Тысячы пасажыраў у нядзелю спазніліся з Маладзечна ў Мінск
03.04.2012
—
ЧП
|
Праз абрыў высокавольтных правадоў на станцыі "Мінск-Паўночны" затрымка ў руху электрычак склала 3 гадзіны – Электрычкі на Мінск адмененыя. Будуць не раней за дзевяць вечара, - у соты раз адказвала касірка абураным пасажырам. Учора, як і шмат іншых студэнтаў, я вярталася на электрычцы ў Мінск. Звычайна абіраю рэйс на 19-50: так і не вельмі рана хату пакідаю, і не надта поздна прыязджаю. Але ўжо на вакзале зразумела – хутка трапіць да Мінска не атрымаецца. Да касаў выцягнуліся даўжэзныя чэргі. – Мне знаёмы сказаў, што пад Мінскам аварыя нейкая адбылася, – кажа адзін з мужчын у чарзе. Іншы дадае: па чутках, на Мінску-Паўночным абарваўся дрот. Сам ён лічыць, што рамонт будзе не хуткім, таму адразу прапаноўвае свайму сябру зазірнуць у мясцовае кафэ на вакзале. Людзі топчуцца на месцы. Студэнты хутка бягуць на суседні аўтобусны вакзал. Я прыбягаю туды праз пяць хвілін. Перад маім носам забіраюць два апошніх квітка. Два апошнія квіткі на сённяшні дзень. – Няма яшчэ? – Няма… Можаце канешне пачакаць аўтобус з Дружнай. Ён потым будзе ў Мінск вяртацца. Але квіткі мы на яго не прадаем. Можаце пачакаць. У гадзін восем будзе. Дзесяць хвілін мёрзну на ветры. Толькі праз некаторы час разумею, што чакаю аўтобуса не там. Чарга на яго сфарміравалася ў іншым баку. І сабралося такіх як я - чалавек пад трыццаць. Надзея знікае з кожнай хвілінай.Тут жанчыне ў чарзе тэлефануюць: – Рушым на чыгунку! Электрычка будзе! Праўда пайшло толькі чалавекі тры. Нехта пажартаваў, маўляў, гэта ўсё правакацыя – першае красавіка. Але на чыгуначным падцвердзілі: цягнік будзе. Прыкладна ў гадзін дзевяць. Людзі крыху супакоіліся. Некаторыя пайшлі да шапіка з чабурэкамі і беляшамі. Малады чалавек з пляшкай у руцэ распавядаў па тэлефоне: – Прыходзь, я тут з півам. Усё адно няма чаго рабіць. Але з часам людзі ўсё-ткі разыходзіліся. Некаторыя студэнты тэлефанавалі бацькам і вырашалі ехаць на заняткі ў Мінск ранкам. Асабліва шкада было дзяўчат у кароценькіх веснавых палітончыках, што мёрзлі на пероне. Калі па гучнай сувязі паведамілі, што рэйс адкладаецца яшчэ на 15 хвілін, людзі разам гучна ўздыхнулі. Нехта лаяўся. Але, урэшце, цягніка дачакаліся. З Мінску ён прыехаў амаль пусты. Бадай, адзіныя, хто неверагодна радаваўся такой не першакрасавіцкай аварыі - гэта распаўсюднікі газет.Адзін з іх, усмяхаючыся, заўважыў, што “пакуль усё стаіць колам, газэты разлятаюцца як ніколі!”. – Лепш за піражкі! – хітравата прычмокнуў ён –А там зноў гэты Мінск Паўночны. Вечны гемарой… Зімой рэйкі клалі, і вось вясной падтаяла. Дарэчы, не ўсе супакоіліся, трапіўшы ў цягнік. У адзін з вагонаў на пад’ездзе да Мінску выклікалі нарад міліцыі. Разнімалі ашалелых гопнікаў, якія ўшасьцёх калацілі аднаго небараку ў тамбуры. Чатыры гадзіны спатрэбілася людзям на тое, каб трапіць з Маладзечна ў Мінск, хоць звычайна такі маршрут адымае ўдвая менш часу.
Афіцыйны каментар нам даў намеснік начальніка Мінскага адзялення Беларускай чыгункі Алег Меньшыкаў: У 17-55 на адрэзку “Ждановічы” – “Мінск-Пасажырскі” адбыўся разрыў кантактнага дроту. У межах трох гадзін адбываўся рамонт. На сённяшні дзень, асноўныя рух на гэтым прамежку – гэта электрычныя цягнікі. Мінскім адзяленнем было зроблена ўсё, каб рушыць іх пры дапамозе манеўровых лакаматываў да Ждановіч. Затрымка была. У накірунку на Маладзечна ў нас заўседы былі падвязаныя дызель-цягнікі у напрамку Ліды. Яны чакалі пасажыраў і дастаўлялі іх ў гэтым накірунку. Сёння працуе камісія, якая выяўляе прычыну парушэння тэхнічнага стану транспартных сродкаў. Ксенія Ельяшэвіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праз абрыў высокавольтных правадоў на станцыі "Мінск-Паўночны" затрымка ў руху электрычак склала 3 гадзіны
|
|