Пілі, збівалі, кралі…
07.04.2010
—
ЧП
|
У раённым судзе вынесеныя прыгаворы двум маладым жыхарам вёскі Залессе, якія на вуліцы Гагарына ў райцэнтры жорстка збілі свайго знаёмага, а пасля ўкралі аўтамагнітолу з прыватнага аўтамабіля. Яшчэ двое маладых людзей, жыхары Залесся і Смаргоні, у гэтым жа судовым працэсе асуджаныя за крадзеж і грабеж. Усе абвінавачаныя былі знаёмыя паміж сабой. Іх звязвала адно - прага да гарэлкі.
Неаднаразова судзімы 19-гадовы Аляксандр А. паўдзельнічаў ва ўсіх чатырох злачынствах, мяняючы сваіх напарнікаў. Адпаведна і тэрмін зняволення ён атрымаў самы вялікі - сем гадоў калоніі. Паводле праведзенага расследавання, 19 кастрычніка 2009 года каля адной гадзіны ночы Аляксандр і яго 20-гадовы знаёмы Сяргей Д. каля дома №8 на вуліцы Гагарына рукамі і нагамі нанеслі не менш за 40 удараў па галаве і целе маладога мужчыны, пасля чаго, як непатрэбную рэч, кінулі яго пад балкон дома ў кусты. І нападальнікі, і іх ахвяра былі п'яныя. Пацярпелага знайшлі работнікі міліцыі, якія патрулявалі горад. Паводле іх слоў, яны ведаюць яго як неканфліктнага, спакойнага, ціхага п'яніцу, які нікому не робіць ніякай шкоды. Раней судзімыя Аляксандр і Сяргей адказалі перад законам па артыкуле Крымінальнага кодэкса “Наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў з мучэннямі і катаваннямі групай асоб”. Сяргей атрымаў шэсць гадоў зняволення. Той самай ноччу пасля збівання чалавека хлопцы на прыватным падворку залезлі ў аўтамабіль “Аўдзі-80”, дзе выдралі аўтамагнітолу. Прайшло толькі два тыдні, і Аляксандр пайшоў на новае злачынства. На гэты раз сабе ў напарнікі ён узяў 19-гадовага Марата А. Хлопцы разам выпівалі ў кватэры знаёмых аднаго з дамоў на вуліцы Гагарына. Пасля п'янкі яны зайшлі ў суседнюю кватэру, якая была незамкнёная. П'яны гаспадар спаў. Нязваныя госці вынеслі мабільны тэлефон і світэр. Мабільнік коштам 56 тысяч рублёў пасля прадалі за 10 тысяч на чыгуначным вакзале ў Маладзечне. Прыгавор Марату - 1 год абмежавання свабоды. Апошнім у крымінальных прыгодах Аляксандра стаў налёт на магазін “Паланэз” у Залессі. Здзейсніў ён яго разам з 27-гадовым Віктарам М., адзіным чалавекам з гэтай чацвёркі, які раней не быў судзімы. Адцягнуўшы ўвагу прадаўшчыцы, грабежнікі вынеслі з магазіна тры бутэлькі гарэлкі, 300 грамаў кілбасы, тры пачкі цыгарэт і карабок запалак. Віктару такая п'янка абышлася ў два гады абмежавання волі. Абвінавачаныя абскардзілі прыгавор. На момант здачы матэрыялу ў друк ён не ўступіў у законную сілу. Сяргей БОЛАНДЗЬ, следчы пракуратуры Смаргонскага раёна. Сяргей АЛЯШКЕВІЧ, пракурор аддзела па наглядзе за расследаваннем органаў пракуратуры Гродзенскай вобласці. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У раённым судзе вынесеныя прыгаворы двум маладым жыхарам вёскі Залессе, якія на вуліцы Гагарына ў райцэнтры жорстка збілі свайго знаёмага, а пасля ўкралі аўтамагнітолу з прыватнага аўтамабіля.
|
|