Не хочаш кульгаць — кінь цыгарэту
22.11.2011 09:44
—
Новости Здоровья
|
Не хочаш кульгаць — кінь цыгарэту Хранічныя аблітэруючыя захворванні артэрый ніжніх канечнасцяў (ХАЗАНК) развіваюцца ў сярэднім у 2—3% насельніцтва, прычым іх частата павялічваецца з узростам, дасягаючы на сёмым дзесяцігоддзі жыцця ўжо 5—7%. Пры гэтым існуе тэндэнцыя да павелічэння колькасці такіх хворых і відавочнага "амаладжэння" захворвання.
Сутнасць гэтага захворвання ў тым, што змяншаецца прыток крыві па артэрыях у пашкоджаную канечнасць з-за іх звужэння або поўнай закупоркі. Чым большае пашкоджанне сасудзістага русла і, адпаведна, чым менш крыві паступае ў канечнасць, тым цяжэйшая стадыя артэрыяльнай недастатковасці і ступень абяскроўлівання тканак. Гэтыя змены сасудаў, дакладней сасудзістай сценкі, узнікаюць часцей за ўсё з-за іх атэрасклератычнага пашкоджання. Для ХАЗАНК характэрны сімптом перамежнай кульгавасці (называецца так па самай яскравай праяве гэтага складанага сасудзістага парушэння): чалавек ідзе, кульгае, спыняецца ад рэзкага болю і толькі пасля нават кароткачасовага адпачынку можа ісці далей. ХАЗАНК без адпаведнага лячэння няўхільна прагрэсуе, і чалавек з-за немагчымасці хадзіць становіцца інвалідам. Бледнасць скуры ног — небяспечны сімптом Асноўнай скаргай хворых на ХАЗАНК з'яўляецца цяжкая хада, гэта значыць, неабходнасць спыняцца праз пэўную адлегласць з-за з'яўлення болю сціскальнага характару ў ікраножнай мышцы. Пасля непрацяглага прыпынку (5—7 хвілін) боль знікае. Часам (у тых выпадках, калі маецца паражэнне артэрый на ўзроўні таза) боль і слабасць узнікаюць ва ўсёй канечнасці. Сярод іншых характэрных прыкмет недастатковага кровазвароту можна назваць цяжар у нагах, хуткую стамляльнасць, патлівасць, адчуванне "зябкасці", здранцвення ў пашкоджанай канечнасці. З часам у чалавека з'яўляюцца "болі спакою", што вымушае хворага перыядычна апускаць нагу ўніз. Знешне захворванне праяўляецца бледнасцю і пахаладаннем пашкоджанага ўчастка канечнасці на пачатковым этапе і з'яўленнем незагойных трафічных язваў у запушчаных выпадках. ХАЗАНК часам развіваецца марудна, абвастрэнні змяняюцца рэмісіяй, што дазваляе хвораму працяглы час не звяртацца да доктара. Але нярэдка захворванне прагрэсуе імкліва, хутка прыводзячы да неабарачальных змяненняў у сасудах і тканках канечнасці. Таму пры першых прыкметах парушэння кровазвароту ў нагах варта неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу! Кульгаць з дымком? Раней ХАЗАНК часцей сустракаліся ў мужчын сярэдняга і пажылога ўзросту, але апошнім часам нярэдка хварэюць і маладыя людзі. Спецыялісты звязваюць гэта з усё большым распаўсюджваннем курэння сярод моладзі. 85% пацыентаў з прыкметамі перамежнай кульгавасці рана і шмат пачалі курыць. Гэтая згубная звычка ў 4—6 разоў (пры выкурванні больш за 20 цыгарэт у дзень) павялічвае рызыку развіцця ХАЗАНК. Нават калі выкурваць менш за 15 цыгарэт у дзень, то ўсё роўна рызыка развіцця гэтага захворвання ў 2 разы вышэйшая, чым у тых, хто не курыць. Сувязь захворвання з курэннем прасочваецца вельмі выразна, а таму выбар заўсёды застаецца за самім чалавекам. "Тлустая" кроў Прычынай развіцця захворванняў артэрый можа стаць і парушэнне ліпіднага (тлушчавага) абмену. Нормай можна лічыць узровень агульнага халестэрыну ў крыві, ніжэйшы за 200 мг/дл (5,2 ммоль/л). Лічбы, большыя за гэту велічыню, павінны ўжо насцярожваць. Спрыяльным фактарам для развіцця атэрасклерозу з'яўляецца недастатковая фізічная актыўнасць (асабліва ў людзей, якія рэзка кінулі заняткі спортам або якія мелі прафесію, звязаную з вялікімі фізічнымі нагрузкамі). У такіх выпадках неабходна знайсці раўнацэнную замену сваім прывычным заняткам і не зніжаць фізічнай актыўнасці. Напрыклад, што перашкаджае пажылому чалавеку прайсціся, замест таго каб сядзець на лавачцы каля дома або, што яшчэ горш, бясконца глядзець у экран тэлевізара? Пагаршэнню стану сасудаў садзейнічаюць таксама неспрыяльныя фактары знешняга асяроддзя і перш за ўсё шкодная вытворчасць (розныя таксічныя хімічныя прадукты, радыеактыўнасць і інш.). Заўважана і ўзаемасувязь з раней перанесенымі захворваннямі, такімі, як хваробы печані і жоўцевывадных шляхоў, выдаленне апендыкса і міндалін. Два апошнія фактары могуць спрыяць развіццю захворванняў сасудаў з-за ўплыву на імунітэт. Спадарожныя захворванні — гіпертанія, ішэмічная хвароба сэрца, цукровы дыябет узмацняюць працэсы ўзнікнення атэрасклерозу і цячэння хваробы. Такім чынам, часцей за ўсё ў чалавека цэлы "букет" захворванняў, дзе ХАЗАНК з яго цячэннем, якое прагрэсуе, толькі адно з іх, але вельмі небяспечнае. Трэніруйся, дзядуля... Галоўныя прынцыпы лячэння хворых на ХАЗАНК — пажыццёвасць, бесперапыннасць, комплекснасць. Праводзіцца яно ва ўсіх хворых, незалежна ад таго, ці было аператыўнае ўмяшанне. Без адпаведнай кансерватыўнай тэрапіі, якая праводзіцца ў амбулаторных умовах, аддаленыя вынікі хірургічных умяшанняў на сасудах не могуць быць здавальняючымі, бо аперацыя не лечыць атэрасклероз або іншыя пашкоджанні сасудзістай сценкі, а толькі ліквідуе асобныя яго праявы. Комплекснае кансерватыўнае лячэнне ўключае ліквідацыю фактараў рызыкі, медыкаментозную тэрапію, лячэбную фізкультуру, фізіятэрапію і санаторна-курортнае лячэнне. Фактары рызыкі развіцця ХАЗАНК могуць быць ліквідаваны самім хворым або цалкам, або часткова. Бо ў нашых сілах займацца спортам (плаваннем, хадой), наладзіць рацыянальнае харчаванне, больш эфектыўна лячыць спадарожныя захворванні (цукровы дыябет, ішэмічную хваробу сэрца, гіпертанію і інш.). Для хворых на цукровы дыябет важна не дапускаць траўмавання скуры (асабліва ніжніх канечнасцяў) і забяспечваць яе належны догляд. Медыкаментозная тэрапія накіравана галоўным чынам на паляпшэнне цякучых уласцівасцяў крыві і барацьбу з атэрасклерозам. Супрацьатэрасклератычныя мерапрыемствы ўключаюць у сябе захаванне дыеты і фізкультуру. Аднак нельга кідацца ў крайнасці: "ганяць" сябе да поўнай знямогі, перасільваючы боль, альбо легчы і ляжаць, дзейнічаючы па прынцыпе "не хаджу — не баліць". І першае і другое няправільна. Вельмі важны інструмент барацьбы з ХАЗАНК — трэніровачная хада, накіраваная на стымуляцыю цячэння крыві і развіццё дадатковых, абходных сасудаў, па якіх пашкоджаная канечнасць будзе забяспечвацца крывёй. Трэніровачнай хадой неабходна займацца штодня на працягу ўвогуле каля 1 гадзіны. Людзі з дыягназам "ХАЗАНК" не павінны страчваць надзею. Медыкі зазначаюць: пры выкананні ўсіх рэкамендацый станоўчы вынік лячэння роўны 85%. Для павышэння эфектыўнасці тэрапіі вельмі важна своечасова яе пачаць. Калі ёсць неабходнасць, то ўрач можа ставіць пытанне і аб аперацыі. Сёння магчымыя ангіяпластыка або рэканструкцыйная хірургія. Для гэтага хворых накіроўваюць у спецыялізаваныя цэнтры. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хранічныя аблітэруючыя захворванні артэрый ніжніх канечнасцяў (ХАЗАНК) развіваюцца ў сярэднім у 2—3% насельніцтва, прычым іх частата павялічваецца з узростам,...
|
|