"Галандскі муж пырнуў Кацю нажом і кінуў паміраць у шафе"
11.09.2012 16:10
—
ЧП
|
“Галандскі муж пырнуў Кацю нажом і кінуў паміраць у шафе” Амаль пяць гадоў нідэрландскі суд не можа пакараць забойцу беларускі. "Еўрарадыё" даведалася пра невядомыя раней акалічнасці гучнай справы.
Кацярыну Ханяк забілі больш за чатыры гады таму - 13 красавіка 2008 года. Здарылася непапраўнае ў нідэрландскім горадзе Баарле-Насаў. І адзіны падазраваны - былы муж беларускі. “Роберт пырнуў яе нажом у сцягно. А потым склаў у скрыню, заліў мантажнай пенай, і ўсё… Можа быць, чалавек сцякаў крывёю і жыўцом паміраў, - апісвае трагедыю Надзея Ханяк, сястра забітай Кацярыны. - Пра гэтыя акалічнасці падчас апошняга тэлефанавання нам паведамляў адзін з паліцэйскіх”. Калі Кацярына загінула, Роберт Брокель уцёк у ЗША і праз пэўны час быў затрыманы ў адным з аэрапортаў. Паводле рашэння суда яго двойчы змяшчалі пад варту, але адвакаты дамагаліся вызвалення. Брокель, калі пазнаёміўся з беларускай, займаўся ў Нідэрландах ценявым бізнесам - утрымліваў бардэлі. А сваякам беларускай жонкі распавядаў, што валодае начным клубам. Надзея Ханяк узгадвае "Еўрарадыё" пра тое, як сястра пабралася шлюбам з замежнікам: “Спачатку яны распісаліся, а праз паўтара года павянчаліся. Я сама была на вяселлі і ўсё гэта бачыла на ўласныя вочы. Жаніх як жаніх. Падавалася, што нармальны звычайны мужчына. Людзей на вянчанні было няшмат - чалавек 20. Патанцавалі, пагулялі, і аб 11 гадзіне разышліся ўсе спаць”. На той час у Роберта і Кацярыны ўжо расла дачка Ніколь. Грошай было - хоць рыдлёўкай выграбай. Пра такую сям’ю, відаць, мараць многія беларускі. “Першапачаткова ўсё было добра. Ён яе кахаў. Было відаць, як добра ён да яе ставіўся, - кажа Надзея Ханяк. - Усё, што хацела, ён ёй даваў. Але з часам яна стала жыць, як у залатой клетцы. Ён ёй нічога не дазваляў. Нават прыязджаць у Мінск, і каб прыязджалі мы”. Такі лад сямейнага жыцця напружваў Кацярыну маральна. Прыехаўшы аднойчы ў Беларусь, яна пазнаёмілася са звычайным хлопцам Максімам. Здарыўся раман. Пазней Максім пад выглядам брата Кацярыны сам выправіўся ў Баарле-Насаў і некаторы час жыў у доме Брокеляў. Ці жывы-здаровы гэты Максім, ці выкрыў Роберт спецыфічныя адносіны жонкі і яе “брата” - невядома. Падазраваны зрабіў парнаграфічныя здымкі з дачкой Ніколь? “Сварыцца з Робертам яны пачалі за пару месяцаў да смерці. Каця скардзілася, што муж пачаў цягаць яе па параклубах, дзе абменьваюцца партнёрамі, - працягвае Надзея Ханяк. - Аднойчы яны пайшлі ў такі клуб, і яна адмовілася спаць з яго сябрам. Роберт зладзіў ёй дома скандал. І ледзьве не задушыў, але дзіцё заступілася за маму”.
Рэцыдыў усё ж такі здарыўся. 13 красавіка бездапаможную Кацярыну Ханяк склалі ў скрыню і залілі ці то мантажнай пенай, ці то будаўнічай сумессю. Скрыню паставілі ў шафу маленькай Ніколь. Іншых падазраваных, акрамя Роберта Брокеля, няма. Але нідэрландзец наняў элітных адвакатаў і дагэтуль знаходзіцца на волі. Адвакаты патрабуюць зняць з кліента абвінавачванні з-за недаказанасці складу злачынства. А эксперты працяглы час не маглі высветліць прычыну смерці.
Выйшла яшчэ адна недарэчнасць: дом, дзе забілі Кацярыну, стаіць на мяжы Нідэрландаў і Бельгіі. Гэта ўскладніла следства. Пасля даследавання ноўтбука Роберта Брокеля праваахоўнікі абвінавацілі яго і ў прадукаванні дзіцячай парнаграфіі. На вынятых з камп’ютара фотаздымках - яго дачка Ніколь.
Згодна з законам, дзяўчынка цягам следства не павінна камунікаваць з бацькам. Але жыве яна з галандскімі бабуляй і дзядулем. Родных сясцёр Кацярыны нават не запрасілі на пахаванне Паводле паведамленняў галандскіх медыя, Роберта Брокеля ў дадатак да ўсяго названага абвінавачваюць і ў транспарціроўцы наркотыкаў: разам з сябрамі ён спрабаваў перавезці ў Нідэрланды тры кілаграмы какаіну. Але і гэтага, як відаць, недастаткова, каб упячы Брокеля за краты. Грошы і добрыя адвакаты вырашаюць праблемы. У беларускіх жа сясцёр Кацярыны грошай няма. У Надзеі і Алены (старэйшай сястры) нават не спыталіся, дзе пахаваць іх блізкага чалавека. Рэшткі цела нашай суайчынніцы атрымалі спачын у Нідэрландах. Сясцёр абурае, што ім пра гэта нават не паведамілі, а на надмагільным помніку не пазначылі даты нараджэння і смерці.
Сёстры атрымалі толькі адну афіцыйную паперу з Нідэрландаў, у якой апавядаецца, што судовыя пасяджэнні пераносяцца. У гэтым дакуменце назву нашай краіны “Беларусь” пераблыталі з “Расіяй”. Усе акалічнасці схіляюць Надзею Ханяк да думкі, што пра справядлівы вынік следства ў справе забойства яе сястры амаль ніхто не дбае. Надзея Ханяк: “Чаго мне сёння па-сапраўднаму хочацца - гэта пабачыць сваю пляменніцу Ніколь, даведацца, як яна жыве, што ёй расказвалі. Хачу, каб яна ведала, што ў яе ёсць цёці, якім яна можа ў кожную хвіліну даверыцца. Калі можа, каб прыехала да нас у Мінск. Ці мы да яе паедзем. Хачу, каб яна ведала пра нас і ёй не казалі, што ў яе засталіся толькі бабуля і дзядуля. А яшчэ я хачу, каб яна даведалася ўсю праўду пра свайго бацьку: які ён ёсць насамрэч…” Яшчэ фота:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль пяць гадоў нідэрландскі суд не можа пакараць забойцу беларускі. Еўрарадыё даведалася пра невядомыя раней акалічнасці гучнай справы.
|
|