Валянціна Хаданёнак: галоўная медыцынская сястра Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы
14.06.2019
—
Новости Здоровья
|
З гэтым згодны і галоўны ўрач Шаркаўшчынскай ЦРБ Станіслаў Тадэвушавіч Стома, асабліва калі размова ідзе пра галоўную медыцынскую сястру нашай цэнтральнай раённай бальніцы Валянціну Уладзіміраўну Хаданёнак. 35 год назад гэта абаяльная і прыгожая, а ў той час яшчэ зусім маладая 18-гадовая дзяўчына прыйшла на сваё першае працоўнае месца, каб больш не шукаць для сябе іншых дарог. -Работу медыцынскай сястры нельга назваць лёгкай,-адзначае Валянціна Уладзіміраўна, – Асабліва ў такім невялікім гарадку як наш, калі ведаеш кожнага чалавека і не можаш раўнадушна аднесціся да яго лёсу. І ўсё ж у іншай прафесіі я сябе не бачу і не ўяўляю. Ні на хвіліну не пашкадавала аб тым, што, закончыўшы з адзнакай Полацкае медыцынскае вучылішча, прыехала працаваць у Шаркаўшчынскую ЦРБ. Сёння Валянціна Хаданёнак, медыцынская сястра вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, можа з лёгкасцю расказаць пра спецыфіку работы практычна ў любым аддзяленні бальніцы – многае давялося паспытаць на сабе. У 1984 годзе яе працоўны шлях пачаўся ў тэрапеўтычным аддзяленні нашай цэнтральнай раённай бальніцы. А ўжо праз месяц ініцыятыўную і перспектыўную медыцынскую сястру заўважылі і назначылі выконваць абавязкі старшай медыцынскай сястры ў тэрапіі, на гэтай пасадзе жанчына адпрацавала наступныя 19 год. А ў 2003 годзе атрымала павышэнне — стала галоўнай медыцынскай сястрой установы аховы здароўя раёна і працуе на гэтай пасадзе па сённяшні дзень. Працоўны дзень для мяне праходзіць так хутка, што не паспяваю і заўважыць,- з усмешкай адзначае мая суразмоўца. І разам з тым гэта жанчына з такой цеплынёй расказвае пра асаблівасці і нюансы сваёй няпростай прафесіі, што адразу становіцца зразумела: за мінулыя 35 год работа не стала руцінай, а наадварот, дадала вопыту, многае дала і ў разуменні самой прафесіі. Калектыў Шаркаўшчынскай ЦРБ, на сённяшні дзнь, налічвае звыш 380 чалавек. 163 з іх – прадстаўнікі сярэдняга медыцынскага персаналу (медыцынскія сёстры, фельчары, фельчары-лабаранты). Валянціна Уладзіміраўна арганізуе работу сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу, займаецца пытаннямі арганізацыі іх працы і павышэння кваліфікацыі, ажыццяўляе кантроль за работай медыцынскіх сясцёр, фельчараў, акушэраў. А некалькі гадоў назад ініцыятыўная і вопытная галоўная медсястра з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, якая ўзначальвае прафсаюзны камітэт райбальніцы на працягу ўжо 10 год, заваявала перамогу ў абласным конкурсе медыкаў сярод кіраўнікоў сярэдняга звяна у Віцебскай вобласці. Пад кіраўніцтвам Валянціны Уладзіміраўны ў Шаркаўшчынскай ЦРБ створана моцная прафсаюзная арганізацыя, якая неаднаразова ўваходзіла ў лік пераможцаў розных конкурсаў. У гераіні гэтага матэрыялу ўжо двое дарослых дзяцей і маленькая ўнучка Аліса, якая з ранняга дзяцінства цікавіцца медыцынай і нават марыць стаць стаматолагам. А няйздзейсненую мару Валянціны Уладзіміраўны стаць урачом рэалізуе яе дачка Дар’я – будучы ўрач-педыятр,якая ўжо ў наступным годзе атрымае дыплом аб вышэйшай медыцынскай адукацыі і прыедзе на працу ў Шаркаўшчынскую цэнтральную раённую бальніцу. Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ. |
|