Загадчыца лепельскай крамы кінулася ў пагоню за злачынцамі, якія не разлічыліся за спіртное. І цікава, што яны, уцякаючы ад рашучай дамы, паспелі выпіць віно, якое ў народзе называюць "чарніла".
- У сярэдзіне працоўнага дня зайшлі ў краму два пакупнікі. На выгляд цвярозыя, па ўзросце - сярэдніх гадоў. Яны хацелі ўзяць віно, але грошай не мелі. Схапілі па бутэльцы і ўцяклі. Я імгненна прыняла рашэнне дагнаць іх. Тады не баялася нічога. Як так: прыйсці ў краму, не заплаціць і пайсці беспакарана? - расказвае Таццяна Волкава, загадчыца крамы раённай спажывецкай кааперацыі №2 Лепеля.
Жанчына расказала, што бегла за злачынцамі прыкладна кіламетр. Затрымаць мужчын ёй дапамог чалавек, які жыве недалёка ад крамы. Ён убачыў, што адбываецца, і таксама пабег даганяць злодзеяў.
- Не, я крычала не "дапамажыце", а "спыніцеся"! А Мікалай Залатуха мне дапамог іх затрымаць. Ён, дарэчы, былы міліцыянер. Калі дагнаў, сваім камандным голасам загадаў мужчынам спыніцца, - працягвае гераіня.
Як потым высветлілася, два злодзеі ўжо неаднаразова судзімыя.
Таццяна Волкава за свой геройскі ўчынак атрымала ўдзячнасць асабіста ад Ігара Яўсеева, начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
Па традыцыі напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ва ўпраўленні ўшаноўваюць тых, хто дапамог міліцыі ў працы. Віцебшчына стала першым рэгіёнам, дзе вось ужо шосты год запар падводзяць вынікі акцыі "Грамадзянская мужнасць" у некалькіх намінацыях. Сёлета - "За смеласць і рашучасць", "За неабыякавасць", "За кемлівасць і знаходлівасць".
- Мне прыемна, што на тэрыторыі не толькі Віцебска, але і райцэнтраў людзі неабыякавыя да фактаў парушэння закону. Сярод іх нямала прадстаўнікоў моладзі, жанчын. Не толькі асабіста ім кажам дзякуй, а і пішам лісты ў працоўныя калектывы, ВНУ і гэтак далей, каб пра іх грамадзянскую мужнасць ведалі калегі, аднакурснікі, - расказвае Ігар Яўсееў.
За шэсць гадоў больш як 300 чалавек прыйшлі на дапамогу іншым людзям у цяжкую хвіліну.
Загадчыца лепельскай крамы кінулася ў пагоню за злачынцамі, якія не разлічыліся за віно. І цікава, што яны, уцякаючы ад рашучай дамы,...