У гарадскім пасёлку адкрыўся магазін «Оптыка-медтэхніка»
28.06.2019
—
Новости Здоровья
|
Да нядаўняга часу ў памяшканні гасцініцы гарадскога пасёлка працаваў магазін, дзе прадавалася оптыка, іншае медыцынскае абсталяванне. Па аб’ектыўных прычынах гандлёвая ўстанова была закрыта. Тым не менш, улічваючы той факт, што вышэйпералічаныя тавары карыстаюцца шырокім попытам у насельніцтва, унітарным прадпрыемствам “Фіятас” г. Мінск было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Шаркаўшчыне сваёй гандлёвай кропкі. Андрэй Опет займае пасаду намесніка дырэктара прадпрыемства “Гамафіятас”, якое з’яўляецца даччынным УП “Фіятас”. Ён растлумачыў, што іх фірма больш дзесяці год працуе на рынку Беларусі. На сённяшні дзень гэта адзін з вядучых айчынных вытворцаў шоўнага хірургічнага матэрыяла і хірургічных сетак. Сваю прадукцыю фірма пастаўляе ва ўстановы аховы здароўя нашай краіны, Расійскай Федэрацыі, Украіны, Малдовы. Працуюць яны таксама і па вытворчасці оптыкі, праводзяць для насельніцтва прафесійныя кансультацыі. У магазіне, які мае назву “Оптыка-медтэхніка”, для патрэб пакупнікоў у продажы маюцца не толькі акуляры, але і танометры, інгалятары, бандажныя поясы, павязкі, іншыя медыцынскія тавары. У дзень адкрыцця гандлёвай установы, 22 чэрвеня, сюды завітала мноства шаркаўчан. Адны цікавіліся тым, што маецца ў продажы, другія ішлі за кансультацыямі, іншыя набывалі патрэбны тавар. Дарэчы, тут праводзіўся розыгрыш падарачных сертыфікатаў сярод першых пакупнікоў коштам па 50 рублёў, зніжкі да 30 %. УП “Фіятас” валодае аналагічнымі магазінамі ў Мінску. З сёлетняга года яны адкрыты ў Магілёве, Гомелі. З цягам часу гандлёвая сетка пашыраецца, тавары карыстаюцца шырокім папытам у насельніцтва і кошт на іх даступны. |
|