З мышамі — асцярожней!
09.11.2011
—
Новости Здоровья
|
Гемарагічная ліхаманка з нырачным сіндромам (ГЛНС), або "мышыная" ліхаманка — вострае віруснае прыродна-ачаговае захворванне. Узбуджальнікам з'яўляецца вірус, які перадаецца ляснымі мышападобнымі грызунамі: рудой і чырвона-шэрай палёўкай, палявой мышшу, радзей — дамавым пацуком. Заражэнне людзей можа адбывацца круглы год, але часцей у летне-асенні перыяд пры наведванні лесу, зборы грыбоў, ягад, паляванні, рыбнай лоўлі, падчас працы на садова-агародных участках, збору ўраджаю. З наступленнем халадоў грызуны перасяляюцца ў жылыя памяшканні, месцы захоўвання прадуктаў, фуражу, таму заражэнне становіцца магчымым у бытавых умовах. Заражэнне чалавека адбываецца пры кантакце з выдзяленнямі (калам, мачой, слінай) грызуноў, пры ўдыханні пылу, які змяшчае выдзяленні інфіцыяваных грызуноў. Дапускаецца магчымасць заражэння чалавека элементарным шляхам, напрыклад, пры ўжыванні прадуктаў (капуста, морква і інш.), забруджаных грызунамі, якія не былі тэрмічна апрацаваны. Людзі дастаткова ўспрымальныя да захворвання, але для навакольных хворы чалавек не ўяўляе небяспекі. Перанесеная інфекцыя пакідае пасля сябе ўстойлівы імунітэт. Ад моманту заражэння да з'яўлення першых прыкмет захворвання праходзіць ад 7 да 36 дзён (часцей 2—3 тыдні). Хвароба пачынаецца з павышэння тэмпературы (39—40 °С). Адзначаюцца моцныя галаўныя і мышачныя болі, часам пагаршэнне зроку, з'яўляюцца смага і сухасць у роце. Напрыканцы першага або на другі дзень хваробы ў многіх з'яўляюцца млоснасць і ваніты, якія нарастаюць на працягу бліжэйшых дзён, часта ўзнікае ікаўка. На скуры плечавога пояса і ў падпахавых ямках можа з'яўляцца гемарагічны сып у выглядзе адзінкавых або дробных множных кровазліццяў. Магчымыя кровазліцці ў кан'юнктыву склер, павелічэнне ломкасці капіляраў. Асабліва тыповы для "мышынай" ліхаманкі нырачны сіндром: моцныя болі ў жываце і паясніцы, рэзкае змяншэнне колькасці мачы, прысутнасць у ёй крыві. Пашкоджанне нырак праяўляецца таксама ў азызласці твару, ацёчнасці павек. Найбольш сур'ёзныя ўскладненні: інфекцыйна-таксічны шок, ацёк лёгкіх, вострая нырачная недастатковасць, разрыў ныркі, кровазліцці ва ўнутраныя органы. Як папярэдзіць захворванне гемарагічнай ліхаманкай з нырачным сіндромам? На жаль, прафілактычных прышчэпак супраць ГЛНС не існуе. Усе меры прафілактыкі накіраваны на прадухіленне кантакту чалавека з грызунамі, з іх выдзяленнямі і на ахову прадуктаў харчавання і вады ад забруджвання. Каб папярэдзіць заражэнне ГЛНС, неабходна прымаць наступныя меры засцярогі: — не ўжываць у ежу прадукты, сапсаваныя грызунамі; — не ўжываць сырую ваду, а таксама ваду з невядомых крыніц; — выкарыстоўваць падчас працы на агародзе, догляду свойскіх жывёл ахоўнае адзенне, пальчаткі; — захоўваць правілы асабістай гігіены: мыць рукі перад ядой, трымаць харчовыя прадукты ў тары, абароненай ад пранікнення грызуноў; — забяспечыць непранікальнасць для грызуноў гаспадарчых пабудоў і жылых памяшканняў; — у дачных дамках, падвалах выкарыстоўваць пасткі і хімічныя сродкі (атручаныя прынады) для барацьбы з грызунамі, пры гэтым памятаць пра бяспеку людзей; — прыбіранне памяшканняў, дзе выяўлены выдзяленні грызуноў, праводзіць у пальчатках і шматслаёвай марлевай павязцы вільготным спосабам з прымяненнем дэзынфікуючых сродкаў; пасцельную бялізну, адзенне, асабістыя рэчы неабходна прасушыць на сонцы, а затым старанна выбіць пыл; — не лавіць і не браць у рукі грызуноў або іх трупы; — падчас знаходжання на прыродзе варта пазбягаць зараснікаў травы, а запасы ежы неабходна захоўваць у недаступных для мышэй месцах; — пры наведванні лесу пазбягаць начлегу ў стагах сена, у закінутых будынках, не выкарыстоўваць для подсцілаў леташняе сена або салому. Лячэнне хворых на ГЛНС праводзіцца толькі ў стацыянары! Таму пры з'яўленні сімптомаў захворвання не займайцеся самалячэннем — звярніцеся да ўрача. Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гемарагічная ліхаманка з нырачным сіндромам (ГЛНС), або "мышыная" ліхаманка — вострае віруснае прыродна-ачаговае захворванне. Узбуджальнікам з'яўляецца...
|
|