы не можаце чытаць або займацца карпатлівай работай; калі вам пастаянна хочацца працерці вочы і "наладзіць рэзкасць", тады вам неабходна звярнуцца да ўрача. Самалячэнне, самастойны падбор акуляраў, набыццё іх у неспецыялізаваных пунктах, на рынку прыводзяць толькі да ўзмацнення вышэйпералічаных скаргаў. Своечасовы зварот да спецыяліста дапаможа выявіць прычыну немачы і правесці эфектыўнае лячэнне. Сіндром сухога вока Апошнім часам расце колькасць зваротаў да афтальмолагаў з гэтай прычыны, і, хутчэй за ўсё, віной таму камп'ютар, за якім офісныя работнікі праводзяць да 8 гадзін у суткі. Справа ў тым, што, гледзячы ў экран (кнігу), чалавек міргае ў тры разы радзей, і слёзная плёнка, якая служыць змазкай пры руху вочнага яблыка і ўтрымлівае ў сабе рэчывы, што сілкуюць рагавіцу і ахоўваюць вока ад хваробатворных мікробаў, перасыхае. Ускладняе становішча цыгарэтны дым, кандыцыянаванае паветра, а таксама натуральны працэс старэння (па меры старэння арганізм выдзяляе менш тлушчавага сакрэту, у выніку чаго паскараецца працэс выпарэння слёзнай плёнкі). Часта сухасць у вачах адчуваюць тыя, хто карыстаецца кантактнымі лінзамі: яны ўбіраюць у сябе слёзную плёнку. Таксама прычынай захворвання могуць быць некаторыя лекі, дэфіцыт вітаміну А, у жанчын у перыяд менапаўзы — гарманальныя змяненні. Пры сіндроме сухога вока, як правіла, узнікаюць сверб, смыленне, раздражненне і пачырваненне, расплывісты зрок (звычайна аднаўляецца пасля міргання). Камп'ютар і тэлевізар гэтыя адчуванні толькі ўзмацняюць. Што рабіць? - Ужываць дастатковую колькасць вадкасці. - Часцей міргаць, асабліва гледзячы ў манітор. - Ні ў якім разе не церці вочы — гэта ўзмацняе раздражненне. - Пракансультавацца са спецыялістам: сіндром сухога вока можа перарасці ў значна больш сур'ёзнае захворванне. Катаракта У норме хрусталік абсалютна празрысты. Аднак з узростам парушэнне яго сілкавання можа выклікаць устойлівае памутненне і пагаршэнне зроку. Развіццю захворвання садзейнічаюць дрэнны абмен рэчываў (у прыватнасці, пры цукровым дыябеце), таксічнае або траўматычнае ўздзеянне на вока, захворванні ўнутраных абалонак вока і інш. У пачатковай стадыі захворвання перад вачыма назіраецца мільганне цёмных палосак, штрыхоў, плямаў. Пры позірку на крыніцы святла выява часта раздвойваецца. Паступова памутненне хрусталіка становіцца выражаным. Пры развітай катаракце вобласць зрэнкі шараватая, шаравата-белая або малочна-белая. Адначасова зніжаецца вастрыня зроку, пры поўнай катаракце чалавек распазнае толькі наяўнасць або адсутнасць святла. Што рабіць? Лячыць. У цяперашні час хірургічная аперацыя з'яўляецца асноўным метадам вяртання зроку пры катаракце. Глаўкома Гэтае захворванне ўзнікае ў выніку парушэння цыркуляцыі ўнутрывочнай вадкасці, з-за чаго павышаецца ўнутрывочны ціск і развіваецца атрафія зрокавага нерва. Глаўкома прагрэсуе непрыкметна. Адчувальныя праявы, як правіла, з'яўляюцца на тым этапе, калі зрок аднавіць ужо складана. Развіццё глаўкомы вядзе да неабарачальнага працэсу частковай або поўнай страты зроку. Што рабіць? Неадкладна звяртацца да доктара, выявіўшы ў сябе наступныя сімптомы: - паступовае зніжэнне палёў зроку, спачатку страта перыферычнага, а затым і пагаршэнне цэнтральнага зроку; - часовае ўзнікненне заслоны перад вокам, з'яўленне вясёлкавых кругоў вакол крыніцы святла; - прыступы рэзкіх галаўных боляў, пасля якіх затуманьваецца зрок; - пачырваненне вочнага яблыка. Цалкам аднавіць зрок пры глаўкоме на сёння, на жаль, немагчыма. Аднак своечасовы зварот да спецыяліста і наступнае лячэнне змогуць нармалізаваць унутрывочны ціск і прадухіліць або прыпыніць далейшае пашкоджанне нерва і развіццё слепаты. Дыябетычная рэцінапатыя Разам з пашкоджаннямі нырак і сасудаў ног пры цукровым дыябеце адбываецца і незапаленчае пашкоджанне сеткаватай абалонкі вочнага яблыка. Сятчатка вока пазбаўляецца сілкавання. У ёй узнікаюць ацёкі, кровазліцці, адкладваюцца прадукты абмену рэчываў. Пры дыябетычнай рэцінапатыі гінуць нервовыя клеткі, развіваюцца анамальныя сасуды, з якіх адбываюцца масіўныя кровазліцці. Такія змяненні часта незваротна зніжаюць зрок. Што рабіць? У большасці з тых, хто хварэе на цукровы дыябет не менш як 10 гадоў, ёсць тыя ці іншыя формы пашкоджання сятчаткі. Паколькі працэс гэты праходзіць бязбольна, зніжэння зроку можна і не заўважыць. Але з'яўленне плаваючых цёмных плямаў і заслоны перад вачыма — гэта прычына для хвалявання і тэрміновага звароту да афтальмолага. У астатнім жа старанны кантроль узроўню глюкозы ў крыві, захаванне неабходнай дыеты і здаровы лад жыцця дазваляюць зменшыць рызыку слепаты ад вочных ускладненняў дыябету. І, зразумела, абавязкова строгае захаванне перыядычнасці аглядаў вочнага дна ў спецыяліста. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некаторыя функцыі вока змяняюцца разам з ростам і сталеннем усяго арганізма. Фарміраванне органа зроку, развіццё і ўдасканальванне зрокавых функцый працягваецца...
|
|