У афтальмалагічнай хірургіі значныя перамены
07.12.2010
—
Новости Здоровья
|
З Тамарай Бірыч, старшынёй навуковага медыцынскага таварыства афтальмолагаў Беларусі, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, вучоным і практыкам з міжнароднай вядомасцю ў галіне афтальмахірургіі (на працягу амаль 15 гадоў яна ўзначальвала рэспубліканскі Цэнтр рэканструктыўнай мікрахірургіі вока) мы сустрэліся на тэрыторыі мінскай 3-й клінічнай бальніцы імя Клумава. Тут знаходзіцца вышэйназваны Цэнтр, дзе яна практыкуе, і кафедра вочных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта, дзе Т. Бірыч выкладае, перадае свой багаты досвед студэнтам. — Тамара Андрэеўна, мы даўно з вамі не сустракаліся, і я быў моцна здзіўлены тымі вялікімі пераменамі, якія адбыліся ў 3-й клінічнай бальніцы. Яе цяпер не пазнаць. Еўропа. — Ведаеце, падобныя ўражанні літаральна ва ўсіх, хто доўгі час не наведваў клініку. І сапраўды, перамены тут за апошнія пяць гадоў адбыліся ўражальныя. Наша клініка даўно заслужыла, так бы мовіць, якасны капітальны рамонт. І раней, у мінулыя дзесяцігоддзі, тут нешта рамантавалі, латалі, мянялі, перабудоўвалі, але такога комплекснага і сучаснага, як сёння гавораць, еўрарамонту дагэтуль не было. Цяпер клініку не пазнаць. Створаны добрыя ўмовы як для работы медперсаналу, так і для знаходжання хворых. У палатах ляжыць у асноўным па два пацыенты. Але нават і гэта не самае галоўнае, а тое, што мы атрымалі сучаснае медыцынскае абсталяванне, адсутнасць якога не дазваляла ў поўнай меры раскрыцца здольнасцям і патэнцыялу нашых медыкаў. — У дні работы Усебеларускага сходу, паўсюдна падводзяцца вынікі прайшоўшага пяцігоддзя. Чым гэты час быў асабліва адметны для вашай клінікі, Цэнтра вока, кафедры вочных хвароб медыцынскага універсітэта — там, дзе шмат гадоў працавалі і працягваеце працаваць? — Гэтае пяцігоддзе было ў пэўным сэнсе вельмі важным для пералічаных вамі медыцынскіх устаноў, яно прайшло пад знакам якасных перамен у лепшы бок. Пачну з нашай кафедры. Два мае калегі абаранілі доктарскія дысертацыі. Гэта значнае дасягненне. У апошнія гады навукоўцы кафедры паспяхова вядуць даследаванні па распрацоўцы новых спосабаў лячэння захворванняў вочнага дна, укараняюць кампутарныя метады ранняй дыягностыкі (скрынінг) і дынамічныя назіранні (маніторынг) за хворымі з дыябетычнай рэцінапатыяй, глаўкомай, новыя лазерныя метады лячэння захворванняў вачэй. Магчыма, мая думка прагучыць банальна, але каб паспяхова развіваць медыцыну, у дадзеным выпадку афтальмалогію, а значыць, і лепш лячыць людзей, неабходна мець у дастатковай колькасці высокваліфікаваных спецыялістаў. А ўжо потым тэхналогіі і медыцынская тэхніка. Скажу больш — сёння поспех там, дзе ёсць свая нацыянальная школа падрыхтоўкі кадраў, дзе працягваюцца традыцыі медыкаў папярэдніх пакаленняў, ёсць узбагачэнне моладдзю іх досведу новымі практычнымі ведамі. Напрыклад, я лічу правільным, што на маё месца загадчыка кафедры вочных хвароб, якое я займала на працягу дваццаці гадоў, абрана мая вучаніца Людміла Мікалаеўна Марчанка. Яна — выдатны спецыяліст, паспяхова займаецца лячэннем цяжкіх вочных хвароб метадам фотадынамічнай тэрапіі, які дазваляе захаваць пацыентам сталага ўзросту рэшткі зроку і ўвогуле людзям з нармальным зрокам доўга яго захоўваць. Дарэчы, у многіх клініках краіны працуюць нашы выхаванцы, многія з іх віртуозна робяць аперацыі на воку. Цяпер катаракта выдаляецца новым ультрагукавым метадам, які для пацыента куды менш балючы, чым традыцыйная аперацыя, бо цяпер яна робіцца без разрэзу. І вочы, калі казаць па-простаму, пасля такога хірургічнага ўмяшальніцтва бачаць лепш, чым пасля аперацыі старым метадам. Толькі для нязначнай колькасці пацыентаў выкарыстоўваецца шоўная хірургія. Новыя метады выкарыстоўваюцца таксама і пры лячэнні такой небяспечнай хваробы як глаўкома, яе спалучэння з катарактай. Такія аблегчаныя аперацыі дазваляюць значна хутчэй праходзіць працэс рэабілітацыі. Пацыент ужо на наступны дзень можа бачыць, а ў некаторых выпадках узровень зроку павышаецца аж да адзінкі. Зразумела, чалавеку трэба засцерагацца пэўны перыяд ад вялікіх нагрузак, уважліва захоўваць рэжым. Але ён можа весці нармальнае жыццё, як і раней. У гэтым таксама вялікая перавага ўкаранення новых падыходаў у афтальмалагічнай хірургіі. — Сучасная тэхніка павінна быць у кваліфікаваных і надзейных руках. — З гэтым у беларускай афтальмалогіі ўсё нармальна. У нас цяпер цудоўнае адзяленне функцыянальнай дыягностыкі, дзе зараз дыягназ робіцца з дапамогай найноўшых прыбораў. Мы можам больш грунтоўна і дакладна даследаваць вока, напрыклад, яго сятчатку, яе нервовыя тканкі. У нас ёсць і самая сучасная медыцынская лазерная тэхніка для складаных аперацый пры глаўкоме, міяпіі высокай ступені, іншых хваробах. Дарэчы, студэнты ў захапленні ад таго, што ім ў недалёкай будучыні прыйдзецца працаваць на такой тэхніцы. Скажам, у якасці лазернага хірурга, функцыянальнага дыягноста. Нашы спецыялісты, у тым ліку і маладыя, ужо робяць даволі складаныя аперацыі, у прыватнасці, на шклопадобным целе вока. Гэта, мушу заўважыць, істотны крок наперад у нашай практычнай афтальмалогіі, які ўдалося зрабіць, паўтаруся, дзякуючы клопатам дзяржавы аб забеспячэнні нас новым абсталяваннем. — Беларуская медыцына ў цэлым дасягнула значных поспехаў у трансплантацыі органаў. А як у вашай галіне? — У афтальмалогіі таксама ёсць свае дасягненні. Між іншым, мы трансплантацыяй тканак вока займаемся вельмі даўно, яшчэ з даваенных часоў. Тады наша кафедра ўжо праводзіла аперацыі па перасадцы рагавіцы, увогуле беларуская афтальмалогія актыўна развівалася. Дастаткова сказаць, што першы загадчык нашай кафедры Давід Камінскі ўзначальваў Міністэрства аховы здароўя рэспублікі. Пасля вайны кафедра працягвае гэтую справу. І многім хворым дзякуючы трансплантацыі тканак вока нам удалося зберагчы зрок, выратаваць чалавека ад слепаты, супыніць развіццё цяжкіх хвароб, у прыватнасці, пасля траўмаў вока. Таму для нас трансплантацыя не з'яўляецца абсалютна новым метадам лячэння. Дарэчы, супрацоўнікі нашай кафедры напісалі шмат навуковых работ на гэтую тэму. Мы пастаянна ідзём наперад. У кастрычніку 2011 года плануем правесці ў Мінску міжнародную канферэнцыю па праблематыцы трансплантацыі, абмяняцца досведам з замежнымі калегамі. — Усё больш пераконваюся, у тым ліку і на сабе, што камп'ютар паступова становіцца галоўным ворагам вачэй чалавека. І без камп'ютара сёння нікуды не дзецца, асабліва моладзі. Як тут знайсці залатую сярэдзіну? — Парада простая: да камп'ютара, як да іншых высокатэхналагічных рэчаў, трэба ставіцца абачліва і з розумам. У мяне ўжо з'явіліся пацыенты, у якіх аслабленне зроку выклікана празмерным сядзеннем перад маніторам камп'ютара. Так, нядаўна была маладая пацыентка, студэнтка БДУ, у якой стаў рэзка пагаршацца зрок. Аказалася, што яна празмерна бавіць час каля кампутара — да глыбокай ночы. Да гонару дзяўчыны, яна прыслухалася да маіх рэкамендацый і парад, у прыватнасці, абмежаваць час работы за кампутарам. А таму ў наступны візіт у яе мы адзначылі паляпшэнне зроку. Я неаднойчы казала на сустрэчах з насельніцтвам і зараз паўтару: у рабоце на камп'ютары неабходна рабіць перапынкі. Скажам, папрацавалі гадзіну, зрабіце на 10-15 мінут перапынак, дайце вачам адпачыць, паглядзіце, калі ёсць магчымасць, у далечыню, на неба, птушак, панараму за акном. Быццам бы элементарнае правіла, але, відаць, маладыя людзі так спяшаюцца, так яны занятыя бягучымі справамі, што ім няма калі рабіць гэтыя перапынкі. А вачам трэба перыядычна адпачываць ад камп'ютара. Да зроку трэба ставіцца як увогуле да здароўя. Бо ўсё ў арганізме чалавека ўзаемазвязана. Злоўжыванне цыгарэтамі, алкаголем шкодзіць таксама і зроку. А вось заняткі фізкультурай, спартыўныя гульні на свежым паветры садзейнічаюць аздараўленню арганізма і вачэй таксама. — А якія апошнім часам назіраюцца тэндэнцыі ў вочных хваробах і што наша медыцына можа супрацьпаставіць новым выклікам? — Ужо на працягу больш чым дваццаці гадоў я і мае калегі назіраем за гэтым, і магу сказаць, што хваробы вока памаладзелі. У прыватнасці, катаракта. Раней узроставая катаракта пачынала развівацца ў 60-70 гадоў, то цяпер мы гэты дыягназ ставім у значна меншым узросце. Тое ж самае можна сказаць пра глаўкому. Мы ўсё часцей заўважаем, што пагаршэнне зроку выклікаецца наступствамі цукровага дыябету, сардэчна-сасудзістых хвароб, атэрасклерозу. Гэтыя паталогіі добра лечацца (пры ўмове, што хвароба не вельмі запушчаная) з дапамогай сучасных тэхналогій і метадаў: напрыклад, у аператыўнай хірургіі — гэта выкарыстанне лазераў. Сёння ў афтальмолагаў Беларусі дастаткова досведу, кваліфікацыі і найноўшага абсталявання, найноўшых медыцынскіх прэпаратаў і лекаў, каб дапамагчы чалавеку пазбегнуць страшнай жыццёвай катастрофы — страты зроку. Так, некаторыя гавораць, што ад гэтага не паміраюць. Але пра якое нармальнае паўнавартаснае жыццё можна гаварыць, калі сляпыя вочы? Бяда, ды і толькі. Каб яе пазбегнуць, трэба як мага раней выяўляць паталогію вока. Сумесна з урачамі паліклінік мы і займаемся гэтай работай па прафілактыцы вочных хвароб. Гутарыў Леанід Лахманенка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З Тамарай Бірыч, старшынёй навуковага медыцынскага таварыства афтальмолагаў Беларусі, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, вучоным і практыкам з міжнароднай...
|
|