Гусіны тлушч не абараняе ад марозу, а толькі шкодзіць!
15.02.2011
—
Новости Здоровья
|
Так сталася, што сапраўдныя маразы прыйшлі ў нашу краіну, калі беларусы паспелі расслабіцца і пачалі рыхтавацца да вясны. Пасля пастаянных адліг ужо слаба верылася, што зіма возьме сваё. Тым не менш да канца бягучага тыдня сіноптыкі прагназуюць сапраўднае зімовае надвор'е — месцамі па краіне ў начны час сутак слупок тэрмометра можа апусціцца да 30 градусаў ніжэй за нуль. А гэта значыць, што колькасць ахвяр маразоў пойдзе на сотні. Па статыстыцы, штогод з абмарожаннямі рознай ступені цяжкасці ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі паступае ад 1,5 да 3,5 тысячы чалавек па краіне. Аднак рэальная колькасць пацярпелых ад абмарожанняў і пераахалоджвання арганізма істотна большая. Спецыялісты апёкавых аддзяленняў сталічнай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі даюць парады, як перажыць "марозны экстрым": Улічваючы, што на пачатковых стадыях абмарожання боль можа адсутнічаць, неабходна перыядычна мацаць нос, вушы, пальцы рук і аглядаць адкрытыя ўчасткі цела. Дыхаць трэба толькі праз нос — гэта папярэдзіць не толькі адмарожванне носа, але і пераахалоджванне верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў, якое цягне за сабой розныя запаленчыя захворванні органаў дыхання аж да запалення лёгкіх. Вельмі важна прыкрываць усе адкрытыя ўчасткі цела шалікам, у тым ліку і рот, і дыхаць праз шалік. Сярод насельніцтва шырока распаўсюджана памылковая думка, што існуюць мазі, з дапамогай якіх можна папярэдзіць абмарожанні, у прыватнасці, такім многія лічаць гусіны тлушч. Аднак усе гэтыя сродкі, папярэджваюць спецыялісты, не толькі неэфектыўныя, але і шкодныя. Справа ў тым, што тлушчы, насычаючы паверхневыя арагавелыя слаі скуры і замяшчаючы там паветра, павышаюць цеплаправоднасць скуры і тым самым спрыяюць яе пераахалоджванню. Надзея на такія мазі, на жаль, правакуе неапраўданае грэбаванне іншымі простымі, але надзейнымі мерамі прафілактыкі. На пачатковых стадыях абмарожання скура бляднее і страчвае адчувальнасць. Пры глыбокіх абмарожаннях пацярпелы ўчастак цела мае характэрны выгляд: скура халодная навобмацак, неадчувальная, бледная, канечнасць падобная на акамянелую. Пасля сагравання хутка развіваецца ацёк, моцны боль, з'яўляюцца пухіры, знікае адчувальнасць. Калі болевая адчувальнасць адсутнічае на працягу сутак, гэта ўказвае на абмарожанне 3-й ці 4-й ступені цяжкасці. Атрымаць хранічнае абмарожванне першай ступені можна пры пастаянным, хоць і не моцна выражаным, ахалоджванні, калі чалавек працуе на вуліцы ў халоднае сырое надвор'е ці пры нашэнні цеснага абутку, які парушае кровазварот у канечнасцях. У гэтым выпадку ў пацярпелых на скуры кісцей, ступняў, вушных ракавін, радзей на носе і шчоках з'яўляюцца чырвона-сінюшныя ці барвовыя плямы, скура ацякае, становіцца халоднай навобмацак, пры гэтым чалавек адчувае сверб і смыленне, асабліва пры хуткім саграванні. Большасць халадовых траўмаў у дарослых адбываецца ў стане алкагольнага ап'янення. Алкаголь дае адчуванне сагравання на 15-20 хвілін, а затым цэнтр тэрмарэгуляцыі прыгнятаецца, наступае павышаная цеплааддача і развіваецца хуткае пераахалоджванне арганізма. Алкаголь павялічвае згусальнасць крыві, выклікае парушэнні мікрацыркуляцыі і зніжае хуткасць цячэння крыві ў канечнасцях. У дзяцей, як правіла, абмарожанні абумоўленыя працяглым знаходжаннем на холадзе, адзеннем і абуткам не па сезоне, пакінутымі ў перыяд надзвычай нізкіх тэмператур адкрытымі ўчасткамі цела (часцей за ўсё гэта непрыкрытыя вушныя ракавіны і твар). Аказанне дапамогі на першай стадыі абмарожання заключаецца ў аднаўленні кровазвароту ў пашкоджаных тканках. Сагрэць канечнасці можна з дапамогай цёплага адзення. Катэгарычна недапушчальнае для сагравання канечнасцяў расціранне снегам! Крышталікі снегу дадаткова траўміруюць пашкоджаную пры замярзанні скуру, увільгатняюць яе, зніжаюць тэмпературу і тым самым толькі паглыбляюць пашкоджанне. Пацярпеламу неабходна даць цёплае пітво. Арганізм трэба саграваць знутры. Пры больш глыбокіх абмарожаннях трэба ўхутаць пацярпелыя ўчасткі цела сухім і цёплым адзеннем і даставіць пацярпелага ў бліжэйшую лячэбную ўстанову. Позні зварот па медыцынскую дапамогу, асабліва пры цяжкім абмарожанні, пагражае вельмі небяспечнымі ўскладненнямі. У выпадку, калі вы ўбачылі чалавека, які ляжыць на вуліцы, неабходна неадкладна даставіць яго ў цёплае памяшканне, інакш ён можа застацца без ног і без рук, а то і зусім замерзнуць. Тым, хто раней ужо стаў ахвярай халадовай траўмы, трэба памятаць, што абмарожаныя ўчасткі цела асабліва адчувальныя да холаду, таму іх трэба старанна аберагаць ад пераахалоджвання, каб пазбегнуць парушэнняў у сасудзістай сістэме пацярпелых канечнасцяў. Надзея НІКАЛАЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так сталася, што сапраўдныя маразы прыйшлі ў нашу краіну, калі беларусы паспелі расслабіцца і пачалі рыхтавацца да вясны. Пасля пастаянных адліг ужо слаба...
|
|