«Вось цяпер будзем адкрываць чэрап твайго сына, паглядзіш на яго мазгі... Ты сама гэтага хацела...». 21.by

«Вось цяпер будзем адкрываць чэрап твайго сына, паглядзіш на яго мазгі... Ты сама гэтага хацела...»

17.12.2010 14:41 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У «Народную волю» прыйшла жанчына, каб расказаць як яе сына забіў сваяк міліцыянта і як яна шукала праўды.

Гэтую гісторыю я хачу расказаць усім тым, хто ў нас у Беларусі надта абураецца тым, што здарылася ў станіцы Кушчаўскай. Ужо не раз чула: «Гэта ж трэба што робіцца ў Расіі — і ўлада не звяртала ўвагі, і пракуратура бяздзейнічала, і міліцыя пакрывала! А вось у нас...»

Проста блюзнерства — спрачацца з тым, што тое, што адбылося на Кубані страшна і ненармальна. Але ў нас такія Кушчаўскія таксама ёсць. Толькі няма тэлеканала, на якім падымуць шум, шчыра раскажуць пра ўсё, заклічуць уладу да адказу, будуць патрабаваць пакараць усіх вінаватых — і тых, хто тварыў крымінал, і тых, хто яго пакрываў. У гэтым сэнсе ў нас сапраўды ціха...

Можна ўспомніць хоць бы банду Марозава з Гомеля. Можа быць, губернатара Якабсона адхілілі ад пасады за тое, што ён кіраваў спачатку горадам, а потым — вобласцю і ні вухам не чуў пра больш чым 30 нераскрытых забойстваў, пра ахвяраў, якіх спачатку катавалі, а потым скідвалі ў Сож? Або галоўнага следчага Гомельшчыны, а пазней і краіны Леаніда Глухоўскага пакаралі, бо ён добрасумленна «не ведаў» пра тое, што адбываецца, не бачыў паміж здарэннямі сувязі і адзінага почырку?

Не, не пакаралі. Наадварот, наблізілі да найвышэйшай улады. Хоць і горшыя, чым у Кушчаўскай, у Гомелі справы рабіліся.

Аднак я ўсё-ткі хачу расказаць не пра гомельскую справу, хай і з агаворкамі, але даведзеную да суду хоць бы тады, калі лідары банды настолькі абнахабіліся ад усёдазволенасці, што ў самым цэнтры горада, побач з уладай, пабудавалі сабе шыкоўныя хаты і рабілі ўсё, што хацелі. Я хачу расказаць зусім свежую, сённяшнюю гісторыю.

Днямі да нас у рэдакцыю прыйшла маленькая стомленая жанчына і, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы, папрасіла: «Дапамажыце дамагчыся, каб пакаралі забойцу майго сына». Дрыготкімі рукамі яна дастала з сумкі фатаграфіі прыгожага і жыццярадаснага маладога мужчыны — сына, доўга выплаканымі вачыма на іх глядзела і пачала гаварыць.

...Лета. Спякота. На беразе неглыбокага штучнага вадаёма, у якім нават дзеці купаюцца без асцярогі, адпачываюць і стары і малы, і свае, і прыезджыя. Як водзіцца, дарослыя кампаніі выпіваюць. Раптам паміж двума мужчынамі завязваецца сварка, якая пераходзіць у бойку. У канфлікт, каб заступіцца за аднавяскоўца, умешваецца сын маёй суразмоўніцы. Вынік — у вёсцы два пахаванні, дзве свежыя магілы на сельскіх могілках. Бо па дзіўным збегу акалічнасцяў «вясковыя» пасля сустрэчы з заезджымі адпачывальнікамі дружна патанулі ў мясцовай «лужыне».

Ніхто ніколі ў гэтым дробным вадаёме не тануў, а тут у адзін дзень пайшлі на дно двое маладых здаровых мужыкоў, 20 і 30 гадоў. І гэта першае, што выклікае здзіўленне.

Другая дэталь. Калі адзін з мясцовых жыхароў ірвануў на шум да месца здарэння, то ўбачыў, як адзін з прыезджых скідае ў ваду хлопца. З крыкам: «Што ж ты робіш?» — кінуўся ратаваць. Але... Уявіце яго жах, калі ён вылавіў з вадаёма труп яшчэ аднаго, зусім іншага чалавека.

Выцягнуў на бераг, пачаў адкачваць. І з усіх адтулін — праз рот, вушы, нос — палілася не вада, як гэта бывае ў тапельцаў, а кроў.

Крыху пазней вылавілі і другі труп.

Прыезджыя самі тэлефанавалі ў міліцыю, самі з кімсьці размаўлялі па тэлефоне, нешта тлумачылі прыбылым людзям у форме. І... паехалі.

Маці, якая прыбегла на месца здарэння, з падзеяў таго жудаснага дня вельмі ярка чамусьці запомніла задыханага, спатнелага, з выгляду — відавочна «выдранага» з-за стала чалавека, які клапатліва адпраўляў назад у райцэнтр «хуткую», што таксама прыехала на выклік. «Я, як у запаволенай здымцы, да гэтага часу бачу гэтую карціну і цяпер разумею, што ён проста не даваў дактарам нармальна агледзець трупы», — кажа жанчына.

А глядзець было на што: на тапельцах былі відавочныя сляды збіцця і запечанай крыві.

Пра тое, што здарылася жахлівае забойства, гаварыла ўся радня, усе людзі, якія прыйшлі на пахаванне. І гэта не дзіўна, бо доказы, як кажуць, заставаліся нават на твары нябожчыкаў. Аднак заключэнне судмедэксперта было наступным: «Смерць ад асфіксіі. Патапленне». Прычым было прызнана, што патанулі мужчыны самі. Адпаведна, у распачынанні крымінальнай справы было адмоўлена.

Суразмоўніца дае мне чытаць сведчанні відавочцаў. На лісточках, выдраных са школьнага сшытка, жыхары вёскі, хто як умеў, пішуць, што бачылі. Адны — пра тое, што ніякіх слядоў збіцця на тапельцах да гэтага інцыдэнту не было. Іншыя — што калі аднаго з мужчын сталі адкачваць, з яго палілася кроў. Трэція — што гэта не было мірнае купанне.

Пытаюся: «А чаму вы носіце з сабой гэтыя лісточкі? Чаму не аддалі следчаму?»

— Дык ён не бярэ, шпурнуў мне ўсё назад са словамі: «Забярыце свае паперкі, няма ніякай справы і няма куды мне іх складаць».

— Але ж ёсць сведкі... Што кажуць людзі, якія былі ў кампаніі з гэтым прыезджым, яны ж не маглі нічога не бачыць?

— Дык іх і не пытаў ніхто, бо справа не заведзеная.

— Але вы ведаеце, хто гэта быў, да каго прыязджаў? Чаму, па-вашаму, яго выгароджваюць?

— Мне сказалі, што гэты чалавек з Барысава і што ў яго сваяк у крымінальным вышуку працуе. Напэўна, сваяку ён і тэлефанаваў, калі зразумеў, што людзі бачылі, як ён нашых хлопцаў у ваду кінуў.

— Вы абскардзілі адмову ў распачынанні крымінальнай справы?

— Дайшла да Генпракуратуры, але пакуль дабілася толькі эксгумацыі. Яны проста здзекаваліся з мяне, калі праводзілі гэта паўторнае ўскрыццё, спадзяваліся, што я страчу прытомнасць, пайду. Усё павольна рабілі, ляніва, з жудаснымі каментарамі. «Вось цяпер, — кажуць, — будзем адкрываць чэрап твайго сына, паглядзіш на яго мазгі... Ты сама гэтага хацела...» А калі адкрылі, зноў лінула кроў. Хіба так бывае ў тапельцаў? .. Я проста не ведаю, як гэта вытрымала. Сказала толькі: «Я сына свайго абараняю, а вы каго абараняеце — забойцу, які заўтра яшчэ каго-небудзь на той свет адправіць?» Маўчалі тады... Але я не веру, што гэтая, другая, экспертыза нешта дасць. Бо тады трэба будзе здымаць пагоны з тых, хто пакрываў забойства двух чалавек. Не пойдуць яны на гэта. Што захочуць, тое і напішуць у заключэнні, — праверыць жа няма каму.

Дзеля справядлівасці скажу, што вынікаў гэтай экспертызы, праведзенай пасля эксгумацыі, яшчэ няма. Так што надзея на тое, што маці, якая страціла сына, прайшоўшы шматлікія кабінеты і дайшоўшы да Генеральнай пракуратуры, усё-ткі даведаецца, па чыёй віне ёй давялося хаваць сваё дзіця, застаецца. Але ж не кожны знойдзе ў сабе сілы выстаяць пасля такога гора, не кожны наважыцца ісці на штурм сілавікоў, не кожны наогул сцяміць, да каго ў гэтай страшнай сітуацыі кінуцца.

Зрэшты, сама жанчына не верыць, што зможа дамагчыся расследавання.

— У нас у раёне ў міліцыі добрая статыстыка, калі пачытаць раённую газету, то злачыннасць мы даўно перамаглі. А забойства яны ў сваіх паперах паспяхова спісваюць на няшчасныя выпадкі і самагубствы. Я ж чаму па інстанцыях пайшла, не вытрымала? У мяне ж і мужа забілі. Але міліцыя сказала, што сам з лесвіцы ў клубе ўпаў.

— ???

— У яго чэрап быў праламаны, і ў ране засталіся такія дробныя каменьчыкі, як ад тынкоўкі на сцяне клуба. Але міліцыя напісала, што адбыўся няшчасны выпадак. Маўляў, разбіў галаву, зваліўшыся на роўнай і гладкай лесвіцы. Якая лесвіца?! Але тады не было ў мяне сіл па інстанцыях хадзіць, дамагацца расследавання. А вось цяпер сын — і тут ужо я не магу спусціць... Што ж гэта такое, дзе мы жывем? Чаму, нават калі ўсё здарылася сярод белага дня, калі людзі бачылі, усё роўна трэба хадзіць, пісаць, плакаць, прасіць, ездзіць у Мінск, дамагацца, каб завялі справу? І ведаеце, цяпер, калі яны зразумелі, што я не адступлюся, то кажуць: «Давайце мы справу вашага сына пакінем, а лепш расследуем даўняе забойства вашага мужа». Хіба гэта не здзек?

І не думайце, што гэта толькі я з такім сутыкнулася. У нас адна жанчына пайшла на пікнік, а потым яе знайшлі павешанай у лесе. Міліцыя, вядома ж, напісала, што сама павесілася. Але пакажыце мне чалавека, які на пікнік бярэ з сабой вяроўку! Навошта? .. Але ім да лямпачкі — напісалі, спіхнулі і спакойныя. Не ведаю, як дзе, але ў нашым раёне міліцыя нічым сур’ёзным займацца проста не хоча. Яны толькі п’яных ловяць для справаздач. А самі проста ў форме прыязджаюць у краму і гарэлку закупляюць — людзей не саромеюцца. Калі ў цябе што-небудзь скралі, то трэба знайсці злодзея і за руку да іх прывесці, тады, можа быць, аформяць «раскрыццё». Вось бацькі другога загінулага хлопца і не спадзяюцца нічога дамагчыся. Яны простыя вясковыя людзі, ходзяць на магілку, плачуць... Мне кажуць: «Ты з адукацыяй, ты дамагайся. А мы куды пойдзем? Нас і слухаць не будуць». І не будуць, гэта я вам дакладна кажу, я не ў адзін кабінет са скандалам рвалася. Вы нават не ўяўляеце, як мы там, у вёсцы, жывем. Вось, я вам пра ўсё напісала...

Пачынаю чытаць лісты, спісаныя буйным акуратным почыркам школьнай настаўніцы, і выяўляю, што жанчына пра гэтае жудаснае ў сваёй штодзённасці бязмежа напісала... апавяданне.

— А чаму апавяданне? Нехта ж можа не паверыць, падумае, што вы ўсю гэтую гісторыю пра нашу цудоўную краіну выдумалі. Што гэта страшная, але мастацкая выдумка. Можа, напішам артыкул, з адрасамі, з прозвішчамі, з цытатамі з афіцыйных адказаў?

— Разумееце... Я баюся. Бо і ў хаце спаліць могуць, а потым дадуць справаздачу, што сам сабой пажар адбыўся. Вы проста не ўяўляеце, што ў нас там робіцца. А ў мяне яшчэ ёсць дзеці... Не, артыкул не трэба. Я падумаю... Потым...

Вядома, пры такіх абставінах я не магу назваць дакладны адрас нашай Кушчаўскай, хоць ад абурэння проста рукі свярбяць. Скажу толькі, што гэта Віцебская вобласць. Не ведаю, як у міліцэйскага, пракурорскага і іншага начальства, але ў нас у рэдакцыі на віцебскіх сілавікоў неяк падазрона шмат скаргаў. Дружна яны там усе жывуць — і УУС, і пракуратура, і КДБ, з вялікім разуменнем адно да аднаго ставяцца. І статыстыка ў іх добрая: злачыннасць змяншаецца. Ціхае балота...

Падзяліцца навіной: 
Святлана Калінікіна, «Народная воля»

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У «Народную волю» прыйшла жанчына, каб расказаць, як яе сына забіў сваяк міліцыянта і як яна шукала праўды.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика