Плачуць вочы, свярбіць нос — што такое? Паліноз!. 21.by

Плачуць вочы, свярбіць нос — што такое? Паліноз!

23.03.2011 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З надыходам цяпла, калі зацвітаюць расліны-алергены, людзі, схільныя да алергічных рэакцый, пачынаюць чхаць і кашляць, не могуць абыходзіцца без насоўкі і ўвогуле адчуваюць сябе дрэнна.

— Так праяўляе сябе сезоннае алергічнае захворванне — паліноз,— расказвае кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры алергалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Людміла Маслава. — Хвароба заяўляе пра сябе вясной ці летам у перыяд цвіцення дрэў і траў. Паліноз — захворванне вельмі распаўсюджанае, прыкладна 10-20% людзей у свеце маюць гэтую паталогію.

Часцей за ўсё паліноз праяўляецца ў тых, у каго ёсць да гэтага спадчынная схільнасць, а таксама алергічныя рэакцыі на прыём лекавых прэпаратаў ці іншыя алергічныя захворванні. Звычайна хвароба пачынаецца з рыніту, кан'юнктывіту, з'яўляецца сверб павек, слёзацячэнне. Калі своечасова хваробу не дыягнаставаць і не пачаць лячыць, то да сімптомаў далучаецца бранхіяльная астма, могуць быць праяўленні ў выглядзе крапіўніцы, магчымае павышэнне тэмпературы, галаўныя болі, агульная стамляльнасць, слабасць і г.д.

— Ці можна прыняць прафілактычныя меры загадзя, каб пазбегнуць гэтых непрыемнасцяў?

— Безумоўна. Варта ўлічыць, што гэтае захворванне, як і любая алергія, турбуе чалавека тады, калі ёсць кантакт з алергенам. У дадзеным выпадку гэта адбываецца вясной і летам. Заканчваецца вясенне-летні час, і праяўленні хваробы адступаюць. Аднак яны сыходзяць не назаўсёды, а толькі да наступнага года. Таму, калі ў чалавека з'явіліся такія сезонныя праявы, варта звярнуцца да алерголага для таго, каб пацвердзіць наяўнасць алергіі. Восенню, па-за сезонам цвіцення раслін, ставяцца скурныя пробы, і праз 20 хвілін можна вызначыць, на якія алергены так востра рэагуе арганізм. Калі дыягназ пацвярджаецца, трэба пачынаць лячэнне ўжо восенню, праводзіць спецыфічную імунатэрапію. У лячэнні выкарыстоўваюцца тыя алергены, што выклікаюць хваробу. Гэта тэрапія працягваецца да наступнага цвіцення. Лячэнне вельмі эфектыўнае і дазваляе спыніць хваробу. Праводзіць яго трэба пад назіраннем спецыяліста-алерголага і толькі ва ўмовах алергакабінета.

— Але што рабіць тым людзям, якія па нейкіх прычынах не змаглі загадзя падрыхтавацца да сезона цвіцення?

— За 10-14 дзён да чаканага перыяду абвастрэння хваробы неабходна пачынаць прымаць проціалергічныя, у прыватнасці, антыгістамінныя прэпараты. Гэта могуць быць эрыус, зіртэк, цэлфаст, кесцін, супрасцін, тавегіл, дыязалін і г.д. Яны дазволяць даволі паспяхова справіцца з сімптомамі хваробы.

Калі ж гэтых прэпаратаў будзе недастаткова, можна падключыць яшчэ прэпараты мясцовага дзеяння. У прыватнасці, калі маецца моцны рыніт, можна скарыстацца назанэксам, флюціказонам.

Рэкамендуецца таксама прытрымлівацца пэўных правілаў паводзін у штодзённым жыцці. Як і пры любой алергіі, вельмі важна максімальна зніжаць кантакт з алергенамі. Больш за ўсё пылку з'яўляецца ў цёплае надвор'е, ветранае, у першай палове дня. Таму людзям, у якіх ёсць паліноз, мы рэкамендуем у гэты час як мага менш знаходзіцца на свежым паветры, не выязджаць за горад, а калі выязджаць, то бліжэй да вадаёма і пад вечар. Такі пацыент павінен выходзіць на вуліцу ў сонцаахоўных акулярах. Вярнуўшыся дадому, неабходна здымаць адзенне, адразу ж прыняць душ. У кватэры пажадана зачыніць форткі, праводзіць частыя вільготныя прыборкі.

— Ці можа прыйсці на дапамогу народная медыцына?

— З гэтым трэба быць вельмі асцярожнымі. Такім пацыентам трэба ведаць, што ім супрацьпаказаны прыём розных раслінных прэпаратаў. Напрыклад, нельга прымаць у якасці лекаў прэпараты з палыну, рамонку, календулы, падбелу, дзівасілу, крываўніку, піжмы, трыпутніку. Гэта можа прывесці да абвастрэння палінозу і да прагрэсавання хваробы. Акрамя таго, вельмі важна ведаць, на што канкрэтна алергія і ў сувязі з гэтым прымаць пэўныя меры.

Ва ўмовах Беларусі адзначаецца тры пікі цвіцення раслін і тры перыяды ў цячэнні палінозу.

Першы — г.зв. драўняны паліноз, калі цвітуць дрэвы (канец красавіка — май). У нашых краях асноўнымі алергеннымі дрэвамі з'яўляюцца бяроза, арэшнік, ясень, нярэдка таполя. Гэты драўняны паліноз можа спалучацца з харчовай алергіяй. Інакш кажучы, калі ў чалавека ёсць алергія на пылок дрэў, то ўжыванне бярозавага соку, яблыкаў, груш, усіх костачкавых (чарэшні, вішні, персікі, абрыкосы, слівы ) можа прыводзіць да абвастрэння хваробы. Акрамя таго гэтаму могуць спрыяць арэхі, асабліва фундук, грэцкія, міндаль. Негатыўныя рэакцыі можа выклікаць нават звычайная морква, а таксама сельдэрэй, кмен. Нельга лячыцца прэпаратамі з бярозавых пупышак, альховых шышак, кары крушыны.

Другі перыяд — цвіценне злакавых культур і пустазелля (жыта, цімафееўка, мятлік, купкоўка і інш.). Ёсць травы, якіх дастаткова не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў горадзе. Як правіла, яны цвітуць у пачатку чэрвеня і да сярэдзіны ліпеня. Зноў-такі і ў гэты перыяд можа мець месца харчовая алергія. Да абвастрэння палінозу можа прывесці ўжыванне такіх прадуктаў, як крупяныя кашы, макаронныя і хлебабулачныя вырабы, прадукты, у склад якіх уваходзіць мука.

Трэці перыяд пачынаецца з другой паловы ліпеня і працягваецца да верасня. У гэты час цвіце складанакветнае пустазелле. І асноўнай алергеннай травой з'яўляецца палын. Зноў-такі цэлы шэраг прадуктаў могуць падтрымліваць праявы палінозу. У прыватнасці, гэта алей, халва, маянэз, гарчыца, прадукты, прыгатаваныя з выкарыстаннем палыну — вермуты, бальзамы. Сюды ж адносяцца сельдэрэй, кроп, пятрушка, перац, мускатны арэх, карыца, каляндра, могуць быць і морква, і бурак, і шпінат.

Вольга Шаўко.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З надыходам цяпла, калі зацвітаюць расліны-алергены, людзі, схільныя да алергічных рэакцый, пачынаюць чхаць і кашляць, не могуць абыходзіцца без насоўкі і ўвогуле...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика