Укралі матацыкл... праз гарышча. 21.by

Укралі матацыкл... праз гарышча

26.05.2010 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Высокі ўзровень вынаходлівасці прадэманстравалі двое маладых людзей з Навагрудскага раёна, ды толькі не ў добрай справе, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Спачатку ў сферу інтарэсаў крымінальнага дуэта трапіла адрына ў вёсцы Налібокі. Пад покрывам ночы зламыснікі прабраліся туды праз незачыненае гарышча і паклалі вока на матацыкл "ІЖ Планета-3". Прычым аб'ёмны транспартны сродак вынеслі тым жа маршрутам. А праз некалькі тыдняў хлопцы не спужаліся ведамаснага вартаўніка і на тэрыторыі СВК "Уселюб" адшукалі адтуліну ў сцяне аднаго з гаражоў. На гэты раз іх здабычай стала акумулятарная батарэя коштам амаль 700 тысяч рублёў. Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку ўстаноўлена, што яны маюць дачыненне і да іншых злачынстваў маёмаснага характару. Заведзена крымінальная справа.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 

"Казачніца" з лазні

Малюючы грандыёзныя планы на будучыню, таваразнаўца лазні, 29-гадовая жыхарка гарадскога пасёлка Красная Слабада Салігорскага раёна, пад іх ажыццяўленне назбірала грошай, якія не вярнула.

Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама, на словы падазронай, якая прасіла грошы пад развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці і набыццё тавару, "купіліся" трое пацярпелых — двое з Салігорска і непрацуючы жыхар вёскі Жабін. Так, жыхарка Салігорска на такую высакародную справу ахвяравала "казачніцы" 1000 долараў ЗША і 3,6 мільёна рублёў, вясковец — 2550 долараў ЗША і 2000 еўра, а яшчэ адзін салігарчанін — 600 долараў. У дачыненні да падазронай заведзена крымінальная справа, яна затрыманая.

Ігар ГРЫШЫН.

 

Пагрэўся...

У бальніцу проста з пашы трапіў пастух КСУП "Страдубка", што ў Лоеўскім раёне. 44-гадовы мужчына заснуў каля вогнішча і не адразу адчуў, што полымя ліжа яго цела. Медыкі зафіксавалі апёкі ягадзіц, спіны, пляча і рукі. Яны ж канстатавалі стан алкагольнага ап'янення, у якім грамадзяніна прывезлі ў бальніцу, паведамілі ў прэс-службе Гомельскага абласнога МНС.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

 

Піва... гарэла

Фура з півам, якая належыць калінінградскай фірме, гарэла на дарозе Мінск — Віцебск ля вёскі Старое Лядна Лепельскага раёна.

Як паведаміла "Звяздзе" прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Марына Фандо, калі пажарныя прыбылі на месца здарэння, гарэў задні паўпрычэп аўтамабіля "Вольва". Агонь хутка патушылі, але ён паспеў знішчыць 150 бутэлек піва. Агульная страта — 4 мільёны рублёў. Магчымая прычына пажару — няспраўнасць тармазной сістэмы аўтамабіля. Пажарныя выратавалі матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 30 мільёнаў рублёў (паўпрычэп і астатні груз).

У бабулі скралі... лодку

71-гадовая бабуля, жыхарка Мёрскага раёна, паскардзілася ў міліцыю на тое, што нехта з берага возера скраў металічную лодку, якая належыць яе сям'і. Выявілася, што лодку скраў аднавясковец. У дачыненні да 19-гадовага беспрацоўнага заведзена крымінальная справа. Лодку вярнулі гаспадыні.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Жонка перадачы не дачакалася

У Баранавічы з Драгічынскага раёна прыехаў мужчына, каб наведаць жонку, якая знаходзіцца ў следчым ізалятары № 6.

Чалавек прыехаў не з пустымі рукамі, а прывёз перадачу: 3 кг сала, 50 пачак цыгарэт, згушчонку... Але ў гэты дзень у ізалятары перадачы не прымаліся, і мужчына пайшоў прагуляцца па горадзе. Непадалёку ад ізалятара ён зайшоў у краму і купіў выпіўку. Тут да мужчыны падышлі незнаёмыя і прапанавалі выпіць разам. Ніхто не быў супраць, і кампанія пайшла да лесапасадкі. Відаць, драгічынскі наведвальнік пацягнуў добра, бо неўзабаве заснуў, а калі прачнуўся, то ўбачыў, што застаўся без сумкі з прадуктамі і адзеннем для жонкі, без мабільніка і грошай. І тады небарака падаўся ў міліцыю.

Зарабіў?

Жыхар вёскі Макраны (Маларыцкі раён) пасварыўся з жонкай і з гэтай прычыны добра выпіў.

Затым ён пайшоў да бацькоў у госці, але па дарозе сустрэў незнаёмых, якія прапанавалі яму крыху падзарабіць. Пакуль незнаёмыя перагружалі кантрабанду, мужчына сачыў за наваколлем. Калі ж наскочылі памежнікі з міліцыяй, то засталі толькі п'янага пры тавары.

Гэта версія затрыманага. Праводзіцца праверка.

Сымон Свістуновіч.

Застаўся без працы з-за каровы

Брыгадзір аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Століншчыны вырашыў здаць сваю карову на мясакамбінат. У той жа час здавалі і калгасных кароў. Вось і не мінуў спакусы кіраўнік брыгады: сваю карову аформіў як калгасную, і — наадварот. Сутнасць у тым, што грамадская рагуля заважыла ледзь не ўдвая больш за брыгадзіраву. Таму і "навар" склаў 1,3 млн рублёў. Але падман хутка выкрылі. І застаўся брыгадзір без працы, грошы вярнуў, акрамя таго, заплаціў два мільёны рублёў штрафу.

Пагасцявала...

Жыхарка Турыйскага раёна Валынскай вобласці Украіны была ў гасцях у Брэсце. У двары дома па вуліцы Арлоўскай 54-гадовая жанчына прысела на лаўку, куртку паклала побач. Нешта адцягнула яе ўвагу, а злодзею хапіла хвіліны, каб абчысціць кішэні. З курткі прапалі 100 долараў, невялікія сумы ў грыўнях і беларускіх рублях. Але зладзейку затрымалі, ёю аказалася равесніца госці, жыхарка Брэста.

Яна СВЕТАВА.

Канал пастаўкі амфетаміну перакрыты

У Гомелі перакрыты канал пастаўкі псіхатропнага рэчыва. Затрымана буйнейшая за апошнія гады партыя наркотыку — больш за паўкілаграма.

Супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролю УУС Гомельскага аблвыканкама на працягу двух месяцаў вывучалі шляхі, па якіх прывабнае для некаторых сінтэтычнае рэчыва трапляла ў абласны цэнтр. Высветлілася, што з Санкт-Пецярбурга амфетамін аптовымі партыямі прывозіў 26-гадовы гамяльчанін. Дома рэчыва высокай ачысткі ён разбаўляў і дзяліў на невялікія партыі. На ўскраіне Гомеля мужчына абсталяваў наркатайнік, клапаціўся пра тое, каб рэчыва, якое мае моцны спецыфічны пах, не ўнюхалі сабакі — вазіў і захоўваў наркотык у пакунках з-пад кавы. Наркакур'ера ўзялі пры продажы 80 грамаў атруты. Пасля затрымання малады чалавек паказаў і "схрон" у лесе. У ім знаходзіліся два пакункі з 11 скруткамі, дзе быў фасаваны парашок — усяго 500 грамаў. Па ацэнках спецыялістаў, гэтай колькасці дастаткова для прыгатавання 6 тысяч дозаў. Пры рэалізацыі ўсёй партыі спажыўцам спецыфічнага тавару яе вартасць магла дасягнуць 40 тысяч долараў. Як расказаў начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гомельскага аблвыканкама Юрый Маркевіч, пад затрыманым працавала сетка дылераў.

Наркагандляра чакае сур'ёзны турэмны тэрмін — да 13 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер праваахоўнікі ўстанаўліваюць кола асобаў, якія займаліся злачыннай дзейнасцю па распаўсюджванні амфетаміну. Дарэчы, гэты наркотык выклікае вострую сардэчную недастатковасць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Кішэнніка злавілі за руку

Удалую "вылазку" амаль што ўдалося ажыццявіць 28-гадоваму зладзюжку, які знаходзіўся ў аўтобусе сотага сталічнага маршруту: у 25-гадовай пасажыркі ён ціхенька выцягнуў кашалёк з прыстойнай сумай — 660 тысяч беларускіх рублёў, 105 еўра і 5 долараў.

Пацярпелая, між іншым, паводле звестак прэс-афіцэра Цэнтральнага РУУС Кацярыны Лісоўскай, нават не адчула, як страціла сваё багацце. Пра крадзеж яна даведалася ад супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымалі зладзюжку на месцы ўчынення злачынства і вярнулі ёй кашалёк з грашыма. Як выявілася, на кішэнным крадзяжы папаўся 28-гадовы мінчанін, які мае непагашаную судзімасць за крадзеж.

Ігар ГРЫШЫН.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Высокі ўзровень вынаходлівасці прадэманстравалі двое маладых людзей з Навагрудскага раёна, ды толькі не ў добрай справе, паведамляе аддзяленне інфармацыі і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика