Куды знікаюць беларускія прыгажуні пасля подыуму?
22.03.2012 13:30
—
Новости Здоровья
|
Куды знікаюць беларускія прыгажуні пасля подыуму? Раз на два гады ў Беларусі адбываецца ўсенародная забава — Нацыянальны конкурс прыгажосці "Міс Беларусь". Да вызначэння новай галоўнай беларускай прыгажуні яшчэ процьма часу — фінал конкурсу "Міс Беларусь-2012" прызначаны на пачатак мая. У чаканні гэтай падзеі "Тут і цяпер" паспрабавала падлічыць, колькі ўсяго ў нашай краіне разнастайных "міс" і дзе яны апынаюцца пасля заканчэння "тэрміну прыдатнасці". Адкуль ногі растуць Насамрэч гісторыя беларускіх прыгажунь на подыумах свету пачалася значна раней, амаль чвэрць стагоддзя назад. У 1988 годзе ў СССР прайшлі першыя конкурсы прыгажосці: спачатку ў Маскве, а потым і ў іншых гарадах. У Беларусі ён называўся "Мінская прыгажуня", а выйграла яго сталічная студэнтка Ліка Ялінская — цяпер спявачка і масквічка Анжаліка Агурбаш. Праз год віцяблянка Марыя Кежа стала першай "Міс Беларусь" (тады конкурс называўся "Панна Беларусь-1989"), а затым — "Міс СССР-1990", уласна кажучы, другой і апошняй носьбіткай гэтага тытулу, бо СССР неўзабаве разваліўся. (Зрэшты, наша Маша ўсё ж паспела выкарыстаць шчаслівы білецік лёсу — выйшла замуж і з'ехала ў Францыю, працавала галоўным дызайнерам дома мод Lancel, потым заснавала імянны брэнд і занялася вытворчасцю дызайнерскіх сумак.)
А конкурсаў прыгажосці праз нейкі час пасля распаду "вялікага магутнага" развялося столькі, што толькі паспявай лічыць. І ўсё ж давайце паспрабуем. Сёння, акрамя агульнанацыянальнага конкурсу "Міс Беларусь", штогод праводзіцца конкурс "Міс Мінск", гэтак жа, як практычна ва ўсіх абласных цэнтрах адбываюцца выбары мясцовых каралеў прыгажосці. Рэгулярна шукаюць "міс" у многіх райцэнтрах, сярод якіх Ліда, Наваполацк, Шклоў, Барысаў, Дуброўна і яшчэ два дзясяткі гарадоў. Каб не паўтарацца, арганізатары выдумляюць назвы, прывабнейшыя адна за адну: "Полацкая княжна", "Міс Прынёманне" і "Міс Прыбужжа", "Крыштальная німфа", "Міс Снягурка" і г.д. Свае конкурсы прыгажосці праводзіць кожная паважаючая сябе ВНУ, а іх "міс" атрымліваюць шанс вызначыцца, напрыклад, на міжнародным конкурсе сярод аграрных ВНУ "Міс СНД" ці міжуніверсітэцкім конкурсе "Каралева Вясна". Ды што там! Прыгажосці ўсюды ў нас дарога — хоць у "Беларусбанку", хоць у БРСМ, хоць на "Камінтэрне", хоць у аграпрамысловым комплексе, хоць у байнэце, хоць у каледжы лёгкай прамысловасці (усе пералічаныя маюць свае конкурсы прыгажосці). Здаецца, прасцей пералічыць, у якіх установах і на прадпрыемствах НЕ выбіраюць шматлікіх "міс" і "місіс". Хіба што ў дзіцячых садках і дамах састарэлых. Пазнаем мы іх па галасах На жаль для карэнных мінчан, сярод галоўных прыгажунь краіны няма ніводнай ураджэнкі сталіцы. "Міс Беларусь" у розныя гады былі: 1998 — Святлана Крук, Гродна. Удзельнічала яшчэ ў некалькіх конкурсах прыгажосці, працавала мадэллю ў Італіі, Кітаі, ЗША. Цяпер жыве ў Маскве, выкладае матэматыку, у 2010 годзе была прызнана "Настаўнікам года Масквы". Пры гэтым працягвае супрацоўнічаць з мадэльнымі агенцтвамі і, паводле сведчанняў беларускіх знаёмых, выглядае выдатна. Замужам, выхоўвае двух сыноў. 2000 — Ганна Стычынская, Магілёў. Працавала мадэллю, потым дырэктарам па мадэлінгу. У міжнародных конкурсах не ўдзельнічала: па афіцыйнай версіі — таму, што была непаўналетняй; паводле меркавання самой Ганны — таму, што арганізатарам трэба было "прасунуць" іншых дзяўчат. Цяпер прафесійны рэкламіст, пастаноўшчык дэфіле на многіх мерапрыемствах. Не замужам, асабістае жыццё не каментуе. 2002 — Вольга Неўдах, Брэст. Акрамя ўдзелу ў конкурсах "Міс Еўропы" і "Міс свету" вызначылася на міжнародным конкурсе выканальніцкіх мастацтваў у Галівудзе. Замужам, выхоўвае дачку. Дарэчы, яна ці не адзіная, хто не перабраўся жыць у сталіцу. Кіруе брэсцкім філіялам "Студыі моды Сяргея Нагорнага". На натуральнае здзіўленне навакольных спакойна адказвае: "Тут не так шмат, як у сталіцы, месцаў, дзе можна патусавацца, але мне гэта ўжо нецікава. Затое ў Брэсце таксама можна жыць і рэалізоўваць свае мары". 2004 — Вольга Антропава, Полацк. Пасля конкурсу некалькі год жыла ў ЗША, супрацоўнічала з вядучымі сусветнымі мадэльнымі агенцтвамі, але потым вярнулася ў Мінск. Займаецца тым, што падабаецца, — дызайнам інтэр'ераў. Не замужам. 2006 — Кацярына Літвінава, Магілёў. Была камерцыйным дырэктарам у мадэльным агенцтве, актыўна спрабавала сябе ў амплуа тэлевядучай, цяпер працуе спецыялістам па рэкламе. Не замужам. 2008 — Вольга Хіжынкова, Віцебск. Пасля заканчэння вучылішча лёгкай прамысловасці пераключылася на журналістыку і паступіла ў адпаведную сталічную ВНУ, працуе мадэллю, тэлевядучай. Не замужам. 2010 — Людміла Якімовіч, Гродна. Удзельнічала яшчэ ў некалькіх конкурсах прыгажосці, зараз спявае ва ўласным поп-гурце і вызначаецца з далейшай будучыняй — ці то прафесійны псіхолаг, ці то дырэктар школы для юных лэдзі, ці проста жонка і маці. На дадзены момант, зрэшты, не замужам. З першых вуснаў
"Міс Беларусь-2010" Людміла Якімовіч, якая крыху больш чым праз месяц перадасць карону наступнай каралеве прыгажосці, сцвярджае, што зробіць гэта без шкадавання: – Насамрэч я ўжо атрымала ад конкурсу калі не ўсё, што магла, то вельмі многае. Перадусім узгадваю эмоцыі, якія перапаўнялі мяне падчас узнагароджання – пазней я выходзіла і на подыум "Міс свету" ў Кітаі, і стаяла ў кароне на "Miss Supranational" у Польшчы (з гэтага конкурсу летась Людміла прывезла 2-е месца, карону віцэ-міс і прыз у 5000 долараў. – Рэд.), але пачуцці былі ўжо не тыя. Цяпер я разумею, што з нецярпеннем чакаю 4 мая, бо зноў буду датычная да таго мора пазітыву, які пануе на гэтым конкурсе, і перадам частку яго наступнай "Міс Беларусь". Я ўпэўненая, што, хто б ні перамог сёлета, гэта будзе годная дзяўчына, і жадаю ёй толькі ўдачы на далейшых міжнародных конкурсах. Наколькі "Міс Беларусь" змяніла маё жыццё? Даволі істотна, пачынаючы з месца жыхарства – я цяпер жыву ў Мінску. У дзяцінстве я займалася музыкай, але потым закінула – вучоба, заняткі спортам, словам, нейкія больш прагматычныя рэчы. А зараз я да гэтага вярнулася. Ёсць магчымасць займацца тым, што мне падабаецца – у нас з сябрамі свой музычны гурт, дзе я спяваю і танцую. І хоць апынулася ўсё не так проста, як здавалася, але я атрымліваю асалоду нават ад самога працэсу, не прыспешваючы вынікі. Няхай першыя водгукі пра нашу творчасць былі не вельмі пазітыўнымі, кшталту, "мне ўжо смешна", але мы будзем працягваць працаваць, і, мяркую, поспех прыйдзе. Універсітэцкая ж адукацыя для працы пакуль не спатрэбілася, але мая спецыяльнасць – юрыдычная псіхалогія, мне здаецца, у жыцці будзе карыснай. Беражыце жанчын! Дарэчы, займальная статыстыка. Калі ўважліва праштудзіраваць вынікі конкурсаў прыгажосці ў Беларусі, то атрымаем наступнае: найбольш паспяховыя з нашых "міс" — Вольгі (акрамя трох "Міс Беларусь", у гэты спіс можна ўключыць экс-дырэктара Нацыянальнай школы прыгажосці Вольгу Сярожнікаву, цяперашніх тэлевядучых Вольгу Курышка і Вольгу Багатырэвіч, лепшую сярод ВНУ СНД "Каралеву Вясну-2010" Вольгу Нікіфараву). А вось іншая статыстыка больш сумная. Калі з пераможцаў конкурсу прыгажосці цяпер толькі трое жывуць за межамі краіны, то беларускамі з дзяўчат, якія абралі кар'еру мадэлі прафесіяй, а не хобі, абсалютная большасць застаюцца толькі па пашпарце. Адмыслоўцы могуць запярэчыць: маўляў, прыгажуня і мадэль — зусім розныя рэчы. І яно, у прынцыпе, правільна, але да таго часу, пакуль прыгажунь у нас будуць выбіраць па дэфіле ў купальніках і па ўсё тых жа класічных параметрах 90—60—90, гэтыя словы будуць заставацца сінонімамі. А мы будзем з прыкрасцю канстатаваць: самыя прыгожыя дзяўчаты "былі нашы, сталі вашы". Чыста па-чалавечы і тым больш па-жаночы я вельмі ўсцешана і за "Супермадэль свету-2006" Кацю Даманькову, якая выйшла замуж за піцерскага бізнесмена, і за сённяшнюю амерыканку ўдзельніцу "Місіс свету-2008" Кацярыну Ганага, і за заўсёдніцу незлічонай колькасці паказаў у сталіцах сусветнай моды супермадэль Марыну Лінчук, і за многіх іншых беларусак, якія паспяхова рэалізаваліся ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Але з пункта гледжання грамадзяніна маленькай, але гордай краіны... Безумоўна, ніхто не заклікае з мэтай захавання генафонду ўвесці разнарадку на прыгажунь па рэгіёнах і забараніць ім выезд за межы Беларусі (хоць я не здзіўлюся, калі спецыялісты планавай эканомікі прапануюць і такі ход). Але ўсё ж, калі прыгожыя паненкі — і гэта прызнаюць замежнікі, у тым ліку кіраўнікі мадэльных агенцтваў і арганізатары шматлікіх конкурсаў — з'яўляюцца нашым багаццем і стратэгічным рэсурсам, то, мабыць, варта яго неяк берагчы і прымнажаць? — Сёння паспяхова супрацоўнічаюць з вядучымі агенцтвамі свету і робяць мадэльную кар'еру каля 20 нашых дзяўчат, сярод самых паспяховых адзначу Анабелу (Анастасія Белікава), Кацю Касушкіну, — распавядае кіраўнік Студыі моды Сяргей Нагорны. — Колькі іх усяго ў Беларусі, мне цяжка адказаць дакладна, але, паколькі ліцэнзіі на работу ў сферы мадэльнага бізнесу за мяжой маюць усяго некалькі агенцтваў, думаю, што агульная лічба не нашмат большая. Усім вядомы сталіцы сусветнай моды — Нью-Ёрк, Мілан, Парыж, Лондан, і Мінску, натуральна, да іх вельмі далёка, таму аб'ём работы і сумы ганарараў для мадэляў тут намнога меншыя. Як змяніць сітуацыю да лепшага? Хацелася б, каб у Беларусі з'явіліся не 3-4 сапраўды модныя і запатрабаваныя дызайнеры, а мноства; каб павялічыўся модны рынак глянцу, каб больш увагі да падзей у модным свеце праяўлялі СМІ. Калі ўсё гэта адбудзецца, то ў дзяўчат прыбавіцца працы і вырастуць ганарары, тады больш людзей будуць зацікаўлены застацца ў Беларусі. Пакуль жа дзейнічае стандартная схема: калі мадэль зробіць сабе імя ў ЗША ці Еўропе, то і на радзіме яе будуць ведаць і цаніць. Да ведама Конкурс прыгажосці "Міс Беларусь" ладзіцца з 1998 года. Сярод яго арганізатараў у свой час былі міністэрствы культуры і адукацыі, Мінгарвыканкам, Нацыянальная школа прыгажосці, Белтэлерадыёкампанія і БРСМ. З 2008 года конкурс арганізоўвае АНТ. Пачынаючы з 2004 года ў конкурсу з'явіўся сімвал — вырабленая з белага золата карона з 500 фіянітамі і тапазамі (пераходная ўзнагарода). Акрамя таго, пераможцаў у розныя гады заахвочвалі і больш значнымі прызамі: так, у 2010-м гэта было 50 мільёнаў беларускіх рублёў, у 2008-м — кватэра ў Мінску, у 2004-м — 5000 долараў. Хтосьці скажа, што гэта надта шыкоўна для маладзенькіх "даўганожак", якім і так у жыцці падфарціла са знешнасцю. Аднак перш чым зайздросціць, параўнайма: пераможцы конкурсу "Міс Расія-2012" Лізе Галаванавай дасталіся эксклюзіўная карона коштам 1 мільён долараў, прыз у 100 тысяч долараў і грант на навучанне ў любой ВНУ свету. P.S. Днямі адна з вопытных беларускіх мадэляў тэлевядучая Ірына Ханунік-Рамбальская выйграла міжнародны конкурс прыгажосці Mrs. Multiverse International. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раз на два гады ў Беларусі адбываецца ўсенародная забава — Нацыянальны конкурс прыгажосці "Міс Беларусь". Да вызначэння новай галоўнай беларускай прыгажуні яшчэ...
|
|