Нейрахірург Арнольд Смеяновіч: "Можна ўсё. Але ва ўсім павінна быць мера". 21.by

Нейрахірург Арнольд Смеяновіч: "Можна ўсё. Але ва ўсім павінна быць мера"

05.09.2012 14:30 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нейрахірург Арнольд Смеяновіч: "Можна ўсё. Але ва ўсім павінна быць мера"

           


Я прыйшла на інтэрв'ю, а яго тэрмінова выклікалі на аперацыю. "Хутка вярнуся!" — паабяцаў ён, выходзячы з кабінета, як быццам размова ішла не пра выдаленне пухліны галаўнога мозга, а пра банальны апендыцыт. Ён адсутнічаў каля гадзіны. Нарэшце з таго боку прыадчыненых дзвярэй пачуўся голас, які гаварыў камусьці: "Не хвалюйцеся, аперацыя ў вашай дачкі прайшла нармальна...".

Звычайныя словы, якія звычайна кажуць дактары знерваваным сваякам... Цудадзейныя словы, з якіх пачынаецца адлік новага жыцця. Яшчэ аднаго жыцця, адваяванага доктарам Арнольдам Смеяновічам. Гэта для калег ён — кіраўнік нейрахірургічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, заслужаны дзеяч навукі, акадэмік і прафесар. Для хворых жа, для іх родных і блізкіх ён — амаль што Бог, які валодае сакрэтамі быцця.
 
І вось гэты небажыхар просіць прабачэння (!) за затрымку, садзіцца ў крэсла насупраць і пытаецца: "Вам чаю ці кавы?". І падкладвае ў сподачак малінавае варэнне... Крыху збянтэжаная, кажу, што для мяне нейрахірургі і касманаўты — нешта роднаснае, бо і першым, і другім скараюцца найскладанейшыя зямныя працэсы і законы...
 
— Дык я ў дзяцінстве і марыў стаць лётчыкам, — усміхаецца Арнольд Фёдаравіч. — Мой бацька быў ваенным. Летам 41-га — мне не споўнілася яшчэ і 4-х гадоў — яго тэрмінова адазвалі ў Акадэмію імя Фрунзэ, дзе ён вучыўся, і накіравалі на фронт, у дэсантныя войскі. Адтуль ён ужо не вярнуўся. Мама расказвала, што, калі тата ад'язджаў з вёскі Пухавічы, дзе жыла наша сям'я, я доўга чапляўся за яго, не хацеў адпускаць... Зразумела, бацькавы гены зрабілі сваю справу: уласную будучыню я звязваў толькі з небам, марыў стаць ваенным лётчыкам... Але ж чалавек мяркуе, а Бог вырашае... Здарыўся няшчасны выпадак: я трапіў пад прычэп, мяне выратоўвалі ўрачы. Менавіта пасля гэтага пачуў ад сваёй бабулі: "Ты павінен стаць хірургам!". Спачатку я яшчэ сумняваўся, вагаўся, але ў 8-м класе, пасля таго, як надзеў акуляры, з марамі пра ваенную кар'еру давялося развітацца. У 1954-м паступіў у медыцынскі інстытут, у хірургію прыйшоў у 60-м, а ў нейрахірургію — у 63-м. І вось ужо 50 гадоў яна не адпускае мяне ад сябе. (Усміхаецца. — Аўт.)
 
— А дзе, Арнольд Фёдаравіч, спасцігалі прафесійныя "азы"?

— У пасёлку Дрыбін Магілёўскай вобласці. там патрэбен быў менавіта хірург. І я рвануў туды. Некаторыя мае аднакурснікі, каб замацавацца бліжэй да сталіцы, пайшлі працаваць санітарнымі ўрачамі, тэрапеўтамі, яшчэ кімсьці... Тады здавалася, што часова. Але, паплыўшы па цячэнні, яны так і не вярнуліся ў хірургію...
 
— Памятаеце сваю самую першую аперацыю?

— Гэта было яшчэ на 4 курсе, падчас практыкі, якую я праходзіў у Пухавічах — аперыраваў апендыцыт... Потым аперацый было шмат, самых розных... Справа ў тым, што кожны раз з надыходам вясны Дрыбін залівала і затапляла так, што ніякія машыны праехаць не маглі. Дабрацца туды і адтуль можна было толькі на самалёце. Таму ўсе цяжкія хірургічныя паталогіі — кесаравы сячэнні, матачныя крывацёкі, прабадныя язвы, завароты кішак, пераломы і г.д. — клаліся на раённых хірургаў. Аднойчы давялося нават аперыраваць мужчыну з нажавым раненнем сэрца... Праз тры гады, калі ўжо паступаў у аспірантуру да прафесара Злотніка, заснавальніка беларускай школы нейрахірургіі, ён спытаў: "А што ты ўмееш рабіць?". Я расказаў (не без гонару!), з чым даводзілася сутыкацца. Злотнік уважліва выслухаў і падвёў рысу: "Калі хочаш стаць нейрахірургам, трэба пра гэта забыць і пачаць усё спачатку"...
 
І я пачаў спачатку. Працаваў як пракляты, блытаючы дзень з ноччу... Пад кіраўніцтвам Злотніка напісаў дзве кандыдацкія дысертацыі і дзве доктарскія... Калі ў канцы 80-х ён ад'язджаў на пастаяннае месца жыхарства ў Ізраіль, прапанаваў мяне на сваю пасаду. Вось з 89-га я гэта месца і займаю — кірую нейрахірургічным аддзелам РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.
 
— Вы калі-небудзь спрабавалі падлічыць, колькі аперацый зрабілі за час працы?

— Магу сказаць толькі, што ў аперацыйным пакоі бываю кожны дзень. І кожны дзень раблю адну, а часам і дзве аперацыі... І так на працягу 50-ці гадоў, за выключэннем хіба што таго часу, калі вучыўся ў аспірантуры — тады аперыраваў менш.
 
— Што ў вашай працы самае складанае?

— Складанасці звязаны хутчэй не з працай як такой, а з непрадказальнасцю і каварствам злаякасных пухлін, з якімі даводзіцца мець справу. Ты яе выдаляеш, а дзесьці на адлегласці ўжо рыхтуюцца "стрэліць" метастазы... Ты ўсё робіш правільна, дзейнічаеш у адпаведнасці з тактыкай, з пратаколам — а пацыент памірае ад ускладненняў, выкліканых тым, што яго арганізм страціў здольнасць супраціўляцца нават нескладаным інфекцыям...
 
— Хвалюецеся перад аперацыяй?

— Не. Ёсць адчуванне адказнасці, максімальнай сабранасці. А "мурашкі" па спіне ўжо даўно не бегаюць. Ды і нельга хірургу паддавацца эмоцыям. Сёння налічваецца каля 200 разнавіднасцяў пухлін галаўнога мозга, і кожная можа паднесці "сюрпрыз". Часта рашэнні даводзіцца прымаць непасрэдна падчас аперацыі. А пачнеш хвалявацца — не зробіш тое, што павінен зрабіць. Недарэмна ж адзін з самых высокіх узроўняў "прафесійнай" смяротнасці — у хірургаў, а сярод хірургаў — у кардыя- і нейрахірургаў. Пры гэтым сёння перасадзіць сэрца значна прасцей, чым выдаліць мазгавую пухліну.

Сардэчныя сасуды можна сшыць — і, лічы, няма праблем. А мозг ніхто ніколі не перасадзіць і не прышые. Такое ў прынцыпе немагчыма, таму што мозг — гэта "квінтэсенцыя" чалавека, яго сутнасць, тое, што ён ёсць. А замяніць тваю "сутнасць" на "сутнасць", умоўна кажучы, Іванова ці Пятрова — каму гэта патрэбна?.. Ды і з медыцынскага пункту гледжання — калі прайсціся лязом па спінным мозгу, ён ужо не зрасцецца нармальна, а значыць, у чалавека не будуць функцыянаваць рукі, ногі...
 
— А што ўяўляе сабой чалавечы мозг, так бы мовіць, візуальна?

— Нічога цікавага... Вонкава ён падобны на ядро грэцкага арэха, толькі большы па памерах. Па кансістэнцыі нагадвае густое бульбяное пюрэ шараватага колеру...
 
— Ці адрозніваюцца адзін ад аднаго мозг генія і мозг, скажам так, сярэднестатыстычнага чалавека?

— На вялікі жаль, па выглядзе і іншых параметрах мозга ніколі не вызначыш, кім быў яго "ўладальнік" — разумным ці дурнем... Дарэчы, мозг пры жыцці чалавека не выкарыстоўваецца на 100 працэнтаў. Адсякаеш, дапусцім, лобную долю ці іншы яго ўчастак, а чалавек працягвае жыць нармальным жыццём, бо праз некаторы час функцыі мозга аднаўляюцца, адбываецца яго "пераарыентацыя", здаровыя ўчасткі бяруць на сябе дадатковую нагрузку, прыстасоўваюцца да яе. І чалавек цалкам вяртаецца "ў строй".
 
— Сёння беларускія нейрахірургі могуць зрабіць любую з тых аперацый, якія практыкуюць у свеце?

— Доўгі час наша мікрахірургія адставала ад, скажам, заходняй, таму што мы не былі тэхнічна ўзброенымі ў такой ступені, як нашы калегі за мяжой. У іх даўно існуюць стандарты для кожнай аперацыі: каб тую ці іншую выканаць, неабходны дакладны пералік пэўных медпрэпаратаў, прыстасаванняў, інструментаў і г.д. Мы ж доўгі час працавалі па прынцыпе: бедны на прыдумку мастак. Калі чагосьці не хапала — замянялі іншым, прыстасоўваліся... Сёння тэхнічнае ўзбраенне нашых, беларускіх, нейрахірургаў дазваляе зрабіць абсалютна ўсё, што робіцца ў сусветнай нейрахірургіі. Я добра знаёмы з вынікамі працы калег з Масквы, Кіева, Санкт-Пецярбурга... Мы ў гэтым шэрагу выглядаем годна. У верасні наш Цэнтр павінен пераехаць у новы будынак, аснашчаны самай сучаснай апаратурай, якой па магутнасці няма аналагаў у краіне. Шэраг аперацый на галаўным мозгу сёння ўжо выконваюцца без ускрыцця чэрапа — праз сцегнавую артэрыю, з дапамогай спецыяльнага катэтара. Каштуе апошні, дарэчы, каля 800 долараў. Столькі ж каштуе і адна "кліпса" — маленькая спіралька, з дапамогай якой "закрываюцца" паталагічныя сасуды мозгу. А такіх спіралек падчас аперацыі можа спатрэбіцца не адна і не дзве... Нейрахірургія ўвогуле вельмі дарагое задавальненне.
 
— Але ж вынік апраўдвае сродкі...

— Вынік у нашай працы залежыць не толькі ад тэхнічнай узброенасці. На яго моцна ўплывае і асабовы фактар: вопыт і веды ўрача-нейрахірурга, яго жаданне вучыцца, практыкавацца, павышаць сваё майстэрства. У свой час, калі аперыраваў прафесар Злотнік, мы, маладыя, стаялі побач і назіралі за кожным яго рухам, ацэньвалі, параўноўвалі з тым, як бы гэта зрабілі мы... У моладзі, якая сёння прыходзіць у нейрахірургію, я такое імкненне, на жаль, не часта бачу — толькі ў дваіх-траіх з дзесяці. А калі вока "не гарыць", калі няма гэтай унутранай патрэбы да пастаяннага самаўдасканальвання — таленавітага нейрахірурга з цябе не атрымаецца. Так, рамеснік... Але гэта ўласціва не толькі нашай прафесіі. Добры спецыяліст — заўсёды "штучны тавар".
 
— Напэўна, добрыя кадры трэба заахвочваць матэрыяльна, інакш разбягуцца...

— Абсалютна згодны. Раней у нас было толькі дзве медыцынскія ВНУ, але спецыялістаў хапала. Цяпер іх ужо чатыры, а з урачамі, з сярэднім медперсаналам — напружанне. Калі медыкі не будуць атрымліваць належны заробак, у хуткім часе мы — уся сістэма аховы здароўя — атрымаем кадравую "яму", і выправіць гэтую сітуацыю будзе вельмі цяжка.
 
— А вас ваша зарплата задавальняе?

— Скажу толькі, што яна ў некалькі разоў ніжэйшая за заробак маіх калег у Расіі, якія маюць аналагічную нагрузку.
 
— Не было спакусы паспрабаваць свае сілы ў якой-небудзь з заходніх клінік?

— З'язджаць назаўсёды не хацеў ніколі. А вось паглядзець, як і што робяць у іх, у маладым узросце вельмі хацелася. Але мы такую магчымасць атрымалі толькі пасля распаду Савецкага Саюза... Ну што казаць? Там, напрыклад, калі ўрачу падчас аперацыі тэрмінова спатрэбіцца той ці іншы прэпарат, ён проста націскае кнопку — і ўсё неабходнае зараз жа "прыязджае" на спецыяльным эскалатары... Галоўнае нават не ў тым, што прэпараты хутка трапляюць у аперацыйную, а ў тым, што яны заўсёды ёсць, прычым, у неабходнай колькасці... Але і мы пакрысе даганяем заходнія клінікі, прынамсі, такога вялікага "разрыву", які быў раней, сёння няма... Не палічыце гэта за гучныя словы, але мне цікава працаваць і быць запатрабаваным менавіта на радзіме, нягледзячы на ўсе нашы цяжкасці. Ведаю многіх з тых, хто "з'ехаў". У нас яны былі сапраўднымі аўтарытэтамі, прафесіяналамі, паважанымі людзьмі. Там... З адным з іх я потым размаўляў некалькі разоў па тэлефоне — ён у Амерыцы жыве. Кажа: "У мяне тут адзіны сябар — сабака..." Я лічу, што чалавек павінен жыць і працаваць там, дзе яго карані. Вырві гэтыя карані — ён засохне і сканае.
 
— З чаго пачынаецца ваш працоўны дзень?

— Ён пачынаецца з "пяціхвілінкі" — у 8.30 у мяне збіраюцца ўрачы, дакладаюць пра стан хворых. Разбіраем аперацыі, якія былі зроблены напярэдадні, вырашаем арганізацыйныя пытанні — каго куды пакласці ці перавесці, прызначаем наступныя аперацыі, раімся наконт складаных выпадкаў...
 
— Вы — аўтарытарны кіраўнік? Падначаленыя вас баяцца?

— Кажуць, што баяцца, але, спадзяюся, не вельмі моцна. (Смяецца. Аўт.) Я не лічу, што маё меркаванне — адзінае правільнае, імкнуся прыслухоўвацца да іншых, і калі бачу там рацыянальнае зерне, заўсёды іду насустрач. І сваё ўласнае рашэнне магу памяняць. Трэба ж зыходзіць не з уласных амбіцый, а з таго, што прынясе большую карысць.
 
— А каго вы можаце звольніць без шкадавання?

— Без шкадавання нікога не звальняю — усіх шкада. Але не магу працаваць побач з тымі, хто працаваць не хоча, хто робіць гэта нібыта з-пад палкі... Не пераношу, калі хлусяць, калі не выконваюць свае абавязкі...
 
— Ці парушалі вы калі-небудзь клятву Гіпакрата?

— Вы маеце на ўвазе, ці адмовіў я каму-небудзь у дапамозе? Каля майго кабінета ўвесь час сядзяць людзі — і тыя, каго сюды накіроўваюць, і тыя, хто прыязджае сам, без накіравання — бо ім здаецца, што тут "зробяць лепш". Але ж мы не ў стане прааперыраваць хворых з усёй рэспублікі — даводзіцца тлумачыць, што ёсць іншыя клінікі, іншыя спецыялісты, і не толькі на ўзроўні рэспублікі, але і на ўзроўні абласцей. Але калі бачу, што мая дапамога сапраўды неабходная — адмовіць не магу.
 
— Як адпачываеце, здымаеце стрэс?

— Люблю сустракацца з сябрамі, з блізкімі людзьмі — цяпер для гэтага з'явілася крыху больш часу. Сядзець ля тэлевізара — гэта не для мяне. Я ўсім кажу: пакуль ногі ёсць, трэба хадзіць, рухацца... А заляглі на канапу — лічы, пачалі паміраць.
 
— Серыялы пра ўрачоў таксама не глядзіце? "Доктар Хаўс", напрыклад, ці "Інтэрны"?

— Спрабаваў глядзець, але не вытрымаў. Там занадта шмат надуманага, у жыцці ўсё не так.
 
— Ці ёсць у вас шкодныя звычкі?

— Курыць не куру — так, забаўляюся часам у кампаніі, але гэта несур'ёзна.
 
— А як наконт моцных напояў?

— Ну, як без гэтага? Асабліва калі ёсць добрая нагода і кампанія блізкіх людзей. Галоўнае — кіраваць "працэсам", не злоўжываць, ведаць меру.
 
— Вы сваю ведаеце?

— Ведаю. Хоць мая жонка часам сцвярджае адваротнае. (Смяецца.Аўт.)
 
— Хто падтрымлівае вас у жыцці?

— Мая сям'я, безумоўна, — жонка, сын і дачка, унукі. Вельмі важна, калі ў чалавека ёсць надзейны "тыл". Не ведаю, ці стаў бы я тым, кім стаў, калі б у свой час жонка — таксама выдатны ўрач — не ўзяла на сябе асноўную частку клопатаў па доме, па выхаванні дзяцей... Я вельмі ўдзячны ёй за гэта. Мы ўжо больш за паўстагоддзя разам.
 
— Як лічыце, Арнольд Фёдаравіч, ці можна купіць здароўе за грошы?

— Ніколі вы за грошы здароўе не купіце. Яго трэба берагчы, трэба сачыць за ім... Купіць можна хіба што больш сучасныя лекі, але гэта не азначае, што яны вернуць здароўе.
 
— Што трэба рабіць, каб захаваць светлы розум да глыбокай старасці?

— А гэта ўжо як Бог дасць — дакладных правілаў тут няма. Аскетызм, адмова ад усіх зямных радасцяў не гарантуюць доўгае жыццё і наяўнасць цвярозага розуму ў старасці. Я сказаў бы так: усё можна, але, зноў жа, ва ўсім павінна быць мера. Калі ў мяне павышаецца ўзровень халестэрыну, на нейкі час перастаю есці тлустае і смажанае. Але жорсткімі дыетамі ніколі сябе не мучыў.
 
— Калі б можна было пачаць усё спачатку, вы пайшлі б па тым жа шляху?

— Я і сам неаднойчы задаваў сабе гэта пытанне. Адказ быў наступным: я не ўяўляю сябе па-за межамі нейрахірургіі.
 
— Шчаслівы чалавек — гэта...

— Ніякай Амерыкі я тут не адкрыю. Па-першае, гэта здаровы чалавек. Ну а далей... Шчаслівы той, у каго склалася сямейнае жыццё. Той, хто не "праз пень-калоду" жыў, а ставіў перад сабою мэты і дасягаў іх. Той, у каго ўсюды парадак — у доме, на працы, у душы... Гэтага не так проста дасягнуць.
 
— Вы здолелі?

— У мяне, дзякуй Богу, усё склалася.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"На вялікі жаль, па выглядзе і іншых параметрах мозга ніколі не вызначыш, кім быў яго "ўладальнік" - разумным ці дурнем... Дарэчы, мозг пры жыцці чалавека не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика