Жыхары адселенай з-за радыяцыі вёскі Жаркі пра сваё жыццё ў зоне: Мы і ў свята ў самоце
29.12.2015 18:10
—
ЧП
|
У Касцюковіцкім раёне ў вёсцы Жаркі жывуць трое чалавек. Паселішча — у зоне з перыядычным радыяцыйным кантролем. Рэйсавы аўтобус у вёску скасаваны. Аўталаўка прыязджае сюды два разы на тыдзень. Харчы, наракаюць людзі, дарагія. Да райцэнтру – болей за тры дзясяткі кіламетраў. Адна з жыхарак Жаркоў сямідзесяцішасцігадовая баба Вольга звыкла завіхаецца на падворку хаты, хоць і старой, але на трывалай падмуроўцы. Згорбленая кабета спрытна упраўляецца з двума ладнымі парсюкамі. На пытанне журналіста, як жывецца старой у адселенай вёсцы, тая адказвае з хітраватай усмешкаю, без роздуму: «Дый памаленьку. Далёка ад людзей, а што паробіш». Першыя хвіліны знаёмства гаворым праз вароты. Адчудшы, што прыезджыя не уяўляюць небяспекі, старая нетаропка адкручвае ланцуг і адчыняе браму, адганяючы ад яе свіней. «Выехаць у горад? А каму я там патрэбная», — кажа баба Вольга і дадае, што дзяцей у яе няма. «А як тут з радыяцыяй?» — пытаю. «Радыяцыя? — перапытвае кабета. — Ну, пэўна, была. Людзей адсялілі, вядома ж. У суседняй хаце жывуць тут акрамя мяне яшчэ мужык ды баба. Нам тут ня боязна. У мяне пляменнікі ёсць і дочкі ёсць, адна і другая. Яны дапамагаюць». «Дык вы ж кажаце, што нікога ў вас няма?» «Дык што, я незнаёмцу — і адразу праўду мушу казаць? Мо вы з адкуль прыехалі… Думаю, ня буду адразу праўды казаць», — смеючыся адказвае на пытанне журналіста вяскоўка. «Мне тут ня сумна. У мяне сабакі ёсць. Брэшуць. А калі брэшуць — дык чалавек ідзе. Суседка штодня прыходзіць. Пасядзім, пагамонім і пойдзе. Тэлевізар глядзім. Я учора глядзела свята расейскіх пажарнікаў па расейскім тэлебачанні». За многія гады баба Вольга прызвычаілася адзначаць навагоднія святы гэтак жа, як і жыве — у самоце. «Саджуся за стол адна. Сто грамаў вып’ю. Правяду стары год, а потым сустрэну новы. Свой сустрэну, а потым расейскі», тлумачыць суразмоўніца. Прызнаецца баба Вольга, што дочкі клікалі яе да сябе, але яна не паехала да іх. Вырашыла, што застанецца ў сваёй вёсцы. «А што я да іх паеду? Яны жылі ў інтэрнаце, а сёлета далі ім кватэру. А што, думаеце, задарма? Ім за яе столькі грошай трэба заплаціць. Да прыпадку. Свіней гадую для сябе і дочкам. Сумна бяз справы сядзець. Тапчуся тут во, дык і трымаю іх, як той казаў, трэба рухацца болей», — удакладняе баба Вольга. Да пенсіі яна адпрацавала ў калгасе. Кажа: «Кароў даіла. І цялят глядзела. Дый і так хадзіла. Бацька наш загінуў на вайне. Грошы атрымлівалі за яго». Суседзі бабы Вольгі таксама старыя, як і яна. Дзеду Васілю восемдзесят гадоў. Жонка маладзейшая за яго на пяць гадоў. Абодва хворыя. У жанчыны адымаюцца, як яна кажа, рука і нага. Ходзіць з кійком. У дзеда Васіля анкалогія. Ён амаль што глухі, але трымаецца малайцом. На варотах у іхны падворак шыльда: «Дом сацыяльных паслугаў». Дагрукацца да старых няпроста. Дапамагае сабака, які ажно заходзіцца ад брэху. Дзед Васіль запрашае журналіста ў хату. Абстаноўка ў ёй па-старэчы простая. «Як самотнікі жывем. Каб ня гэтая хата, дык не было б дзе жыць. Нашто нам ехаць да дзяцей, хто ж гэта любіць старых? Адны тут сядзім. Два разы на тыдзень машына да нас прыязджае», — пачынае гутарку дзед Васіль. «Ці мы адны гэтак жывем? — дадае ягоная жонка. – Дачка нашая ў Касцюковічах жыве, а сын у Магілёве. Ні ў каго не дазваляе жылплошча нас забраць. Мы б, мо, і з задавальненнем выехалі адсюль, але дзецям трэба дапамагаць». «Ды вакол жа радыяцыя. Тут яе шмат. Людзей жа выселілі», — дапаўняе жонку Дзед Васіль. Таварам, які прывозіць аўталаўка, жыхары Жаркоў не задаволеныя. «Што ў райцэнтры ня трэба, тое сюды вязуць», — пераказвае агульнае меркаванне трох вяскоўцаў Дзед Васіль. «Кілбаскі прывязуць па 45 тысяч за кілаграм. Гэта камерцыйная цана. Самая дарагая, відаць. Я неяк запытаўся: «Што вы мне сюды адну дарагавізну везяце? Што ім даюць, тое сюды вязуць. Выбару ў гэтай краме няма ніякага», падсумоўвае стары. Раней раз на тыдзень праз Жаркі хадзіў аўтобус. Рэйс скасавалі. «Цяпер нам трэба ў Касцюковічы пешшу дабірацца. Гэта як было да вайны і пасля вайны. Сорак кіламетраў ісці трэба да раёну. У нас адабралі аўтобус, — наперабой даводзяць крыўду на раённую уладу старыя. – Калі ў нас было на пяць жыхароу болей, дык хадзіў аўтобус. А як паменела, дык і забралі аўтобус у нас». Дзед Васіль пісаў скаргу ў райвыканкам. Прасіў аднавіць рэйс, але толку, як кажа, не дабіўся. «Раней можна было скардзіцца, а цяпер трэба на каленкі станавіцца і прасіць начальства. Я ім пісаў: дык вы сумленне майце! Я пасля вайны з торбачкаю хадзіў у Касцюковічы, і што цяпер трэба хадзіць? Семдзесят гадоў мы пражылі, і вайны няма, дык сорамна ж!» — апавядае вясковец. Ягоная жонка удакладняе: «І усё горш і горш робіцца». Дзел Васіль адпрацаваў 24 гады ветэрынарам. Ён сцьвярджае, што ў вайну фашысты загналі яго ў Нямеччыну. Потым працаваў у данецкіх шахтах. Ягоная жонка больш за дваццаць гадоу адрабіла сакратаром у сельсавеце. «Ці думалі мы, — наракаюць старыя, — што свой век будзем дажываць гэтак у самоце». На пытанне, ці наведваюцца ў іхнюю вёску злодзеі, дзед Васіль адказвае, што такое бывае. «У нашай суседкі, Вольгі, — даводзіць ён, – два гады таму хапанулі парсюка кілаграмаў на восемдзесят. На Браншчыну спісалі. Яна ад нас — тры кіламетр. Кажуць, з таго боку паляўнічыя палявалі на зайцоў, ці ваўкоў — ды ў полі нічога ня выйшла, дык пацягнулі з хлеўчука. Выклікалі міліцыю. След машыны павёў у бок Браншчыны, дык сказалі: «Мы ж туды не паедзем». Старыя доўга апавядалі пра сваё жыццё. Штораз выбачаліся за гаварлівасць. Апраўдваліся, што даўно не даводзілася выгаварыцца. Правялі да брамкі. На развітанне папрасілі прыязджаць зноў, бо сумна адным. Па апусцелай вёсцы праводзілі з брэхам сабакі. Адагнаўшы незнаёмца, разбегліся па хатах. Баба Вольга доўга глядзела ўслед журналісту, стоячы ля сваёй хаты. Пры дарозе, куды пад’яждае аўталаўка, дзед Васіль змайстраваў будку. У ёй вяскоўцы, чакаючы танных харчоў, хаваюцца ад непагадзі. У 1943 годзе фашысты спалілі 60 двароў у Жарках. Па вайне вяскоўцы іх адбудавалі. Цяпер адзінкі ацалелых двароў безь людзей развальваюцца. Непадалёк разбураюцца і рэшткі фермы… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Мы і ў сьвята ў самоце», — жыхары адселенай праз радыяцыю вёскі Жаркі пра сваё жыцьцё ў зоне На усходзе Беларусі, у Чарнобыльскай зоне, нямала вяскоўцаў...
|
|